Вы тут

...Паміж жыццём і смерцю


Пляшкі, лыжкі, кубкі, фотаздымкі родных, лекі, сродкі гігіены, харчовыя пайкі і нават прадукцыя сусветна вядомых брэндаў... Чаго толькі не было ў акопах і кішэнях салдат розных армій!

Унікальная экспазіцыя прадметаў, якія належалі салдатам ваенных падзей XX стагоддзя, размясцілася ў Беларускім дзяржаўным музеі гісторыі Вялікай Айчыннай вайны. «Падарожнічаючы» па музейных установах нашай краіны, маштабны беларуска-шведскі праект «Рэчы паміж жыццём і смерцю» зрабіў тут прыпынак да 25 студзеня.

6-25

— Экспазіцыя дастаткова маладая, — расказвае куратар выставы, загадчык сектара музея Валерый НАДТАЧАЕЎ. — Упершыню яе прэзентавалі ў шведскім Музеі Арміі (Стакгольм) у 2010 годзе. Турб'ёрн Ленскуг — энтузіяст, калекцыянер, што прыдумаў сабраць рэчы, якімі карысталіся салдаты розных краін у акопах Першай і Другой сусветных войнаў, В'етнамскай вайны і нават узброеных канфліктаў канца ХІХ стагоддзя. Тон усёй экспазіцыі задаюць прадметы з Заходняй Еўропы, ЗША і Японіі. Філасофскі сэнс выставы ў тым, каб паказаць, што салдат на вайне заўсёды знаходзіцца паміж жыццём і смерцю. Як і рэчы, якія яго суправаджаюць.

Больш за тысячу самых розных прадметаў складаюць экспазіцыю выставы. Усё што заўгодна можна было знайсці ў кішэнях і рэчмяшках нямецкіх, амерыканскіх, англійскіх, французскіх, японскіх і іншых вайскоўцаў. На выставе — усяго некалькі рэчаў, якія належалі рускім салдатам. Экспанатаў беларускага паходжання адшукаць не давялося.

Адразу кінулася ў вочы шыкоўная калекцыя пляшак. Самыя розныя па форме і памеры, зробленыя са шматлікіх матэрыялаў. Нямецкія пляшкі перыяду Першай сусветнай вайны алюмініевыя. Некаторыя — са спецыяльнымі кубкамі. Пляшка французаў адрозніваецца наяўнасцю дзвюх гарлавін: у адну ёмкасць можна было наліваць два віды напояў. Англійскія — зроблены са сталі, што сведчыць аб наступленні: брытанцы былі багацейшымі напярэдадні гэтай вайны. Праўда, кубкаў для піцця тут ужо няма, затое ў спецыяльныя чахлы запакавана нешта накшталт шклянак.

6-28

— Мала хто ведае, што ў Першую сусветную вайну руская армія ўвайшла ў тым ліку і са шклянымі пляшкамі, — працягвае Валерый Мікалаевіч. — Аднак хутка ад іх адмовіліся, паколькі падчас баявых дзеянняў яны пераўтвараліся ў небяспечны элемент. Такім чынам, сама вайна дыктавала ўмовы для мадэрнізацыі, удасканалення пэўных прадметаў, што вельмі добра адлюстравана на выставе.

Нельга не заўважыць і пераемнасць некаторых ідэй у армій розных краін. Найбольш яскравы прыклад — плакат дзядзькі Сэма, які ў 1917 годзе быў напісаны амерыканскім мастаком Джэймсам Мантгомеры Флэгам. Яго тыраж склаў амаль чатыры мільёны паасобнікаў, таму шведскаму калекцыянеру знайсці гэты плакат было не складана. На ім паказаны дзядзька Сэм, які заклікае амерыканцаў уступаць у армію. Але што цікава: Флэг тут не быў вынаходнікам. У 1914 годзе англійскі мастак Альфрэд Літ намаляваў падобны плакат, дзе брытанскі лорд Кітчынер выступае з прызывам уступаць у брытанскую армію. З той жа оперы — і знакаміты плакат савецкага мастака Дзмітрыя Маора «Ты запісаўся добраахвотнікам?» (1920 г.).

