Вы тут

Пад ветразем калыскі


Калыханка — першы падарунак дабрыні і любові

Нашым продкам выхоўваць дзяцей дапамагалі калыханкі, забаўлянкі, пацешкі, лічылкі, дражнілкі, народныя гульні. Прыклады такой літаратурнай творчасці можна ўбачыць у народным музеі «Вытокі» Лойкаўскай сярэдняй школы Гродзенскага раёна, у раздзеле «Фальклор жыхароў нашай мясцовасці». Тут размешчаны і звесткі пра носьбітаў «народнай педагогікі» — старажылаў, пакуль яшчэ жывых сведак гісторыі, што захавалі і збераглі творы, якія ўвабралі ў сябе ўсе адценні матчынай пяшчоты, ласкі, беражлівых і любасных адносін да малога дзіцяці. Вяскоўцы кажуць, што, чакаючы дзіця, яны рыхтавалі яму ўтульнае і бяспечнае месца, дзе б яно магло набірацца сіл, падрастаць, загартоўвацца.

6-11

Сярод экспанатаў музея — узоры калысак, якія выраблялі вяскоўцы для сваіх маленькіх сямейнікаў. Гэта класічная калыска на зыбцы, якая падвешвалася пад столлю, калыска-абруч, абгорнутая белым палатном, лазовая пераносная калыска. Самай распаўсюджанай у нашай мясцовасці была калыска — вісячы ложак, які лёгка і плаўна пагойдваўся, калі маці калыхала дзіця.

Старажылы расказваюць, што калыска ратавала дзіця ад многіх непрыемнасцяў. Яна лёгка пазбаўлялася вільгаці, якую хутка прапускала салома і пры гэтым не псавалася. У калысцы, побач з ложкам, дзіця заўсёды было пад наглядам, нават ноччу маці магла скалыхнуць яго, праверыць рукой, ці не раскрылася яно, ці не трэба замяніць пялюшкі. Разам з тым малое было ахавана ад трагічных выпадковасцяў, якія часам здараліся, калі маці клала яго з сабою ў ложак і моцна засынала.

Маці магла быць побач з дзіцем, калыхаць яго і адначасова выконваць жаночую работу: прасці, вышываць, ткаць. У нашай мясцовасці традыцыйна з боку ложка да калыскі мацавалася спецыяльная почапка, каб можна было калыхаць нагой.

З калыскай звязана ў нашых продкаў шмат павер'яў і абрадаў, напрыклад такія:

Лічылася, што калыску павінны рабіць староннія людзі.

 Новую калыску абкурвалі асвечанымі зёлкамі і ставілі так, каб не траплялі на яе промні сонца і месяца: іначай дзіця не будзе спаць.

 Нельга было калыхаць пустую калыску, каб не наклікаць хваробу.

 Ніколі не рабілі калыску з асіны, каб не наклікаць нячыстую сілу.

 Пад калыску клалі вострыя прадметы, часцей іголку, хлеб, соль, каб абараніць дзіця ад нядобрых вачэй.

 Калыску не спальвалі. Па вераваннях нашых продкаў, гэта магло выклікаць бясплоднасць жанчыны. Калыска, зробленая з моцнага дрэва, захоўвалася каля 200 гадоў.

У бяднейшых сем'ях ужываўся найбольш просты від калыскі, які ўяўляў сабой кусок палатна, што нацягваўся на драўляную раму. У сям'і жыхара нашай мясцовасці С. Друця было трое дзяцей. Люльку, якая ўзгадавала ўсіх яго дзяцей і старэйшых унукаў, ён перадаў нашаму музею. Яе, як сцвярджае майстар, зручна было браць у поле, дзе, як правіла, такую калыску падвешвалі на трыножак, абгарнуўшы паверх абрусам, посцілкай ці звычайнай спадніцай. Лёгкі штуршок — і калыска плавала ці то ў хаце, ці то ў полі, нібы чароўная лодка. А маці спявала калыханку:

А‑а, а‑а, люлі,

Усе куркі паснулі,

Адзін коцік не спіць,

Будзе казку гаварыць…

Пад ветразем калыскі плыла калыханка ў светлы сон, і дзіця спакойна, без плачу, засынала.

