Вы тут

Пра спорт, ямы на вуліцы ды пашу для трох кароў


20-30

На «прамую лінію» да старшыні Брэсцкага аблвыканкама Анатоля Ліса ў мінулую суботу дазваніўся 41 жыхар вобласці

Пытанні закраналіся розныя: традыцыйна шмат зваротаў было па добраўпарадкаванні гарадскіх вуліц, па газіфікацыі сельскіх населеных пунктаў, будаўніцтве і прыватызацыі жылля. Трапляліся званкі нават па асабіста-сямейных пытаннях.

Некалькі тэлефонных абанентаў з абласнога цэнтра ўздымалі падобныя праблемы: па вуліцы цяжка хадзіць з-за бездарожжа, з-за адсутнасці тратуараў, з-за працяглых рамонтаў. У прыватнасці, Ірына Брашчук, якая жыве ў доме па вуліцы Школьнай, расказвала, што восенню ў іх правялі каналізацыю, папярэдне зняўшы асфальт, ды так і пакінулі раскапаную вуліцу. Цяпер там прайсці амаль немагчыма, нельга нармальна абуцца. І, галоўнае, канца гэтаму не відаць.

Адразу за гэтым зваротам паступіў званок з вуліцы Шэрай, дзе жыхарка аднаго з дамоў скардзілася на падобныя нязручнасці. Паводле яе слоў, вуліца не толькі разбітая, але і вузкая. А на заездзе некаторыя нядобрасумленныя ўладальнікі аўтатранспарту пакідаюць свае машыны. У выніку ноччу, бывае, нават «хуткая дапамога» не можа заехаць па выкліку. Жанчына прапаноўвала паставіць забаронны знак для машын на ўездзе ў іх маленькую вуліцу.

Мікалай Дзямчук з Пінска скардзіўся на тое, што ў свой час недабудавалі раней запланаваную студэнцкую вёску ў Пінску. Інжынерныя сеткі пракладзены, а на далейшае, як патлумачылі заяўніку ў гарвыканкаме, грошай не хапіла. І жыльцы бліжэйшых дамоў каторы год церпяць разруху ў плане добраўпарадкавання. Ва ўсіх выпадках кіраўнікі гарвыканкамаў атрымалі ўказанне вывучыць заявы з выездам на месца і даць вычарпальныя адказы грамадзянам.

Па іншых зваротах даручэнне атрымалі кіраўнікі падраздзяленняў жыллёва-камунальнай службы.

А вось на просьбы аб газіфікацыі населенага пункта людзям тлумачылі: пытанне будзе вывучацца, але без усялякай гарантыі на яго вырашэнне ў бліжэйшы час. Газіфікацыя — справа надзвычай дарагая. У першую чаргу сеткі падводзяцца да аграгарадкоў і вялікіх населеных пунктаў. Пры гэтым, губернатар указаў на недапушчальнасць такой практыкі, прыклад якой прыводзіла заяўніца з вёскі Шпіталі. З жыхароў іх вёскі, як і жыхароў суседняй, сабралі грошы на праектна-каштарысную дакументацыю. А цяпер аб'явілі, што ў суседзяў газ будзе, а ім грошы вернуць.

Нечаканае пытанне паступіла з Маларыцкага раёна. Лабарантка СВК «Арэхава» скардзілася, што ўжо чатыры гады жыве ў так званым прэзідэнцкім доме, які яна атрымала ад гаспадаркі, але не мае рэгістрацыі па месцы жыхарства. Сельгаспрадпрыемства, паводле яе слоў, тлумачыць затрымку недахопам сродкаў на дакументы аб увядзенні ў строй дамоў, у якіх даўно жывуць людзі. Вядома, без рэгістрацыі жыць можна, але часам узнікаюць праблемы... Маларыцкі райвыканкам атрымаў указанне паскорыць вырашэнне пытання.

Адна з заяўніц разам з асноўнай праблемай агучыла яшчэ адну: у іх вёсцы засталося тры каровы, а пашы ім ніхто не выдзяляе. Такі малы асабісты статак не бярэцца да ўвагі мясцовай уладай. Адказныя асобы атрымалі даручэнне вырашыць і гэту, здаецца, дробную, але важную для людзей праблему.

Некалькі зваротаў на «прамую лінію» датычылі развіцця фізкультуры і спорту. Так, маці юнага бейсбаліста Ірына Кічко выказвала асцярогу, што з-за недахопу сродкаў дзеці далей не змогуць займацца гэтым любімым відам спорту. Яе запэўнілі, што бейсбол у Брэсце ніхто згортваць не збіраецца, а на чуткі не варта звяртаць увагу.

Слушную, паводле заўвагі губернатара, прапанову выказаў Алег Сапешка, які жыве ў раёне будоўлі мікрараёна Вулька-3. Узвядзенне школы, якая значыцца ў генеральным плане забудовы горада, пакуль не распачата і ў найбліжэйшы час не плануецца, а пляц пад школу прастойвае. Алег Юр'евіч прапанаваў абсталяваць там часовую спартыўную пляцоўку з міні-стадыёнам, бегавымі дарожкамі і іншымі спартыўнымі прыстасаваннямі, каб вечарамі дарослыя і дзеці маглі патрэніравацца.

Святлана ЯСКЕВІЧ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Гісторыя ваеннага братэрства

Гісторыя ваеннага братэрства

«Нармандыя», што стала Нёманскай.

Рэлігія

200 гадоў пад заступніцтвам Пятра і Паўла

200 гадоў пад заступніцтвам Пятра і Паўла

Гомельскі кафедральны Свята-Петра-Паўласкі сабор — адзін з самых велічных праваслаўных храмаў Беларусі, адзін з нямногіх помнікаў архітэктуры зрэлага класіцызму, які захаваўся да нашых дзён.