Вы тут

Цікавасць да футбола


Наша краіна разлічвае на правядзенне буйных спаборніцтваў па гэтым відзе спорту

Беларусь разлічвае на далейшае супрацоўніцтва з УЕФА і правядзенне ў сябе буйных спаборніцтваў па футболе. Пра гэта заявіў Аляксандр Лукашэнка падчас сустрэчы з прэзідэнтам Саюза еўрапейскіх футбольных асацыяцый (УЕФА) Мішэлем Плаціні, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

Аляксандр Лукашэнка падзякаваў Мішэлю Плаціні за магчымасць правесці ў Беларусі ў 2016 годзе юнацкі чэмпіянат Еўропы па футболе сярод дзяўчат. «Вы можаце не сумнявацца, мы правядзём яго на самым высокім узроўні», — сказаў кіраўнік дзяржавы. Ён нагадаў, што ў 2014 годзе Беларусь паспяхова правяла чэмпіянат свету па хакеі.

«Мы поўныя рашучасці зрабіць юнацкі чэмпіянат найлепшым у гісторыі. І вы паглядзіце, наколькі мы можам арганізоўваць падобныя мерапрыемствы. Магчыма, вы даручыце нам больш сур'ёзныя спаборніцтвы ў гэтым відзе спорту», — адзначыў Прэзідэнт.

Кіраўнік дзяржавы падзякаваў прэзідэнту УЕФА за вялікую ўвагу, якая надаецца Беларусі, гэтак жа як і іншым краінам, якія развіваюцца, і перш за ўсё за дапамогу і падтрымку, якія аказваюцца Беларускай федэрацыі футбола. «Тыя спецыялісты, якія прыязджаюць ад вас, выдатна нам дапамагаюць у развіцці футбола», — сказаў Прэзідэнт Беларусі.

«Вы на нас заўсёды можаце разлічваць, — падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка. — Мы заўсёды падтрымлівалі і будзем падтрымліваць вашы пачынанні, паколькі яны накіраваны на развіццё футбола, стварэнне раўнапраўных умоў для краін, якія ўдзельнічаюць або якія жадаюць удзельнічаць у спаборніцтвах па футболе».

«Футбол знаходзіцца на першым месцы ў свеце сярод відаў спорту. Сотні мільёнаў, а можа, і мільярды людзей захапляюцца ім і назіраюць за ім. У нас па масавасці гэта таксама спорт нумар адзін, — адзначыў Прэзідэнт Беларусі. — Не магу сказаць, што мы дасягнулі нейкіх выключных вынікаў у футболе. Нават больш скажу: мы ўкладваем у футбол вельмі шмат сродкаў, але належнай аддачы, нават не фінансавай, гульнявой, не назіраем».

Мішэль Плаціні ў сваю чаргу адзначыў, што яму вядома, якая ўвага надаецца ў Беларусі развіццю футбола. «Мы ўважліва сочым за дасягненнямі беларускіх каманд і мяркуем, што ў будучыні Беларусь можа дасягнуць лепшых вынікаў», — сказаў ён. Прэзідэнт УЕФА выказаў задавальненне кантактамі, якія ўсталяваліся ў яго з кіраўніком беларускай дзяржавы і Беларускай федэрацыяй футбола. «Упэўнены, што разам мы зможам зрабіць шмат для развіцця футбола ў Беларусі», — падкрэсліў ён.

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Захаваць. Нельга знесці

Захаваць. Нельга знесці

Знакі прыпынку нарэшце расстаўлены.

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Стральцам на гэтым тыдні не трэба пераацэньваць сваіх магчымасцяў.