Вы тут

Што будзе са светам у 2015 годзе?


2014 год выдаўся неверагодна напружаным. Час нават гаварыць пра своеасаблівы праклён 2014 года — як стагадовай гадавіны пачатку Першай сусветнай вайны.

Падзеі ва Украіне трансфармаваліся ў паўнавартасную грамадзянскую вайну, якая забрала тысячы жыццяў і прымусіла ратавацца ўцёкамі сотні тысяч жыхароў. Узровень жыцця насельніцтва вельмі рэзка знізіўся, крэдыты, якія браліся ў замежных фінансавых інстытутах, аказаліся яўна недастатковымі, тэмпы дэвальвацыі грыўні і інфляцыі пабілі сумныя рэкорды 2008/2009 года. Гісторыі, якія распавядаюць дзясяткі тысяч бежанцаў, што прыбываюць на тэрыторыю Беларусі, становяцца ўсё больш сумнымі.

Адмова ад аднаўлення актыўнага супрацоўніцтва ўкраінскіх улад з Расіяй азначае і дадатковыя праблемы на шляху вырашэння няпростых пытанняў аб лёсе Данецка і Луганска. Безумоўна, у той ці іншай форме гэтая сітуацыя будзе стабілізавана ў 2015 годзе, у тым ліку па тых прагматычных прычынах, што ва Украіны элементарна няма грошай на актыўныя ваенныя дзеянні і ўпэўненасці ў магчымасці перамагчы.

Аптымальным для ўсіх сцэнарыем было б вяртанне Данецка і Луганска ў склад Украіны на правах шырокай аўтаноміі. Гэта дазволіла б зняць частку санкцый Захаду супраць Расіі, што надало б імпульс спробам аднаўлення вырашэння праблем расійскай і ўкраінскай эканомік і ўрэшце аказалася б выгадна і ЕС, і Украіне, і Расіі.

6-17

Не задавальняе такі сцэнарый толькі ЗША, якім выгадна абвастрэнне адносін паміж Расіяй і ЕС, каб паспяхова рэалізаваць свой праект адзінай зоны свабоднага гандлю і зрабіць пастаўкі газу і нафты са сваёй тэрыторыі ў Еўрасаюз жаданымі для Бруселя. Таму магчымы і варыянт, у адпаведнасці з якім ДНР і ЛНР стануць нейкімі аналагамі Прыднястроўя — непрызнанымі самаабвешчанымі дзяржавамі, пастаянным галаўным болем у наладжванні адносін Еўрасаюза і Расіі. У цэлым галоўным пытаннем у развіцці Украіны ў 2015 годзе стане здольнасць урада захаваць кіравальнасць на астатняй частцы тэрыторыі сваёй дзяржавы.

Адносіны Расіі і Захаду на фоне ўкраінскага крызісу скаціліся на ніжэйшую адзнаку, у поўнай меры нагадваючы часы халоднай вайны СССР з заходнімі краінамі. Заявы, якія раздаюцца ў апошнія месяцы, выклікаюць цалкам зразумелыя асцярогі па прычыне магчымасці сцэнарыю трэцяй сусветнай вайны — бакі канфлікту актыўна правяраюць арсеналы звычайных і ядзерных узбраенняў, апавяшчаючы вынікі публічна, робяць рэзкія заявы, у якіх дастаткова часта фігуруе слова «вайна».

Да ўсяго іншага, Расія эканамічна аказалася зусім не гатова да заходніх санкцый, якія вельмі цяжка перажывае, і да падзення цэн на нафту. Пазітывам з'яўляецца толькі тое, што Расіі даўно трэба было перабудоўваць сваю эканоміку, каб не залежаць так моцна ад сыравіннага экспарту. Цяпер актуальнасць гэтай задачы настолькі пераканаўчая, што больш нікога не трэба ўпэўніваць у неабходнасці яе вырашаць. Мабыць, з гэтай мэтай Пуцін і эканоміць золатавалютныя рэсурсы, адпускаючы рубель у вольнае падзенне, каб на частку сродкаў ЗВР ажыццявіць мадэрнізацыю расійскай эканомікі, уключаючы набыццё і ўкараненне сучасных тэхналогій.

Вялізным узрушэннем для свету стала ліхаманка Эбола, якая імкліва развіваецца. Як і належыць у XXІ стагоддзі, смяротная хвароба з-за актыўных авіязносін лёгка перасягнула межы афрыканскіх дзяржаў і нанесла ўдар па многіх краінах свету. На шчасце, глабальнае стагоддзе дае і новыя магчымасці для эфектыўнай барацьбы з такім сур'ёзным захворваннем. Калі ад раней экзатычнай афрыканскай хваробы сталі масава пакутаваць і жыхары заходніх дзяржаў, на барацьбу з Эболай выдзелілі вялізныя сродкі, і лепшыя сусветныя лабараторыі пусціліся ў спаборніцтва па стварэнні эфектыўнай вакцыны.

Усё больш нарастае каардынацыя намаганняў і па спробе пагасіць сам ачаг распаўсюджвання смяротнай хваробы. У афрыканскія дзяржавы, якія сталі крыніцай эпідэміі або ў найбольшай ступені пацярпелі ад яе, прыбываюць палявыя шпіталі з развітых краін свету, і сотні ўрачоў аб'ядноўваюць свае намаганні. Гэта дае падставы спадзявацца, што ў 2015 годзе з эпідэміяй удасца пакончыць.

На Блізкім і Сярэднім Усходзе можна ўпэўнена прадказаць далейшае абвастрэнне адносін паміж свецкімі рэжымамі і ісламскімі радыкаламі. Магчымы і эпізадычныя ўсплёскі хваляванняў у рамках спроб рэалізацыі «дэмакратычных» памкненняў паводле ўзору арабскай вясны 2011 года. У найбольш уразлівым становішчы аказваюцца суседзі Ірака і Сірыі, месцаў лакалізацыі «Ісламскай дзяржавы», і найменш стабільныя дзяржавы рэгіёна — накшталт Лівана, Йемена і Бахрэйна. Тое, што ў 2015 годзе ў рэгіёне не стане істотна лепш, можна прадказаць дастаткова ўпэўнена — не для таго амерыканцы дэстабілізавалі яго на працягу многіх гадоў, каб уся праца раптам прапала дарэмна.

У 2015 годзе сусветная супольнасць будзе пільна сачыць за Афганістанам. Як частковы вывад амерыканскіх войскаў адаб'ецца на стабільнасці ў краіне? Ці пойдуць талібы на максімальнае збліжэнне з Ісламскай дзяржавай і як гэта адаб'ецца на раскладзе сіл у краіне? Ці зможа ўтрымацца новая ўлада, пры тым, што ўсе ведаюць, як цяжка і фактычна на мяжы расколу кіруючай кааліцыі прайшлі прэзідэнцкія выбары 2014 года? Калі ў Афганістане стане магчымы негатыўны сцэнарый, найбольшыя праблемы ўзнікнуць у краін Цэнтральнай Азіі, шэраг якіх уваходзіць у АДКБ.

Сяргей КІЗІМА,

доктар палітычных навук

Выбар рэдакцыі

Спорт

Сяргей Блоцкі: Наша задача — навучыць спартсмена думаць

Сяргей Блоцкі: Наша задача — навучыць спартсмена думаць

Як у Мазыры асвойваюць навуку перамагаць.

Эканоміка

Якія задачы стаяць перад машынабудаўнікамі сёлета?

Якія задачы стаяць перад машынабудаўнікамі сёлета?

Змяняецца вектар у знешнім гандлі.