Вы тут

Цярністы шлях вяртання


Што чакае Вікторыю Азаранку ў новым сезоне

Марціна Хінгіс, Марыя Шарапава, Сірэна Уільямс... Гэта далёка не ўвесь спіс вялікіх тэнісістак, якія здолелі пасля сур'ёзных траўм вярнуцца на колішні высокі ўзровень. Нават больш. Шарапава, напрыклад, пасля аперацыі на плячы двойчы выйграла «Ралан Гарос» і дасягнула другога месца ў сусветным рэйтынгу. А Уільямс-малодшая, чыя далейшая кар'ера ў 2010 годзе аказалася пад пагрозай праз лёгачную эмбалію, не толькі перамагла хваробу, але і вярнулася яшчэ мацнейшай, чым раней: выйграла пяць «грандслэмаў», два алімпійскія «золаты» і стала самай узроставай першай ракеткай свету. Прыклады гэтых спартсменак натхняюць, праўда?

20-15

Прыма айчыннага тэніса Вікторыя Азаранка таксама праходзіла праз штосьці падобнае. У 2010 годзе пасля шэрагу дробных траўм і крыўдных ранніх пройгрышаў Віка нават падумвала завяршыць кар'еру. Але ўсё ж такі вырашыла не прымаць паспешных рашэнняў... У выніку гэта гісторыя скончылася двума тытуламі на Australіan Open, двума алімпійскімі медалямі і званнем найлепшай тэнісісткі свету. Яна на ўзлёце — і вось новы выклік.

У мінулым сезоне Азаранка правяла толькі 24 матчы. Траўма галёнкаступнёвага сустава, якую тэнісістка атрымала на Australіan Open, і раннія спробы вярнуцца на корт каштавалі вельмі дорага. Ужо пасля, аналізуючы гэты кашмарны сезон, Віка прызнаецца: «Спачатку я не была сумленнай з сабой, мне цяжка было прызнаць, што я сутыкнулася з сур'ёзнай праблемай, якую не так проста вырашыць». Адчуць сябе больш-менш здаровай тэнісістка змагла толькі ў самым канцы сезона. Азаранка зноў выходзіць на вялікую пляцоўку, дасягае чвэрцьфіналу US Open, дзе саступае першай сур'ёзнай саперніцы, і прымае рашэнне датэрмінова скончыць сезон. Большасць рэйтынгавых ачкоў згублена, месца ў дзясятцы сусветнага рэйтынгу быццам бы ніколі не было, упэўненасць у сабе пахіснулася... Трэба пачынаць усё з нуля.

«Шчыра кажучы, я ніколі не была так матывавана, як зараз», — распавядала тэнісістка перад стартам новага сезона ў інтэрв'ю сусветна вядомаму выданню New York Tіmes. Гэта адказ усім скептыкам, якія ўжо паспяшаліся спісаць беларускую спартсменку з рахункаў. Так, трыумфальнага вяртання не атрымалася: на стартавым турніры ў аўстралійскім Брысбэне Азаранка прайграла ў першым жа паядынку маладой і небяспечнай чэшцы. Але гэта не было падобна да паказальнага лупцавання экс-чэмпіёнкі — звычайны працоўны матч з разраду «Бітвы пакаленняў». У рэшце рэшт, і Сірэна Уільямс, здаровая, у самым росквіце сіл, у мінулым сезоне саступала на «Ралан Гарос» такой жа маладой і перспектыўнай тэнісістцы з Іспаніі!

Мудры французскі трэнер Вікторыі Азаранкі Сэм С'юмік так характарызаваў сваю падапечную: «Калі вы захочаце зрабіць на вячэру лазанню, яна захоча зрабіць лазанню лепшую за вашу». Амбіцыйнасць і здаровы дух саперніцтва — ужо толькі гэтыя якасці змогуць выцягнуць беларускую тэнісістку з рэйтынгавай ямы, куды яна неўзабаве трапіла (цяпер Азаранка займае 44-е месца ў сусветнай класіфікацыі. — Аўт.). А калі дадаць да гэтага гульнявы вопыт і няспынную працу над сабой, можна паспрабаваць і горы зрушыць.

Сёлета ў Мельбурне, дзе Вікторыя тры гады таму ўпершыню ўзняла над галавой запаветны Кубак, наша тэнісістка будзе лічыцца андэрдогам. Прэтэндэнтак на тытул, як ніколі, вельмі шмат — і сярод старой гвардыі, і сярод дзёрзкай моладзі. Пры ўдалым для беларускі раскладзе (вынік матча першага круга вы ўжо ведаеце. – Аўт.) у другім раўндзе Вікторыю, хутчэ за ўсё, будзе чакаць яе сяброўка і адна з самых прынцыпіяльных саперніц – Каралін Вазняцкі. У адрозненне ад нашай спартсменкі, датчанка зараз перажывае новы пік у спартыўнай кар’еры і небяспечная як ніколі. У любым выпадку ўжо ў другім раўндзе Australian Open гледачы могуць атрымаць суперматч з шыкоўнай афішай. А хто будзе мацнейшым, разважыць яго Вялікасць Тэніс!

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Гісторыя ваеннага братэрства

Гісторыя ваеннага братэрства

«Нармандыя», што стала Нёманскай.

Рэлігія

200 гадоў пад заступніцтвам Пятра і Паўла

200 гадоў пад заступніцтвам Пятра і Паўла

Гомельскі кафедральны Свята-Петра-Паўласкі сабор — адзін з самых велічных праваслаўных храмаў Беларусі, адзін з нямногіх помнікаў архітэктуры зрэлага класіцызму, які захаваўся да нашых дзён.