Вы тут

ЧУПАКАБРА


Алесь Гайдук літаратурнай творчасцю займаецца не дужа актыўна, хоць друкуецца ў самых аўтарытэтных выданнях: у часопісах «Нёман» і «Маладосць», штотыднёвіку «Літаратура і мастацтва». Апавяданне, якое ён даслаў на конкурс «Звязды», на першы погляд, асабліва для чытачоў-гараджан, пра нешта нерэальнае. Але пагаварыце з вяскоўцамі, яны вам і не такое раскажуць, і будуць пераконваць, што ўсё расказанае — чыстая праўда. Хто ведае, можа і наш канкурсант у сваёй «Чупакабры» толькі пераказаў тое, што пачуў у роднай вёсцы Чарневічы Барысаўскага раёна, дзе ён сам нарадзіўся ў 1958 годзе і адкуль пачалася яго дарога — спачатку на журфак БДУ, пасля у раённы і рэспубліканскі друк. Цяпер аўтар працуе ў выдавецтве «Талака».

Алесь Бадак.

Цып-цып-цып… — клікала курачак Сямёніха. Зайшла ў двор за весніцы, абапіраючыся адной рукой на палачку, а ў другой несучы міску з зернем пшаніцы.

Курачкі пабеглі да пластмасавай накрыўкі, на якую гаспадыня высыпала пшанічку, хто адкуль: хто з саду, хто з хлява, у якім несліся ў драўляных скрынях, і дружна пачалі выбіваць барабанны дробат.

—Толькі пшаніцу і ядуць, — працягвала Сямёніха, — ды яшчэ курыны камбікорм. Затое і нясуцца добра; у дзень збіраю не менш за дзясятак яек.

Сама гаспадыня яек не есць, усе аддае дзецям, якія зрэдку наведваюць маці. Яна вясной наступнага года адзначыць свой васьмідзесяціпяцігадовы юбілей. Жыве адна ўжо больш за дзесяць гадоў, пасля таго як памёр муж, у невялікай драўлянай хаце. Дзеці — а іх у яе пяцёра, тры сыны і дзве дачкі — завялі свае сем'і, раз'ехаліся і даўно хацелі забраць яе ў горад. Але яна адмовілася наадрэз. Гаварыла: «У горадзе доўга не пражыву, усё мне там не па душы. Знаходзішся, нібыта ў клетцы. Дзякуй Богу, пакуль на сваіх нагах». Хоць ногі і баляць часта, ды і ў вёску яна не выходзіць. Два разы на тыдзень яе наведвае сацыяльны работнік, маладая жанчына, прыносіць трохлітровік свойскага малака, якое Сямёніха дамовілася купляць на вёсцы, прадукты з магазіна, дапамагае па гаспадарцы. Ды і дзеці, унукі калі-нікалі наведаюцца, накупляюць усяго.

Вось і цяпер у яе гасцяваў старэйшы сын Павел у водпуску, адзін, бо жонку Яніну не адпусцілі па рабоце. Яна і расказвала яму пра сваіх курачак:

—Бачыш — белая падышла. Ёй столькі гадоў, колькі мне. Але ж калі-небудзь нават нясецца. Адразу ж пачынае квактаць, я яе тады на дзень зачыняю ў куратнік. Бачыш, певень важна ходзіць — дурань дурнем. Бесталковы, да яго нават куры падыходзяць ззаду і пачынаюць дзяўбці. А на курыцу залезе — цэлую гадзіну сядзіць.

Пра сваіх курачак Сямёніха можа гаварыць гадзінамі, гэта адна ўцеха і засталася ў яе жыцці. Некалі ў яе была вялікая гаспадарка: апрача курэй — свінні, дзве каровы, конь. Цяпер яна сама не магла паверыць, як спраўлялася з усімі імі. І калі не стала сілы спраўляцца са скацінай, толькі ад курэй і не адмовілася. Сказала дзецям: «Без іх адразу памру». І не столькі таму, што гэта жывыя істоты побач, а больш таму, што ніяк яна не магла ўявіць, як гэта прыедуць дзеці і яна не дасць ім ніякага гасцінца. Некалі дзеці не ехалі да сябе без добрага кавалка сала, а пасля свежыны — і мяса, смятанкі, тваражку, не кажучы ўжо пра малако. Яна дзецям гаварыла ці то жартам, ці то ўсур'ёз: «Калі не будзе чаго мне вам даць, то вы перастанеце да мяне прыязджаць».

