Вы тут

Калядныя пернікі


Паступова мінае час калядна-навагодніх свят, вось ужо і стары Новы год прайшоў. Апошні кулінарны сімвал гэтай пары, пра які хочацца расказаць, — гэта калядныя пернікі.

Зразумела, пернікі ў нас выпякалі не толькі на Божае Нараджэнне (у цені якога хаваўся і такі малазначны некалі прысвятак як Новы год). Напрыклад, рабілі вялікія пернікі ў форме сэрца, упрыгожаныя цукровымі ўзорамі, якімі на Віленшчыне ды Гарадзеншчыне сустракалі дзень святога Казіміра. Або традыцыйныя пернікі з Міра, у форме цацачных салдацікаў, палітыя цукрам, — гэтыя ўжо не да нейкага канкрэтнага свята рабіліся, але да кожнай урачыстай або жалобнай нагоды: на вяселлі, хрэсьбіны, памінкі, провады. Або дзецям давалі ў падарунак за добрыя паводзіны. Або ад хлопцаў дзяўчатам дарыліся на вячоркі-попрадкі — у тыя часы, калі такія рэчы былі яшчэ рэдкімі і цаніліся.

20-29

Традыцыя пячы пернікі на Каляды параўнальна новая, запазычаная. Яна нарадзілася ў Германіі прыкладна ў XV стагоддзі і паступова прывандравала да нас. Да вялікіх паноў, можа, ужо ў XVІІІ стагоддзі. А да люду паспалітага — не раней за ХІХ стагоддзе. Зрэшты, як сказаць «новая», калі за апошнія гадоў 75, за эпоху сацыяльных эксперыментаў, паспелі ўжо пра яе і забыцца? Як тады назваць тых, хто такую традыцыю спрабуе вярнуць? Наватарамі або рэтраградамі? Не магу вырашыць сам, хай кожны ацэніць гэта па-свойму.

Вось як прыгадвае свае дзіцячыя ўражанні гомельскі пробашч айцец Славамір Ляскоўскі, у сям'і якога традыцыя была непарыўнай: «За некалькі тыдняў мама гатавала цеста для калядных пернікаў. Таму што яны павінны доўга ляжаць, каб стаць смачнымі. Гэта самы галоўны тыповы для каталікоў пачастунак на Каляды». У нейкім сэнсе калядныя пернікі адыгрывалі тую самую сімвалічную функцыю, што і сліжыкі або ламанцы, — выступаючы больш прыгожымі і смачнымі заменнікамі куцці або аплатак для прычасця.

Гродзенская галерэя рамёстваў «Ткалля» да традыцыі рабіць пернікі падышла вельмі крэатыўна і стварыла (ці, магчыма, аднавіла) старадаўні народны вобраз каляднай Казы ды прыстасавала яго да адмысловай разной дошкі для пернікаў. Так вось сустрэліся на пернікавай дошцы паганскія Каляды і хрысціянскае Божае Нараджэнне.

А тут яшчэ адна добрая нагода надарылася: у гарадзенскай антыкавярні «Жывы Час», незадоўга да Калядаў і Новага года, адбылася вечарына «Смакі старой Гародні», арганізаваная краязнаўцамі і гісторыкамі, што вывучаюць напаўзабытыя традыцыі горада над Нёманам. Кожны прысутны мог пакаштаваць некалькі адноўленых даўніх гарадзенскіх страў: сырнік, селядзец у вінным соусе і македонскую бузу, папулярную ў міжваеннай Гародні гадоў гэтак 80 таму. Вядома, частавалі на той вечарыне і пернікамі, пячатнымі з драўляных дошак галерэі «Ткалля». На перніках адбівалі не толькі сімвалічную калядную Казу, але і выяву геральдычнага патрона Гародні — святога Губерта з яго аленем. Вось і мяркуйце самі, што гэта: спроба аднаўлення старой традыцыі або пачатак новай? Мне, хоць і кансерватару, больш прыемна думаць, што другое.

У якасці ілюстрацыі, і ў тым ліку дзеля рэцэпта, дазвольце падзяліцца выявай прыгожых паштовак, створаных у «Ткаллі». А наступным разам раскажу пра іншую гродзенскую страву (з той самай вечарыны), за якой стаіць не абы-якая гісторыя, датычная адразу некалькіх краін.

42.2

Выбар рэдакцыі

Грамадства

У чым пайсці на выпускны баль?

У чым пайсці на выпускны баль?

 Паглядзім, што раяць стылісты і што рэальна набыць у нашых шыротах, пажадана не ўганяючы бацькоў у даўгі.

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Для Цяльцоў гэты тыдзень будзе напоўнены справамі і клопатамі, звязанымі са сваякамі ці дзецьмі. 

Спорт

Які наш спорт сёння?

Які наш спорт сёння?

«З кожным днём сітуацыя ў свеце мяняецца так, што ў вялікай ступені гэта закранае і спорт».