Вы тут

Сяргей ЧЫЖЫК: «Зарабіць добрыя грошы ў навуцы можна»


Другі беларускі касмічны апарат можа быць створаны на працягу трох гадоў пасля прыняцця адпаведнага рашэння. Пра гэта падчас анлайн-канферэнцыі на сайце БЕЛТА паведаміў першы намеснік старшыні Прэзідыума Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі Сяргей ЧЫЖЫК.

Беспілотнікі і новыя супрацьпухлінныя прэпараты

20-35

20-35

 

Сяргей Чыжык падкрэсліў, што Беларусь з'яўляецца касмічнай дзяржавай, паколькі мае свой спадарожнік. «...Мы кіруем ім, апрацоўваем атрыманыя звесткі, «выцягваем» усё больш дэталізаванай, спецыялізаванай інфармацыі...» Аднак, паводле яго слоў, трэба думаць на перспектыву, бо тэрмін службы першага касмічнага апарата складае 5-7 гадоў. А будаўніцтва новага спадарожніка — дарагое мерапрыемства.

У 2014 годзе ў акадэміі было адкрыта каля 10 інавацыйных вытворчасцяў. Напрыклад, створаны вытворчы ўчастак трафарэтнага друку для падрыхтоўкі і нанясення люмінафорных кампазіцый на розныя матэрыялы. Яны выкарыстоўваюцца для святлодыёднай тэхнікі. Уведзена ў строй міжнароднае прадпрыемства «ПраймСінтэз» на базе Інстытута біяарганічнай хіміі НАН і расійскай кампаніі «Фармсінтэз» з мэтай сумесных распрацовак і прасоўвання фармацэўтычнай прадукцыі на рынкі Беларусі і Расіі. Доследна-прамысловая вытворчасць біяпрэпаратаў рознага прызначэння створана Інстытутам мікрабіялогіі НАН Беларусі.

Вытворчасць замарожаных бактэрыяльных канцэнтратаў для малочнай прамысловасці адкрыта на базе Інстытута мяса-малочнай прамысловасці. З яго ўводам ужо на 60% можна забяспечыць рынак Беларусі такой прадукцыяй і сэканоміць штогод больш за $5 млн. З'явіўся рэспубліканскі навукова-медыцынскі цэнтр «Клетачныя тэхналогіі», дзе для лячэння пацыентаў выкарыстоўваюцца ствалавыя клеткі.

На 2015 год таксама запланаваны запуск каля 10 вытворчасцяў.

— Мы хочам завяршыць стварэнне цэнтра па вытворчасці шматфункцыянальных беспілотных лятальных апаратаў. У гэтым кірунку Беларусь дасягнула поспеху, сёння ў нас выпускаецца тры тыпы апаратаў, чацвёрты асвойваем — на адлегласці палётаў да 300 км, — з гонарам зазначыў Сяргей Чыжык. — Да канца года павінен быць уведзены ўчастак па выпуску гемасарбентаў — спецыялізаваных вадкасцяў для ачышчэння крыві. Будзе завершаны цэлы шэраг аб'ектаў у Цэнтральным батанічным садзе.

Акрамя таго, будзе адкрыта вытворчасць новых супрацьпухлінных і супрацьвірусных фармацэўтычных апаратаў на аснове айчынных субстанцый.

«Белбіяград» у Акадэмгарадку

Асобна Сяргей Чыжык спыніўся на стварэнні навукова-тэхналагічнага парка «БелБіяград», на базе якога будуць развівацца такія галіны, як біятэхналогіі, фармацэўтыка, нана- і мікрасістэмная тэхніка.

Плануецца, што «БелБіяград» запатрабуе ўкладання мінімальнай колькасці бюджэтных сродкаў. Акцэнт будзе зроблены на пошук і прыцягненне да працы інвестараў.

— Мы разлічваем атрымаць пэўныя прэферэнцыі, хацелася б, каб яны былі супастаўныя з тымі, якія створаны для Парка высокіх тэхналогій. — Хочацца адзначыць, што спецыфіка стварэння падобных тэхнапаркаў у свеце заключаецца ў тым, што першапачаткова ствараецца інфраструктура, набываецца абсталяванне, а пошукам спецыялістаў займаюцца ў апошнюю чаргу. А мы пайшлі іншым шляхам: адштурхоўваемся не ад інфраструктуры, а ад кадраў. Шмат інстытутаў НАН Беларусі сёння працуюць у напрамках, якія могуць быць карыснымі і патрэбнымі пры стварэнні тэхнапарка. Мяркуецца, што навукоўцы будуць прапаноўваць і рэалізоўваць перспектыўныя праекты.

Чакаецца, што навукова-тэхналагічны парк будзе размяшчацца ў раёне Акадэмгарадка ва Уруччы. Будынак ужо падабраны, запланавана яго рэканструкцыя.

Па словах Сяргея Чыжыка, сітуацыя ў навуковым свеце імкліва змяняецца: «Безу-
моўна, трэба рэагаваць на сітуацыю вельмі аператыўна, у тым ліку ў тэхналагічных распрацоўках. Таму мы разумеем, што трох-пяцігадовае планаванне навукі — гэта занадта працяглыя перыяды: трэба быць гатовымі да змен патрэб рынку і размяшчэння на ім гульцоў».