6-27

Як вядома, баявыя дзеянні адбываліся не толькі на сушы, але і на вадзе. Цікавыя экспанаты — выратавальныя сродкі, якія выкарыстоўваліся, калі чалавек заставаўся адзін на адзін з воднай стыхіяй. Напрыклад, паветраны змей, прызначаны для таго, каб той, хто апынуўся ў такой сітуацыі, мог звярнуць на сябе ўвагу. Калі ты будзеш махаць рукамі, цябе могуць не заўважыць. А вось калі ў паветра падымецца змей, расфарбаваны ў яркія колеры, шанцаў на тое, што цябе ўбачаць, больш. Менавіта пасля Другой сусветнай вайны паветраны змей пачаў выкарыстоўвацца як забаўка.

6-26

— Паміж ваеннымі дзеяннямі былі і перапынкі: як вядома, у дні вайны ёсць хвіліны цішыні, — гаворыць куратар выставы. — І ў гэты час салдаты чымсьці займаліся: удасканальвалі сваю баявую падрыхтоўку, гулялі ў карты, маліліся кожны свайму Богу, лячыліся, галіліся... І гэтыя справы суправаджаліся пэўнымі прадметамі.

Напрыклад, шматлікімі слоікамі і шклянкамі з гарбатай і нават кавай. Прыгожыя ўпакоўкі адразу звяртаюць на сябе ўвагу. Тут жа — і знакамітыя кубікі «Магі». Праўда, у іншай абгортцы.

— Значыць, пакуль нашы салдаты задавольваліся лустай хлеба і кубкам звычайнай вады, англічане і французы пілі гарбату? — не стрымалася я.

— Магчыма, яно і так, але мала хто ведае, што ў вайне 1812 года ў кожнага французскага вайскоўца былі прыборы для індывідуальнага прыгатавання ежы, а ў рускіх салдат — нават свае кухні, дзе цэнтралізавана гатавалі якасную гарачую ежу. І невядома, што ў дадзеным выпадку лепшае, — упэўнены субяседнік. — А што тычыцца савецкіх пайкоў у Вялікую Айчынную, то па каларыйнасці яны ніколькі не саступалі пайкам іншых армій.

І гэта нягледзячы на тое, што нашы саюзнікі харчаваліся даволі нечаканымі для таго часу прадуктамі. Напрыклад, у аварыйны паёк амерыканскага салдата ўваходзілі шакаладны напітак, арэхавы рулет, батончык, жэле, жавальная гумка, кава «Nescafe», лімонны сок, бляшанкі са свінінай, арахісавым маслам, крэкеры, цукеркі... Запівалі ўсё гэта, відаць, «Кока-Колай» і «Фантай» — бо што на стэндзе сярод салдацкага харчу робяць бутэлькі з-пад гэтых знакамітых напіткаў? Выглядалі, праўда, яны па-іншаму. Аднак брэнд ёсць брэнд. І як ні дзіўна, з'явіўся адзін з іх якраз на пачатку Другой сусветнай вайны. Да яе ўсе немцы пілі «Кока-Колу», але ў сувязі з ваеннымі дзеяннямі краіны антыгітлераўскай кааліцыі продаж гэтага напітку спынілі. Перад немцамі паўстала пытанне: што ж піць? І тады кіраўнік філіяла «Кока-Колы» ў Германіі прапанаваў хімікам распрацаваць нешта падобнае да любімай вадкасці. Так з'явілася знакамітая «Фанта».