Юнымі даследчыкамі аб'яднання «Ветразь», што працуе пры музеі «Вытокі», запісана ад старажылаў нашай мясцовасці звыш за 100 калыханак. Галоўным персанажам большасці з іх быў кот. Пэўна таму, што ката трымалі ў кожнай вясковай хаце, з гэтай жывёлай упершыню знаёмілася дзіця. Кот — жаданы госць у хаце, памочнік маці: яго клічуць калыхаць дзіця, ласкава называючы каток, коця, коцік, каточак.

Прыйдзі, прыйдзі, коця,

У шэранькай капоце,

Стасік спацькі хоча.

У такіх калыханках падкрэсліваецца клапатлівае стаўленне ката да дзіцяці. Ён «бегае на таржок, купіць піражок», «бяжыць на вулку купіць булку».

Праз учынкі ката выхоўваюць у дзяцей самыя простыя навыкі, даюцца павучанні, як трэба сябе паводзіць.

Не лезь, коцік, на конаўку —

Разаб'еш галоўку.

Будзе галоўка балець,

І некаму будзе жалець.

Сярод іншых жывёл, якія ўзгадваюцца ў калыханках, — бычок, зайка, куры, ваўчок.

А‑а, люлі, люлі,

Куры ўсе паснулі.

Трэба курам чаго даць:

Ці жменечку жыта,

Ці гароху троху.

Кожная маці пры люлянні, супакойванні дзіцяці па-свойму спявае песню любові немаўлятку, суправаджаючы яе ёй адной уласцівымі словамі, гукамі, іншымі праявамі пачуццяў. Іх спявалі дзіцяці яшчэ тады, калі яно не разумела слоў. Праз калыханкі дзіця атрымлівала першыя ўяўленні аб навакольным свеце. Часам такія песенькі спявалі самі дзеці для сваёй забавы, навучаныя гэтаму дарослымі.

Кот — жаданы госць у хаце, памочнік маці, яго клічуць калыхаць дзіця, ласкава называючы каток, коця, коцік, каточак.

Як мы бачым, калыханка — першы і найкаштоўнейшы падарунак дабрыні і любові ў час маленства, важны сродак фарміравання духоўнага свету дзіцяці. Як сцвярджаюць старажылы, раней у нашай мясцовасці калыханкі называлі байкамі ад слова «баяць», што азначае гаварыць, шаптаць штосьці неверагоднае. Магчыма, ад гэтага дзеяслова паходзіць і прыпеў да калыханак «Баю-бай».

Баю-баю, люлюшкі!

Прыляцелі гулюшкі…

Баю-баю-баю,

Не лажыся з краю,

Прыйдзе серанькі ваўчок,

Схопіць цябе за бачок…

Штодзённая патрэба ў калыханках прадвызначала іх жыццёвасць і актыўнае бытаванне не толькі ў мінулым, але і ў наш час. Праходзяць гады, мінаюць стагоддзі, аднак пяшчота да маленькага чалавека не знікае, застаюцца клопаты аб яго выхаванні, матчына любоў, якая ідзе з глыбіні сэрца. І сёння пад ветразем калыскі плыве неўміручая песня матчынай любві, пяшчоты, і міжволі думаеш: можа быць, вось з такой калыханкі, з яе самай простай і самай геніяльнай на зямлі мелодыі і пачынаецца чалавек.

Марыя Храмлюк.

Выбар рэдакцыі

Гараскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

У пачатку тыдня да Ракаў могуць падступна падкрасціся трывогі і сумневы.

Здароўе

Як працуюць санаторныя школы-інтэрнаты для дзяцей, хворых на скаліёз?

Як працуюць санаторныя школы-інтэрнаты для дзяцей, хворых на скаліёз?

Па статыстыцы на пяць хворых дзяўчынак прыходзіцца толькі адзін хлопчык.

Рэгіёны

У якіх ўмовах працавалі медыкі ў гады вайны?

У якіх ўмовах працавалі медыкі ў гады вайны?

Подзвіг ваенурачоў адлюстроўвае выстава Брэсцкага абласнога краязнаўчага музея.

Грамадства

Што трэба ведаць тым, хто адпачывае каля вадаёмаў

Што трэба ведаць тым, хто адпачывае каля вадаёмаў

Нават пры наяўнасці на пляжы ратавальнай станцыі не варта грэбаваць элементарнымі правіламі бяспекі.