Вы тут

Як закахацца ў скульптуру?..


Альбомам «Уладзімір Слабодчыкаў. Скульптура», які пабачыў свет у Выдавецкім доме «Звязда» пры падтрымцы Міністэрства інфармацыі краіны, можна ўплываць і на падсвядомасць, пашыраючы прастору мастацкіх поглядаў.

13-33

Прычына адна: разам сабраны бязмежныя па сваіх сэнсах выявы скульптур вялікай і малой формы, якія здолеў асіліць таленавіты творца Уладзімір Слабодчыкаў. Так часта здараецца: чалавек працуе, ходзіць недзе побач з табой, а ты ўсё глядзіш скрозь яго, шукаючы іншыя аўтарытэты. А між тым вось ён — сучасны аўтарытэт айчыннай скульптуры. Работы Уладзіміра Слабодчыкава знаходзяцца ў Траццякоўскай галерэі, галерэях і музеях ЗША, Італіі, Кітая, Германіі, Турцыі, Аб'яднаных Арабскіх Эміратаў. Помнікі, што зроблены і задуманы Уладзімірам Слабодчыкавым, — у Мінску, роднай Вілейцы, Віцебску, Светлагорску, Рэчыцы... Наталля Шаранговіч, аўтар тэксту альбома, так заканчвае свой дослед пра скульптара: «... У яго работах з'яўляецца эмацыянальнасць, малюнак носіць напружаны, поўны экспрэсіі характар, часам нават мае месца некаторая дэфармацыя вобразаў. Спецыфічнымі элементамі рэльефаў Уладзіміра Слабодчыкава сталі разнастайнасць кампазіцыйных рашэнняў, выразнасць лепкі. Яго творы адлюстроўваюць свет уяўны, насычаны няўлоўнай матэрыяй падсвядомасці, прадчуваннямі, невычэрпнымі магчымасцямі творчай інтуіцыі. Ад Альберта Джакамеці і Генрыха Мура мастак атрымлівае ў спадчыну ідэю адухоўленай, зменлівай прасторы, у якой галоўнае — успрыманне гледача...»

13-34

Скульптар — аўтар многіх работ, невялікіх па памеры. Выкананыя з сілуміну, бронзы, яны досыць уражлівыя, нягледзячы на сваю камернасць. «Архаічны танец», «Прысвячэнне Шагалу», «Каляды» — тут не проста настрой і сюжэт: у гэтых працах адлюстроўваецца светапогляд мастака, яго здольнасць паставіць і вырашыць звышзадачу. Уладзімір Слабодчыкаў надзвычай удумлівы майстар, чым і цікавы, і прыцягальны. Невыпадкова, што ў музеі каля яго прац, што гартаючы старонкі альбома, заўсёды спыняешся ў развагах. Зрок пасылае сігнал: «Не спяшайся, угледзься ў сутнасць, пашукай дарогу да асэнсавання ідэй мастака». І як правіла, такая дарога знаходзіцца досыць хутка: складваецца ўражанне надзвычайнай адкрытасці скульптара, яго моцны рух да гледача. Здараецца, што творцу не хапае прасторы ў адной працы. Тады нараджаюцца кампазіцыі. Як прыклад — «Куды ідзеш?», шэраг работ, выкананых у бронзе. Цікавіць скульптара і дрэва. Глядзіш — і не можаш нагледзецца на яго просты і зразумелы «Дотык», на яго захапляльных «Лялечнікаў»... Не менш цікавая «Афрадыта» ў дрэве. Калі меркаваць па датах выканання тых ці іншых прац, у скульптара ёсць свае этапы прывязанасці да пэўнага матэрыялу.

Але ж і помнікі, памятныя знакі, мемарыяльныя кампазіцыі, тое, што выходзіць у шырокую прастору, — і гэта частка планеты таленавітага творцы.

Знаёмства з альбомам, прысвечаным скульптуры Уладзіміра Слабодчыкава, — выкладанне перспектыў мастака. Творца знаходзіцца ў дарозе і пошуку. Наперадзе — новыя здабыткі, здзяйсненне многіх задумак. А што да грунтоўнага, цікавага з розных пунктаў гледжання альбома, то ён — добрая візітоўка таленавітага скульптара. У многім выданне здзейснілася, стала падзеяй, дзякуючы дызайнеру, аўтару макета кнігі Аляксандру Кулажанку.

Павел Альсовы.

Выбар рэдакцыі

Культура

І зноў закружыць фестываль...

І зноў закружыць фестываль...

Яркімі фарбамі і самабытнай музыкай напоўніў горад XXІІІ Нацыянальны фестываль «Маладзечна-2024». 

Гараскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

У пачатку тыдня да Ракаў могуць падступна падкрасціся трывогі і сумневы.