Летась так сталася, што і сапраўды Сямёніха ледзь не засталася без курэй. Спачатку іх пачаў вынішчаць крумкач. Забіў адну, затым другую. Прычым загубіў лепшых нясушак. Гору Сямёніхі не было канца. Лягчэй станавілася, калі тэлефанавала дзецям, а тыя як маглі супакойвалі яе. Гаварылі, што прапала ўсяго толькі дзве курыцы, але ж дванаццаць засталося. Чатыры з іх па старасці не несліся. Толькі гаспадыня пачала супакойвацца, як ноччу ў хлеў залез нейкі звярок і пакусаў за горла чатырох птушак, відаць па ўсім, выпіваў кроў. Якраз перад гэтым Сямёніха вычытала ў газеце, што гэта ўвогуле нейкая міфічная асоба, ніхто, па апісанню відавочцаў, такога звера раней не бачыў, сапраўдная пагроза вёсак. За ноч ён можа вынішчыць не адзін куратнік. І сапраўды, як пазней даведаецца Сямёніха, у іх вёсцы ў некаторых гаспадарках гэты звер увогуле пазагрызаў усіх курэй да апошняй — па пятнаццаць-дваццаць за раз. Проста нейкі вампір. Што перашкодзіла зверу вынішчыць усіх курэй Сямёніхі, невядома.

Калі раніцай яна адчыніла дзверцы куратніка і ўбачыла чатырох мёртвых нясушак, нешта абарвалася ўсярэдзіне, па твары пацяклі слёзы, ногі сталі ватнымі. Добра, што побач стаяла калода, на якую яна і прысела. Некалі ў гаспадарцы дохлі парасяты, нават і свінні, цялушкі, але чамусьці тады ёй было не так шкада жывёлы, як цяпер гэтых курачак. Колькі яна прасядзела на калодзе — невядома. Ачнулася ад думкі, што трэба ж глядзець астатніх курэй. Цяпер яна, каб захаваць жыўнасць ад крумкача, сама пасвіла іх у садзе, сядзела на табурэтцы і назірала. Апрача гэтага, для таго, каб адпужваць крумкачоў, у двары на вяроўках, нацягнутых паміж хлявамі, віселі абрэзаныя пластмасавыя бутэлькі і бліскучыя дыскі ад камп'ютара. Але спачатку яна зайшла і патэлефанавала дачцэ.

—Марынка, няма маіх курачак. Выпіў з іх кроўку нейкі супастат. А што ж я буду рабіць?.. — загаласіла яна ў тэлефонную трубку, чым перапужала суразмоўцу.

—Перастань раўці, толкам растлумач, што здарылася? — усё ж спакойным тонам спытала Марына.

Сямёніха перастала галасіць, але працягвала плакаць, расказваючы пра сваё гора:

—Ноччу ў куратнік залез нейкі звер і пакусаў чатырох курачак, выпіў з іх кроў, на шыі засталіся па дзве дзірачкі ад укусаў. Відаць, нейкі вампір.

—А як астатнія куры?

—Пакуль жывыя, вунь бегаюць па двары.

—Як жа гэты вампір залез у куратнік? Ты ж нанач замыкаеш.

—Не ведаю. Можа, дзе ў падлозе ёсць дзіркі.

—Ладна, прыедзем сёння са Сцяпанам паглядзім.

Была якраз пятніца, і дачка з зяцем збіраліся прыехаць у госці з горада. Тут у іх быў свой агарод, на якім пастаянна трэба было працаваць. Сястра патэлефанавала і Паўлу. Якраз напярэдадні ён паглядзеў па тэлевізары перадачу пра чупакабру. Нешта падобнае адбывалася ў Расіі і ва Украіне. Звер загрызаў не толькі кур, але авечак і зайцаў. Прыводзілася шмат сведчанняў відавочцаў. Тады падумалася, што гэта чарговыя байкі журналістаў, каб займець папулярнасць. Апошнім часам розныя загадкавыя гісторыі станавіліся асабліва папулярнымі. І ўсё ж і цяпер ён схільны быў паверыць, што гэта або шашок, або куніца. Але перакананасці поўнай не было, бо гэтыя звяркі не пракусвалі свае ахвяры і не пілі кроў. Урэшце, і чупакабра не піла кроў. Прыводзіліся нават прыклады, калі невядомы звер нападаў і на людзей. Станавілася трывожна за маці, якая жыла адна, а ў доме не было нават сабакі.