Асобна прадстаўлены сродкі сігналізацыі і апавяшчэння. Тэлефон, тэлеграф, сігнальны пісталет, шматлікія свісткі і нават галубіная трубка, якая падвязвалася да лапак паштовых галубоў. Малавядомым з'яўляецца факт, што голуб пад нумарам 888 пасмяротна быў удастоены звання палкоўніка англійскай арміі і пахаваны з воінскай пашанай у гады Першай сусветнай вайны. Французы, у сваю чаргу, свайго голуба ўзнагародзілі залатым медалём, за тое, што ён, паранены, даставіў вестку па прызначэнні.

На выставе адлюстравана і тэма правядзення вольнага часу: калі салдат мог выпіць чарку віскі або кубак шнапсу, згуляць у карты або даміно, скласці пазлы. Ва ўсіх арміях свету былі веруючыя людзі. І калі была вольная хвілінка, кожны маліўся свайму Богу. Аб гэтым сведчаць шматлікія нацельныя крыжыкі, рэлігійныя кнігі, той жа «Новы Запавет». Трэба адзначыць, што сярод рэлігійных рэчаў пераважаюць прадметы польскага паходжання.

Асобнае месца прысвечана сродкам гігіены. Ласьёны для валасоў, зубныя шчоткі, растворы для паласкання рота, люстэркі, станкі для галення, грабеньчыкі для вычэсвання вошай, крэмы, памады... Вядома, бо на вайне былі і жанчыны. І як заўсёды яны імкнуліся выглядаць прывабна.

Наўрад ці савецкі салдат мог пахваліцца наяўнасцю такой колькасці медыцынскіх сродкаў нават у палкавой аптэчцы. Жгут, вата, ёд, бінт, лейкапластыр, аспірын, сродкі ад насякомых, парашкі ад вошай, шпрыц для падскураных ін'екцый, набор для аказання першай дапамогі пры ўкусах змей... Некаторыя экспанаты проста ўражваюць: сонцаахоўныя акуляры знакамітай маркі «Рэй-Бэн», ваенны горн, маршавы барабан, латарэйныя білеты, аблігацыі, грамафон, пласцінкі, у тым ліку з кампазіцыямі вядомага амерыканскага трамбаніста Глена Мілера.

— Вітрыны, на якіх прадстаўлены амерыканскія экспанаты перыяду Другой сусветнай вайны, сведчаць аб высокім узроўні развіцця краіны, — перакананы Валерый Надтачаеў. — У першую чаргу, што тычыцца камфорту. Вядома, гэта абумоўлена не тым, што кіраўніцтва клапаціліся пра сваіх салдатаў. Так, амерыканскія салдаты Другой сусветнай вайны былі лепш эпікіраваныя, але і ЗША знаходзіліся ў лепшым становішчы. Іх ніхто не бамбіў, не рабаваў, яны не галадалі.

Адным словам, рэчы, прадстаўленыя на выставе, сімвалізуюць розніцу паміж жыццём і смерцю, паказваюць сутнасць ваеннага жыцця, дзе ёсць месца не толькі смутку, але і радасці. Вельмі цікава даведацца пра гісторыю гэтых прадметаў, падзей, у якіх яны прысутнічалі як нямыя сведкі.

Вераніка КАНЮТА.

Фота Сяргея НІКАНОВІЧА.

Выбар рэдакцыі

Жыллё

Па якіх крытэрыях дамы ўваходзяць у праграму па капрамонце?

Па якіх крытэрыях дамы ўваходзяць у праграму па капрамонце?

Пра ўсе тонкасці правядзення капітальнага рамонту расказалі спецыялісты.

Рэгіёны

Самы працяглы ўрок гістарычнай праўды і сяброўства

Самы працяглы ўрок гістарычнай праўды і сяброўства

Удзельнікі «Цягніка Памяці» папярэдніх гадоў дзеляцца сваімі ўражаннямі ад праекта.

Экалогія

Якія прагнозы на лета робяць метэаролагі?

Якія прагнозы на лета робяць метэаролагі?

Тры месяцы суцэльнай спякоты нам не абяцаюць

Гараскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

У пачатку тыдня да Ракаў могуць падступна падкрасціся трывогі і сумневы.