Вы тут

Пакуль без змен


Рознічныя цэны на сацыяльна значныя харчовыя прадукты ў студзені, нават у параўнанні са снежнем мінулага года, застаюцца без змен, паведаміла карэспандэнту «Звязды» намеснік начальніка ўпраўлення антыманапольнай і цэнавай палітыкі Гродзенскага аблвыканкама Вольга КАРОТКАЯ.

Гэта тычыцца хлебабулачных вырабаў, малака, мяса, смятаны, тварагу, масла, плодаагародніннай прадукцыі, алею, яек... Ні вытворцы (у асноўным гэта прадпрыемствы Гродзеншчыны), ні гандаль цэны ў бок павышэння не мянялі. Больш за тое, некаторыя з іх праводзілі перадсвяточныя акцыі з цэнавымі зніжкамі.

Кошт у гандлёвых аб'ектах, напрыклад, мяса птушкі (кураня-бройлер) цяпер, як і раней, складае 28 550 — 32 100 рублёў за 1 кілаграм. Свініна на костцы каштуе каля 59 тыс. руб. Дзясятак яек першай катэгорыі — ад 12 да 16,5 тыс. руб. Не змяніліся з пачатку студзеня і цэны на агародніну (бульбу, моркву, буракі), якая рэалізуецца са стабілізацыйных фондаў і закупляецца ў насельніцтва.

Пры гэтым вытворцы не скарацілі асартымент сваёй прадукцыі — у пакупніка ёсць выбар у адпаведных цэнавых сегментах. Што можна бачыць, напрыклад, па наяўнасці ў продажы малака рознай тлустасці. Недахопу прадукцыі і, адпаведна, жадання спекулятыўна на гэтым зарабіць у перадсвяточныя дні і пазней праверкамі не выяўлена, зазначае Вольга Кароткая.

Як пераканаўся аўтар гэтых радкоў, на Цэнтральным рынку абласнога цэнтра цэны на сацыяльна значныя прадукты харчавання таксама не падскочылі. У прыватнасці, за 12 тысяч рублёў я купіў дзясятак яек. Кілаграм бульбы каштаваў 3-5 тысяч рублёў, прыкладна па такой жа цане можна было купіць капусту і моркву. За кілаграм свініны (шыйная частка) прасілі 88-90 тысяч рублёў — гэта танней, чым у многіх крамах. Прычым прапанова мясной прадукцыі, як падалося, перавышае попыт на яе. Праходзячы каля прылаўкаў, амаль ад кожнага гандляра чуеш прапанову спыніцца і купіць менавіта ў яго.

— Цэны «стаяць на месцы»? — цікаўлюся ў адной з гандлярак.

— Прадукцыя свежая і яе трэба хутка прадаць. Таму які нам сэнс падымаць цэны? — пытаннем на пытанне адказвае жанчына.

І сапраўды, ніякай рацыі гэта рабіць няма, тым больш што святы прайшлі і пакупніцкі попыт на тое ж мяса, натуральна, скараціўся.

Барыс ПРАКОПЧЫК

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Гісторыя ваеннага братэрства

Гісторыя ваеннага братэрства

«Нармандыя», што стала Нёманскай.

Рэлігія

200 гадоў пад заступніцтвам Пятра і Паўла

200 гадоў пад заступніцтвам Пятра і Паўла

Гомельскі кафедральны Свята-Петра-Паўласкі сабор — адзін з самых велічных праваслаўных храмаў Беларусі, адзін з нямногіх помнікаў архітэктуры зрэлага класіцызму, які захаваўся да нашых дзён.