Прыехаўшы ў вёску, Марына разам з мужам агледзела падлогу куратніка. Там сапраўды было многа дзірак, праз якія невялікаму звярку пралезці было вельмі лёгка. Зяць старанна замасціў дзіркі. Так-сяк дачцэ ўдалося супакоіць маці, паабяцаўшы, што вясной яна яшчэ прыкупіць нясушак. Гаспадыня трывожылася і ўвесь час паўтарала, што не можа падумаць, хто ж нарабіў такой шкоды. Версію пра куніцу або шашка яна адкідала, сцвярджала, што яны так сябе не паводзяць. Не прыняла яна да ўвагі і расказ пра чупакабру:

—У казкі я даўно ўжо не веру.

Пасля выхадных прайшло два дні. І невядомы звер зноў наведаўся да Сямёніхі. Як і першы раз — ноччу, і зноў загрыз яшчэ чатыры курыцы. Аказалася, што пра столь яны якраз і забыліся, а там у куце і знайшоў для сябе лаз вампір. Засталіся толькі чатыры курыцы, і толькі дзве з іх несліся. Як ні дзіўна, пасля такога выпадку, хоць і бедавала Сямёніха, і шкада было нажытку, але разводзіць птушак на падворку яна не адмовілася, як некаторыя з аднавяскоўцаў, а наадварот, з нецярпеннем пачала чакаць вясны, калі дзеці прывязуць папаўненне.

Хоць курэй засталося мала, Сямёніха не пераставала іх пільна даглядаць, пасвіла ў двары і ў садзе. Неяк у цёплы сонечны дзень, яна, як заўсёды, узяла свой кій, адчыніла веснічкі ў сад, у які дружна пабеглі курачкі і певень, заўзята пачалі корпацца ў пажоўклай траве, шукаючы для сябе ежу. Гаспадыня прысела пад яблыняй на табурэтку, якая ўжо заняла даўно сваё пастаяннае месца. Не паспела Сямёніха паглыбіцца ў свае звычайныя думкі, якія круціліся вакол падзей пражытых гадоў, дзяцей і іх сем'яў, вясковага жыцця, як заўважыла, што нейкая жывая істота рухаецца ад агарода за садам прама да яе. Праз хвіліну невядомы звер наблізіўся. Раней такога яна не бачыла. Быў ён гладкашэрсны, чорнага колеру, з доўгай шыяй, з пысы падобны ці то на ваўка, ці то на куніцу, з разяўленай пашчы былі відаць два вострыя іклы. Сямёніха здагадалася, што гэта той самы драпежнік, які расправіўся з яе курачкамі. Ён зусім блізка падышоў да жанчыны і прысеў на заднія лапы, пільна назіраючы за курамі. Тыя перасталі корпацца ў траве, схаваліся за спіну гаспадыні, трывожна разглядалі няпрошанага госця.

Сямёніха не стала чакаць, паднялася з табурэткі і, размахваючы рагуляй, якая заўсёды знаходзілася каля яе, рашуча пайшла на звера. Той падняўся на чатыры лапы, ашчэрыўся, але не сышоў з месца. Жанчына ўзмахнула палкай, каб ударыць драпежніка. Ён зубамі перахапіў рагулю, і моцным рухам вырваў яе з рук і намерваўся накінуцца на Сямёніху. Але планам яго не наканавана была спраўдзіцца. Калі ў небе з'явіўся ястраб, гаспадыня не заўважыла. Цяпер ён каменем ляцеў на вампіра, з усяе сілы ўдарыў дзюбай яму па галаве. Звер паваліўся на бок. Але тут жа падхапіўся і не стаў чакаць паўторнага нападу ястраба, імгненна ўскочыў на бліжэйшую галінастую яблыню. Гаспадыня ж хутка, наколькі ёй дазвалялі хворыя ногі, накіравалася з сада да куратніка. Куры адразу ж зразумелі яе намер і колькі было моцы кінуліся да свайго сховішча. Сямёніха з палёгкай зачыніла куратнік і павесіла адразу ж на дзверы замок. Калі яна вярнулася да плота, які адгароджваў двор, паглядзела ў сад — драпежніка там ужо не было, не было і яе выратавальніка — ястраба.

