Вы тут

Адставанне хутка скарачаецца...


У традыцыйным спартыўным аглядзе «Звязда» распавядае пра поспехі Дар'і Домрачавай на нямецкіх этапах Кубка свету, узмацненне футбольнага «Дынама-Мінск» і дасягненне беларускай каманды на ралі «Дакар».

20-14

Дар'я Домрачава амаль што дагнала Кайсу Макарайнен у агульным заліку Кубка свету.

1. Дар'я Домрачава хуткімі тэмпамі скарачае адставанне ад Кайсы Макарайнен у барацьбе за Вялікі хрустальны глобус. На этапе Кубка свету ў нямецкім Рупольдзінгу трохразовая алімпійская чэмпіёнка двойчы ўзнімалася на подыум. Спачатку па выніках спрынтарскай гонкі: у ёй Домрачава фінішавала другой. А пасля наша біятланістка размяняла «серабро» спрынту на «золата» мас-старту. І калі ў кароткай гонцы на 7,5 км у Дар'і, як кажуць, «не кацілі лыжы», то на сваёй кароннай дыстанцыі наша прыма паказала абсалютна найлепшы ход.

Кайса Макарайнен, дарэчы, ужо другі этап запар застаецца без месца на п'едэстале. Такім чынам, менш чым за два тыдні стаачковая фора фінскай біятланісткі скарацілася амаль што ўдвая і цяпер складае ўсяго толькі 58 ачкоў.

І яшчэ адна падстава парадавацца за беларускі біятлон — «серабро» у жаночай эстафеце. Гэта ўжо трэці поды-
ум для нашых дзяўчат у гэтым сезоне. Адзначым, што ў Рупольдзінгу за беларускую каманду дэбютавала Ірына Крыўко, якая, між іншым, свой этап правяла «на нуль», не скарыстаўшы ніводнага дадатковага патрона. Ці застанецца дэбютантка на пазіцыі чацвёртага нумара, даведаемся ўжо ў нядзелю. Новы этап Кубка свету стартуе ў пятніцу, месца дзеяння — італьянская Антэрсельва.

2. Хакейнае «Дынама-Мінск» у драматычным матчы саступіла падольскаму «Віцязю» — 2:5. На трэці перыяд «зубры» выходзілі пры мінімальным адставанні 1:2. Але потым у вароты мінчан заляцелі яшчэ дзве шайбы. Пасля гэтага Любамір Покавіч памяняў галкіпера: Ларса Хаўгена змяніў Дзмітрый Мільчакоў.

За некалькі хвілін да фінальнай сірэны Джонатан Чычу аформіў дубль, падарыўшы фанатам «бела-сініх» невялічкую надзею на станоўчы вынік гульні. Але дагульваць матч дынамаўцы вымушаны былі без Мільчакова. Як вынік — у пустыя вароты «зуброў» закацілася пятая шайба.

«Мы дрэнна пачалі, таму што хутка прапусцілі дзве шайбы, — сказаў пасля матча галоўны трэнер «Дынама» Любамір ПОКАВІЧ. — У другім перыядзе мы стараліся параўнаць лік і павінны былі закідваць яшчэ адну шайбу. Але не атрымалася. У трэцім перыядзе сапернік граматна выкарыстаў нашы памылкі. У канцы мы прапусцілі ў пустыя вароты: у гэты момант, вядома, ужо складана было штосьці змяніць».

Наперадзе ў дынамаўцаў пяціматчавая выязная серыя. Ужо сёння «зубры» згуляюць супраць аўтсайдара Заходняй канферэнцыі — браціслаўскага «Слована».

3. Беларускі фрыстайліст Максім Гусцік заваяваў бронзу чэмпіянату свету, які праходзіць у аўстрыйскім Крайшбергу. Гэта выступленне стала лепшым дасягненнем беларускага спартсмена на турнірах вышэйшай катэгорыі. У суперфінале жаночага турніру выступала і Ганна Гуськова. Але ў апошнім скачку спартсменка ўпала на прызямленні і заняла выніковае шостае месца. Зрэшты, гэта выступленне таксама стала лепшым у кар'еры маладой фрыстайлісткі.

4. Баскетбольны клуб «Цмокі-Мінск» пацярпеў чарговае паражэнне ў розыгрышы Адзінай лігі ВТБ. У гэты раз падапечныя Ігара Грышчука не справіліся з адным з лідараў — падмаскоўнымі «Хімкамі» (77:98). Найлепшым у складзе мінскіх «цмокаў» быў Іван Мараш, які назбіраў 21 ачко.

5. Футбольнае «Дынама-Мінск» падпісала форварда зборнай Чарнагорыі Фатаса Бечырая. На клубным узроўні Бечырай правёў 207 матчаў і забіў 69 мячоў. Самая вядомая каманда, за якую выступаў новы форвард мінчан, — заграбскае «Дынама». З гэтым клубам чарнагорац двойчы выйграваў мясцовы чэмпіянат і Кубак Харватыі. Мінулы сезон Бечырай правёў у складзе клуба з кітайскай Суперлігі «Чанчунь Ятай».

6. Беларуская каманда «МАЗ-СПОРТаўта» ўвайшла ў дзясятку найлепшых экіпажаў ралі «Дакар-2015». На апошнім этапе МАЗ Аляксандра Васілеўскага паказаў толькі трынаццаты час. А вось МАЗ Сяргея Вязовіча фінішаваў дзясятым. І калі б не тэхнічная паломка на марафонскім этапе, экіпаж мог бы пазмагацца за першую пяцёрку. Тым не менш 10-е месца ў агульным заліку, які паказалі нашы гоншчыкі, — гэта найлепшы вынік каманды за ўсю гісторыю яе выступлення ў сусветна вядомым аўтамарафоне.

 

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Гісторыя ваеннага братэрства

Гісторыя ваеннага братэрства

«Нармандыя», што стала Нёманскай.

Рэлігія

200 гадоў пад заступніцтвам Пятра і Паўла

200 гадоў пад заступніцтвам Пятра і Паўла

Гомельскі кафедральны Свята-Петра-Паўласкі сабор — адзін з самых велічных праваслаўных храмаў Беларусі, адзін з нямногіх помнікаў архітэктуры зрэлага класіцызму, які захаваўся да нашых дзён.