Вы тут

Выбіраем найлепшых спартсменаў 2014-га


Хто яны?

Стартаваў конкурс «Трыумф. Героям спорту 2014», галасаванне заўзятараў працягнецца да канца месяца. У гэты час беларусы змогуць выбраць лепшых спартсменаў і трэнераў 2014 года ў намінацыях «Каманда года», «Спартсменка года», «Спартсмен года» і «Трэнер года».

Конкурс ладзіцца ў Беларусі ў пяты раз у гады правядзення зімовых і летніх Алімпійскіх гульняў. Такую падзею можна назваць па-сапраўднаму ўсенароднай: у 2010 годзе ў ёй прынялі ўдзел 1 мільён 300 тысяч чалавек, два гады таму арганізатары апрацавалі ўжо паўтара мільёна галасоў, а ў гэтым годзе чакаюць яшчэ большы поспех. Мінулы 2014-ы стаў асаблівым, у першую чаргу, з-за паспяховага выступлення беларускіх спартсменаў на Алімпійскіх гульнях у Сочы. Па-другое, Беларусь упершыню ў суверэннай гісторыі прымала чэмпіянат свету па хакеі.

На папярэднім этапе фарміраваннем кандыдатаў займалася журы конкурсу. У яго складзе — чатыры алімпійскія чэмпіёны: Дзмітрый Даўгалёнак, Эліна Зверава, Марына Лобач і Аляксандр Раманькоў — і спартыўныя рэдактары найбуйнейшых друкаваных выданняў краіны.

Пра падрабязнасці галасавання і прэстыж конкурсу распавёў генеральны сакратар Нацыянальнага алімпійскага камітэта Беларусі Георгій Катулін.

— Лаўрэатаў у чатырох намінацыях — «Каманда года», «Спартсменка года», «Спартсмен года» і «Трэнер года» — вызначаць аматары спорту. Найлепшых у намінацыях «За волю да перамогі», «Прарыў года», «Вынік года» і «Самы яркі спартыўны момант года» высветліць кампетэнтнае журы. У гэтым годзе мы чакаем рэкорд сярод заўзятараў — каля 2 мільёнаў удзельнікаў. Калі аматары спорту прыходзяць непасрэдна на спаборніцтвы — іх тысячы, і ўсе яны хварэюць за спартсменаў. Гэта не мае індывідуальнасці, а тут кожны заўзятар можа выказаць сваё асабістае меркаванне. Думаю, што і любы спартсмен лічыць за гонар стаць лаўрэатам гэтага конкурсу. Усе памятаюць скульптуру, якую ўручаюць пераможцам: яе можна без перабольшання назваць «Оскарам». Упэўнены, для кагосьці са спартсменаў яна супастаўная са спартыўнай узнагародай, бо для любога атлета, акрамя медалёў непасрэдна на спартыўных спаборніцтвах, заўсёды было важна і стаўленне да яго ў роднай краіне. Яшчэ ў часы старажытных спаборніцтваў у Грэцыі ў родным горадзе атлета ставілі бюст героя, такім чынам ён атрымліваў прызнанне там, дзе нарадзіўся і вырас.

Памочнік старшыні Прэзідэнцкага спартыўнага клуба Павел Ягораў адзначыў, што арганізатары не маглі не ўлічыць значнасць гаджэтаў і электронікі ў сучасным жыцці. Таму аргкамітэт упершыню вырашыў правесці галасаванне і ў інтэрнэце.

— У папярэднія гады мы збіралі галасы толькі па сродках анкетавання, у гэтым будзем сумяшчаць два спосабы.

Чытачы «Звязды» таксама могуць зрабіць свой выбар. Для гэтага неабходна запоўніць бюлетэнь і адправіць яго па адрасах, прыведзеных унізе.

Дар'я Лабажэвіч.

Выбар рэдакцыі

Спорт

Сяргей Блоцкі: Наша задача — навучыць спартсмена думаць

Сяргей Блоцкі: Наша задача — навучыць спартсмена думаць

Як у Мазыры асвойваюць навуку перамагаць.

Эканоміка

Якія задачы стаяць перад машынабудаўнікамі сёлета?

Якія задачы стаяць перад машынабудаўнікамі сёлета?

Змяняецца вектар у знешнім гандлі.