Вы тут

Узрост не перашкода


Пенсіянеры Рэспубліканскага інтэрната ветэранаў вайны і працы ходзяць на танцы, пішуць кнігі і нават паспяваюць узяць шлюб

Днямі стала вядома, што калектыву Рэспубліканскага інтэрната ветэранаў вайны і працы прысуджана прэзідэнцкая прэмія «За духоўнае адраджэнне». Вядома, не толькі за камфортныя ўмовы. Па словах супрацоўнікаў установы, людзі тут пачынаюць нанова жыць. У Дзень сацыяльнага работніка мы завіталі ў інтэрнат, каб павіншаваць з прафесійным святам калектыў і наведаць саміх ветэранаў.

Сёння ў Рэспубліканскім інтэрнаце жыве прыкладна паўтары сотні чалавек.

— Мы пакуль не цалкам загружаны, установа разлічана на 180 месцаў, — кажа дырэктар інтэрната Людміла ШАРАЙ. — Вось зараз пройдзе інфармацыя — у нас адбою ад ахвотных не будзе. Але прымаем не ўсіх. Інтэрнат прадугледжаны для ўдзельнікаў вайны, асоб, якія маюць званні і дзяржаўныя ўзнагароды, былых вязняў канцлагераў, людзей, што перанеслі прамянёвую хваробу, інвалідаў 1-й і 2-й групы, якія засталіся без родных.

Юлія Мікалаеўна і Фёдар Іосіфавіч знайшлі ў інтэрнаце каханне.

6-38

Медыцынскі персанал дзяжурыць ва ўстанове кругласутачна. Тут працуюць урачы розных спецыяльнасцяў: тэрапеўт, хірург, неўролаг, стаматолаг, акуліст, лор. Ёсць трэнажорная зала, басейн з саунай, фізіятэрапеўтычная база. Дарэчы, у кабінеце, дзе праводзіцца водаратэрапія, здымалі адну са сцэн для фільма «Белыя росы. Вяртанне». У самім будынку інтэрната знаходзяцца бібліятэка, музей, актавая зала.

Падапечныя жывуць у пакоях па адным. У кожнага — свае шафы, тэлевізар. Халадзільнікі амаль ва ўсіх пакоях стаяць. Заходзім у госці да аднаго з пастаяльцаў. Іван Майсеевіч раней працаваў чыгуначнікам, жыў у Латвіі. У інтэрнат пераехаў, калі памерла жонка. Пенсіянер расказвае, што нядаўна набыў ноўтбук на ўласныя грошы. Супрацоўнікі дапамаглі разабрацца, як карыстацца незнаёмым гаджэтам. Цяпер Іван Майсеевіч па серадах размаўляе па скайпе з дачкой, якая засталася ў Юрмале.

6-39

Каля паловы жыхароў – ляжачыя, таму тут набываюць пераносную апаратуру, каб усе працэдуры можна было зрабіць у пакоі.

6-37

Мясцовы мастак-самавук Часлаў Высоцкі жыве ў інтэрнаце 12 гадоў. У пакоі пенсіянера (сам Часлаў Ігнатавіч называе яго «кватэрай») мы заўважылі гантэлі.

— Так, я займаюся. Трэба падтрымліваць сябе ў форме ў любым узросце, — усміхаецца дзядуля.

Маляваць былы школьны выкладчык польскай і літоўскай моў пачаў сем гадоў таму. Калі для шматлікіх пейзажаў не стала хапаць месца на сценах, старому аддалі суседні пакой — пад музей.

— Адну карціну я нават Прэзідэнту падарыў, — хваліцца нам Часлаў Ігнатавіч.

Пенсіянер не толькі прыгожа малюе, але і выразае фігуркі з дрэва. Загатоўкі трымае на балконе.

— Каб зрабіць такога аленя, мне патрэбна 5-6 дзён, — дзядуля паказвае нам напаўгатовую драўляную жывёлу, якую зараз апрацоўвае. — У пакоі я толькі ножыкам акуратна фігуркі шліфую, а асноўную форму высякаю на дварэ, каб нікому не перашкаджаць.

Мастака Часлава Ігнатавіча ў інтэрнаце лічаць галоўным актывістам: усіх паспявае аббегчы і запрасіць на танцы.

І гэта яшчэ не ўсё. Мужчына ў свае 80 гадоў паспявае і ў хоры спяваць, і на танцы хадзіць. Ну чым не дзіва?

Заняткі танцамі, дарэчы, падабаюцца многім жыхарам інтэрната. Жанчыны спецыяльна прыбіраюцца, фарбуюць вусны. Дырэктар узгадвае, як адна з пенсіянерак аднойчы нават паскардзілася ёй, што прыём у акуліста і танцы паставілі ў адзін час, а яна не хоча прапускаць заняткі.

Ёсць тут месца і каханню, і рэўнасці. Некаторыя нават узяць шлюб паспяваюць (і афіцыйна яго рэгіструюць). Юлія Мікалаеўна і Фёдар Іосіфавіч, напрыклад, сышліся ў інтэрнаце і ўжо дзевяць гадоў жывуць разам.

— Чалавек ён добры, — кажа бабуля. — Мы з ім на паляну, якая недалёка, разам хадзілі, шмат часу ўдваіх праводзілі, вось і вырашылі з'ехацца. Цяпер у хоры разам спяваем.

Тром пастаяльцам ужо больш за сто гадоў. Але ўзрост не зрабіў сталых людзей менш актыўнымі і цікаўнымі. Так, стагадовая жанчына неяк абурылася, што ёй няма з кім з суседзяў абмеркаваць знешнюю палітыку. Па словах супрацоўнікаў інтэрната, многія пенсіянеры спецыяльна просяць паставіць працэдуры на раніцу, бо ўдзень яны маюць свае справы. Жартуюць, што ад падапечных можна даведацца пра ўсе зніжкі і акцыі ў крамах горада.

— Тут жыве шмат былых выкладчыкаў, таму многія пачынаюць пісаць мемуары, вершы, — расказвае Людміла Вячаславаўна. — Кнігі выдаюць. Мы арганізоўваем ім невялікія (бо старыя хутка стамляюцца) экскурсіі. Ездзілі ў новы музей Вялікай Айчыннай вайны, на «Лінію Сталіна». Штогод 9 Мая робім прагулку на параходзе па Мінскім моры. Таксама наладжваем узаемаадносіны з маладым пакаленнем. Старых наведваюць студэнты з БНТУ, Мінскага дзяржаўнага мастацкага каледжа імя Глебава. Апошнія, дарэчы, ужо два гады прыязджаюць маляваць партрэты ветэранаў, робяць потым выставы, дораць карціны пенсіянерам.

Наталля ЛУБНЕЎСКАЯ.
Фота Сяргея НІКАНОВІЧА

Выбар рэдакцыі

Культура

І зноў закружыць фестываль...

І зноў закружыць фестываль...

Яркімі фарбамі і самабытнай музыкай напоўніў горад XXІІІ Нацыянальны фестываль «Маладзечна-2024». 

Гараскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

У пачатку тыдня да Ракаў могуць падступна падкрасціся трывогі і сумневы.