Вы тут

Млын ва Укольску


image description

Млын ва Укольску.

Зіма, 1954 год.

Яшчэ ў 1970-я гады ўкольскі млын Браслаўскага раёна Віцебскай вобласці служыў спраўна, малоў збожжа і калгасу, і калгаснікам. А ў 1960-я, памятаю, кожную восень пад'язджалі сюды з навакольных вёсак вазы з паўнюткімі мяхамі. Толькі колы рыпелі пры пад'ёме на ўзгорках. У чэргах стаялі людзі з вазамі па двое сутак, тут жа і начаваць прыходзілася. Нідзе ж паблізу і не малолі, аж з Шаркаўшчынскага раёна сюды прыязджалі. Гэты вадзяны млын быў вядомы ўсім.

Тут і грубы памол рабілі, і панцак, і мяккую муку вышэйшага гатунку — пытляваную...

Млын быў пабудаваны яшчэ пры цары Мікалаі ІІ, у 1911 годзе, непадалёку ад вёскі Укольск. Пра гэта расказаў Маслоўскі Іосіф Іосіфавіч, сын млынара: «Заснаваў млын мой прадзед Тамаш. Яго справу прадоўжыў дзед Пётр, а затым два ягоныя сыны — таксама Пётр (мой дзядзька) і Юзаф, мой бацька (1911 г. н.). Зроблена ўсё было сваімі рукамі, сваімі сіламі. Пабудавана было на доўгія гады. Амаль стагоддзе прастаяў млын...».

Маслоўскія-малодшыя сцвярджаюць, што пабудаваць млын спачатку хацелі ў іншым месцы: у вёсцы, якраз насупраць дома каваля (дарэчы, каваль гэты — стрыечны брат млынара).

Унізе, ля рэчкі, і да гэтай пары ляжаць камяні. І па́лі пазаганяныя стаялі... З вялікімі намаганнямі ўсё рыхтавалася, але будоўлю прыйшлося адкласці. Трэба было шукаць іншае месца, дзе плынь была больш хуткая і глыбіня большая.

Кажуць, што на пабудову гэтага млына пайшло шмат золата ў манетах; што пабудавалі млын на азяраўскай зямлі, і за гэта трэба было сплачваць... І бацька каваля, Ігнат Тамашавіч, таксама прымаў удзел у будаўніцтве.

Гаспадарамі млына амаль усе гады (з 1910-х па 1980-я) былі спачатку бацька — Пётр Тамашавіч, а затым сын — Іосіф Пятровіч Маслоўскія. (Толькі ў ваенны час тут знаходзіліся іншыя людзі: нехта Таранцаў (прыезджы), а затым Талстоў Іван з Укольска, працаваў тут 4 гады. А калі Талстоў выехаў у Латвію, тады ўжо Юзаф Маслоўскі да апошніх дзён быў тут «на службе».)

З успамінаў Станіславы Маслоўскай (Далецкай), 1930 г.н., якая выйшла замуж за млынара ў 1958 годзе: «Каля хаты цякла рака, Усвіца, аж з Казненскага возера яна выцякала. У рацэ «заставы» (плаціны) былі зроблены, ваду затрымлівалі, назапашвалі. З дарогі ішоў спуск уніз, і там стаяў млын. Высокі падмурак, прасторная будыніна з каменю, нахіл з дошак (па ім мяшкі наверх бэлькай круцілі, ланцугом падымалі). А наверсе стаялі жорны, дзе малолі два вялікія каменныя кругі. Кругі былі пакладзены адзін на адзін. Ніжні быў нерухомы, а другі круціўся. І з-пад гэтага каменнага круга сыпалася мука ў падстаўленыя мяхі. Мяхі адцягвалі, муку адкопвалі, падстаўлялі новыя мяхі... А пад нізам, пад будынінай вялізнай гэтай, вада бурліла. Там вал дубовы быў, кола магутнае, дубовае круцілася, і шумела-грымела вада... Правялі электрычнасць на млын у 1970 годзе, але ён ужо пачаў разбурацца. Кола стала непрыдатным. Вада размыла сцены. А потым і плаціна рухнула».

Баба Стася ў свой час паспела распавесці: «Млын не працаваў ужо. Аднойчы (гэта здарылася ў 1984 годзе) як «жухнула» ўсё ўніз, у ваду, у вір: і сцены, і шыфер... А потым і мост абваліўся аднойчы...».

За ўсім догляд быў патрэбны, а гаспадар к таму часу ўжо памёр (летам 1980 года). Занядужаў чалавек. Праца была цяжкая, пыльная. Памёр млынар — завяршыў сваю працу і млын...

А якая прыгожая сядзіба там была! Уявіце сабе: палявая дарога, якая падымаецца, а справа — вялізная гара. Крыху далей — дуб і побач крыж каталіцкі... А млына нідзе і не відаць?! Але вось рэзкі паварот направа. Каляіны вядуць уніз... Дык вось ён, млын — злева! А справа, крышачку вышэй, «прыпынілася» вялікая, дыхтоўная хата млынара.

Высачэзная, абрывістая гара ля самай хаты заўсёды служыла надзейнай заслонай ад паўночных вятроў. А пад вокнамі хаты, з поўдня, улетку цвілі высокія, прыгожыя «кітайскія ружы». Далей, унізе за хатай, — яблыневы сад, пчаліныя вуллі. Быццам у які аазіс трапляеш!..

Налева ўнізе — брод цераз раку, дно якой усыпана каменьчыкамі. Вось якраз пад імі малы сын млынара спрытна лавіў уюноў (відэльцам!). А стоячы на мосце праз плаціну і добрай рыбы можна было навудзіць. «Заходзілі» сюды шчупакі, язі, ліні, нават яльцы.

А колькі вандроўнікаў у гэтых мясцінах пабывала — ніхто не лічыў! Хто толькі сюды не прыязджаў, не прыходзіў! Мясцовыя вадзілі сюды і вазілі гасцей з Латвіі, з Польшчы. Пабывалі тут і сталічныя жыхары з Мінска, з Рыгі. Мясціна гэтая дужа вабіла, як магнітам прыцягвала. Краявіды цудоўныя! Яны і натхнілі вядомага мастака Браслаўшчыны — Тэафана Баркоўскага — на напісанне карціны «Млын ва Укольску» (існуюць нават два варыянты яе). Калісьці мастак яшчэ са сваімі бацькамі наведваў гэтыя прыгожыя мясціны, а потым сам Тэафан падарожнічаў на веласіпедзе, сам здымаў і маляваў. Здымаў у 1974 годзе, калі млынар яшчэ жыў і працаваў, і пазней, калі млын ужо прыйшоў у заняпад. Некалькі разоў прыязджаў сюды мастак у 1990-я і рабіў замалёўкі...

А што сёння? Цяпер гэты аб'ект страчаны назаўсёды, а на яго месцы сучасная сядзіба «новага беларуса» з нашай сталіцы... Сумна, што ніхто з мінакоў цяпер сюды не загляне, не палюбуецца хараством прыроды, не адпачне душой...

Ірына Ермаковіч.

 

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».