Цяпер усе неабходныя звесткі пра кадастравы кошт зямель і зямельных участкаў, а таксама падатковую базу ў гэтай сферы будуць утрымлівацца на спецыяльным інфармацыйным інтэрнэт-рэсурсе, паведамляе прэс-служба Дзяржаўнага камітэта па маёмасці Беларусі.
Рэгістр кошту зямельных участкаў размешчаны ў інтэрнэце па адрасе http://vl.nca.by. У ім утрымліваецца ўся інфармацыя пра праведзеныя кадастравыя ацэнкі зямельных участкаў і зямель на тэрыторыі Беларусі, за выключэннем сельскагаспадарчых, і іх кадастравы кошт. Уся падобная інфармацыя размешчана ў свабодным доступе і бясплатная для карыстальнікаў у любым пункце свету. Вядзенне рэсурсу ажыццяўляе Нацыянальнае кадастравае агенцтва Беларусі.
Спецыялісты прэс-службы Дзяржкаммаёмасці нагадалі, што ў адпаведнасці з пунктам 14 артыкула 202 Падатковага кодэкса Беларусі плацельшчыкі-арганізацыі прадстаўляюць у падатковыя органы дэкларацыі (разлікі) па зямельным падатку штогод не пазней за 20 лютага. Атрымліваецца, што з пачатку года яны маюць на падрыхтоўку гэтага фінансавага дакумента не больш за паўтара месяца. Дзякуючы новаму рэгістру кошту зямельных участкаў падрыхтоўка штогадовых дэкларацый па зямельным падатку будзе займаць у плацельшчыкаў значна менш часу, упэўнены эксперты Дзяржкаммаёмасці.
Інфармацыя, якая змяшчаецца ў рэгістры кошту зямельных участкаў, асабліва актуальная для арганізацый-плацельшчыкаў, што маюць у карыстанні або ўласнасці зямельныя ўчасткі па ўсёй Гомельскай вобласці, у Віцебску, Магілёве, Лідзе, Любчы і Белаазёрску, а таксама ў Нясвіжскім, Глускім і Пухавіцкім раёнах, бо толькі летась там была праведзена кадастравая ацэнка зямель.
Сяргей КУРКАЧ.
Як работнікі МАЗа рыхтуюцца да выпрабаванняў у пустыні.
У зоне абслугоўвання — дзесяць вёсак.
На прасторах яе вялікасці кнігі.