Дом на 3D-прынтары

Адказваючы на пытанне аб перспектывах развіцця і прымянення ў Беларусі 3D-друку, Сяргей Чыжык не выключыў магчымасці, што ўжо праз пяць гадоў у нас можна будзе будаваць дамы з дапамогай 3D-прынтараў.

— Уявіце сабе: прывозяць на ўчастак 3D-прынтар, кран-бэльку і ў адзін заход будуюць ваш катэдж. І гэта не фантастыка, а рэальнасць. Я ўжо бачу, якое прадпрыемства магло б гэтым заняцца. Галоўнае — правільна падабраць будаўнічы матэрыял. І беларускія навукоўцы ўжо абмяркоўваюць магчымасці распрацоўкі бетону, які хутка цвярдзее. Калі гэта запрацуе? Мяркую, што пяць гадоў — і будзем карыстацца. Цяпер усё хутка робіцца, — канстатаваў Сяргей Чыжык. — У Беларусі ўжо працуюць каля сотні 3D-прынтараў. Мы павінны імкнуцца, каб як мага больш прадуктаў на іх выраблялася. Прычым каб яны вырабляліся не толькі для дэманстрацыі магчымасцяў 3D-друку, што часцей за ўсё бывае, а для канкрэтнага прымянення.

3D-друк — гэта адытыўныя тэхналогіі (addіtіon — дадаваць), стварэнне прадукту дабаўленнем частак матэрыялу. Гаворка ідзе пра эканомію матэрыялаў, мінімізацыю адходаў. Можна стварыць зусім унікальныя вырабы нават у адзін падыход, усё можна замяніць адной аперацыяй.

Прыступкі для кар'ернага росту

20-33

20-33

 

Закранаючы тэму заробкаў навукоўцаў і прыцягнення ў навуку моладзі, першы намеснік старшыні Прэзідыума НАН падкрэсліў, што зарабіць сёння добрыя грошы ў навуцы можна. І нават у першыя гады сваіх заняткаў навуковай дзейнасцю. Але тут важна, у які калектыў ты трапіў, хто твой загадчык лабараторыі, наколькі паспяхова ён працуе, ці прыцягвае гранты. Зарабіць добрыя грошы можна толькі ў тым выпадку, калі ты атрымліваеш не толькі бюджэтнае фінансаванне, але таксама маеш дагаворы з галінамі і, магчыма, міжнародныя кантракты. Але, на жаль, нельга сказаць, што колькасць такіх паспяховых лабараторый блізкая да 100%, хутчэй з ўсё, гэта 30% лабараторый.

Сяргей Чыжык адзначыў, што ў Акадэміі навук працуе цэлая сістэма па падтрымцы маладых навукоўцаў, накіраваная на рэалізацыю іх навуковага і творчага патэнцыялу, а таксама матэрыяльнае стымуляванне працы. Штогод праводзяцца конкурсы па выдзяленні грантаў аспірантам і суіскальнікам для выканання іх дысертацыйных работ, конкурсы на лепшую першую навуковую працу, конкурсы навуковых праектаў маладых навукоўцаў на атрыманне грантаў Беларускага рэспубліканскага фонду фундаментальных даследаванняў. Штогод разглядаюцца прэтэндэнты на прэзідэнцкую стыпендыю, і кожны год 40-50 чалавек з акадэміі трапляе ў гэты спіс.

— У навуцы важныя стымулы. Мы не павінны маладога чалавека адпраўляць на руціну, каб той нават не паспеў убачыць прыгажосць навукі і яе прастор — ён павінен працаваць на пярэднім краі навукі разам з добрым кіраўніком. Малады вучоны павінен бачыць кар'ерны рост, таму што ў навуцы, як ні ў адной іншай галіне, бачныя гэтыя прыступкі, — растлумачыў Сяргей Чыжык. — Яны рэгламентаваны праходжаннем дысертацыйных прыступак: кандыдацкая дысертацыя, доктарская, а гэта ў сваю чаргу звязана са службовымі магчымасцямі. Плюс маладыя людзі заўсёды звяртаюць увагу на жыллёвае пытанне. І сёння мы практычна 100% сваіх аспірантаў можам забяспечыць інтэрнатам. Акрамя таго, сёлета адбыўся грандыёзны зрух за кошт ўвядзення ў строй арэнднага жылля. Мы атрымалі комплекс «Магістр» — гэта больш за сотню кватэр, адна-, двухпакаёвых, і тыя маладыя, якія прыйшлі да нас на працу, маюць вельмі высокі шанц яго атрымаць.

Надзея НІКАЛАЕВА

Выбар рэдакцыі

Навука

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Расказаў першы намеснік старшыні Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях Рэспублікі Беларусь Дзяніс Каржыцкі.

Здароўе

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

Як вакцыны выратоўваюць жыцці і чаго можа каштаваць іх ігнараванне?

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.