Вы тут

ТОП-10 дасягненняў: ад фізікі і хіміі — да медыцыны


Нацыянальная акадэмія навук падвяла вынікі працы за 2014 год і агучыла ТОП-10 дасягненняў акадэмічных вучоных у галіне фундаментальных і прыкладных даследаванняў.

6-41

6-41

 

У дзесятку, у прыватнасці, увайшлі новыя магнітныя метаматэрыялы — магнітаплазмонныя крысталы, якія валодаюць рэкорднымі паказчыкамі магнітааптычнага эфекту. Створаныя ў Навукова-практычным цэнтры па матэрыялазнаўстве метаматэрыялы неабходныя для распрацоўкі звышдакладных фатонных прыладаў.

Спецыялістамі Інстытута фізікі і Інстытута фізіка-арганічнай хіміі акадэміі ўстаноўлены спосаб стварэння цвердацелых квантавых камп'ютараў на аснове алмазу. Знойдзены «астравок стабільнасці» ў палажэнні ізатопу вугляроду 13С дазваляе значна павялічыць колькасць лагічных аперацый.

У Інстытуце прыкладной фізікі распрацаваны новы фаза-часавы метад распазнавання аб'ектаў пры імпульснай радыёлакацыі. Гэты метад дазваляе адрозніваць аб'екты, што знаходзяцца пад паверхняй, аднолькавай формы, але з рознымі дыэлектрычнымі ўласцівасцямі.

Навукоўцамі Аб'яднанага інстытута праблем інфарматыкі сумесна з Рэспубліканскім цэнтрам пухлін шчытападобнай залозы Міністэрства аховы здароўя выяўлены новы маркер пухліны шчытападобнай залозы. Маркер дае магчымасць разлічыць ступень агрэсіўнасці карцыномы і такім чынам спланаваць лячэнне.

У Інстытуце біяарганічнай хіміі расшыфравана прасторавая структура найважнейшага мембраннага гемапратэміда чалавека. Вынік з'яўляецца ключавым у пошуках малекулярных механізмаў узнікнення паталагічных станаў, звязаных з парушэннем утылізацыі халестэрыну і біясінтэзу жоўцевых кіслот.

Генетыкамі выяўлены паліморфныя варыянты спецыфічных генаў чалавека, якія можна выкарыстоўваць як эфектыўныя маркеры для выяўлення схільнасці да астэа-
рапатычных змяненняў.

Вучоныя Інстытута фізіялогіі сумесна са спецыялістамі з РНПЦ отарыналарынгалогіі Міністэрства аховы здароўя ўстанавілі ключавую прычыну спынення дыхання ў пацыентаў з дыягназам «абструктыўны апноэ сну».

Таксама ў Інстытуце фізіялогіі на аснове сучасных дыягнастычных метадаў даследавання клетак міякарда былі ўстаноўлены ультраструктурныя прыкметы іх ранняга паражэння. Між іншым, ад ступені выражанасці такіх паражэнняў залежыць выбар тактыкі лячэння.

Вучонымі-радыебіёлагамі створана мадэль для ацэнкі другаснага пераразмеркавання радыенуклідаў (плутонія-239, 240 і цэзія-137) у прыродных экасістэмах у выніку лясных пажараў. Мадэль дазваляе ацэньваць дынаміку радыеактыўнасці ў прызямным паветры і ў вадаёмах.

А вучоныя Інстытута біяфізікі і клетачнай інжынерыі ўстанавілі комплексы, якія з'яўляюцца нетаксічнымі і высокаэфектыўнымі для генетычнай тэрапіі злаякасных новаўтварэнняў.

Надзея НІКАЛАЕВА

Выбар рэдакцыі

Культура

І зноў закружыць фестываль...

І зноў закружыць фестываль...

Яркімі фарбамі і самабытнай музыкай напоўніў горад XXІІІ Нацыянальны фестываль «Маладзечна-2024». 

Гараскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

У пачатку тыдня да Ракаў могуць падступна падкрасціся трывогі і сумневы.