Вясной (а яна выдалася цёплай і сонечнай), калі зазелянела трава, добра распусціліся яблыні ў садзе, нечакана заявіўся Павел:

—Ну, бабуля, прымай папаўненне, — у руках ён трымаў вялікую кардонавую каробку, з якой раздавалася спалоханае курынае кудахтанне.

—А што ж ты не папярэдзіў, я б куратнік падрыхтавала, — нястрога папракнула маці. У голасе адчувалася радасць ад прыезду сына і прывезенага ім падарунка.

—А вось мы яго якраз і падрыхтуем.

А падрыхтаваць то і трэба было, што прынесці з хлява сена і падсцяліць падлогу.

Гэта былі маладзенькія курачкі, якія праз месяц павінны былі пачаць несціся.

—А дзе ж ты іх купіў?— пачала дапытвацца Сямёніха.

—Проста пашанцавала. Учора мы з Янінай заехалі ў госці да дзядзькі ў Юркевічы. А ён якраз збіраўся сёння раніцай ехаць на птушкафабрыку па куры для сябе. Вось я папрасіў купіць і табе.

—Мікола вельмі добры чалавек, заўсёды ўсім дапамагае, дай Бог яму здароў'я. У яго лёгкая рука, — маці асабіста была знаёмая з дзядзькам.

І сапраўды, у Міколы аказалася лёгкая рука. Курачкі на дзіва раслі здаровенькімі, у належны час пачалі несціся, і за дзень Сямёніха збірала ў гнёздах не менш за дзесяць яек.

…Павел уважліва слухаў расказ маці пра сваіх крылатых падапечных, а потым вырашыў спытаць:

—А ці не аб'яўляўся той звер у акрузе?

—Не чуваць было. Ва ўсякім разе, да мяне ён, дзякуй Богу, не заяўляўся, і спадзяюся, не заявіцца. Ды і каршуны перасталі нападаць на курэй. Увогуле, мяне трывожыць, што сёлета зусім ніякіх птушак няма. Невядома, дзе падзеліся. Затое на падворак ноччу прыходзяць вожыкі. Я ім нават корм пакідаю нанач. Думаю, што дзякуючы ім вывеліся краты, мышы і пацукі. Ад кратоў ратунку не было, перарылі ўвесь агарод і сад.

Павел пільна агледзеў сядзібу, прыкідваючы, чым ён зможа дапамагчы па гаспадарцы і што паспее зрабіць за адпачынак. Многія яго знаёмыя аж трымцелі, каб трапіць на заморскія курорты, а ён — не, зразумеў, што гэта не для яго. І чым больш гадоў заставалася за плячыма, тым больш жаданымі і прывабнымі станавіліся для яго родныя мясціны.

 Алесь Гайдук

Выбар рэдакцыі

Гараскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

У пачатку тыдня да Ракаў могуць падступна падкрасціся трывогі і сумневы.

Здароўе

Як працуюць санаторныя школы-інтэрнаты для дзяцей, хворых на скаліёз?

Як працуюць санаторныя школы-інтэрнаты для дзяцей, хворых на скаліёз?

Па статыстыцы на пяць хворых дзяўчынак прыходзіцца толькі адзін хлопчык.

Рэгіёны

У якіх ўмовах працавалі медыкі ў гады вайны?

У якіх ўмовах працавалі медыкі ў гады вайны?

Подзвіг ваенурачоў адлюстроўвае выстава Брэсцкага абласнога краязнаўчага музея.

Грамадства

Што трэба ведаць тым, хто адпачывае каля вадаёмаў

Што трэба ведаць тым, хто адпачывае каля вадаёмаў

Нават пры наяўнасці на пляжы ратавальнай станцыі не варта грэбаваць элементарнымі правіламі бяспекі.