Вы тут

Рыжскі мір: беларускі погляд


Тэма, якая некаторы час замоўчвалася і была незаслужана адсунута ўбок, нарэшце, у поўнай меры адлюстравана ў двухтомным даследаванні. Ажно 17 аўтараў далучылася да вялікай справы, у выніку якой выйшла калектыўная манаграфія «Рыжскі мір у лёсе беларускага народа». Вучоныя Нацыянальнай акадэміі навук, гісторыкі беларускіх ВНУ і супрацоўнікі Інстытута нацыянальнай бяспекі разважаюць пра сутнасць і значэнне Рыжскага мірнага дагавора для краіны, апісваюць падзеі, што яму папярэднічалі, прыводзяць малавядомыя, але вельмі цікавыя факты.

— Трэба прызнаць, што сёння ёсць пэўны інфармацыйны голад, які тычыцца погляду айчынных гісторыкаў на тыя ці іншыя праблемы, — лічыць адзін з аўтараў манаграфіі, дырэктар Інстытута гісторыі НАН Беларусі Вячаслаў ДАНІЛОВІЧ. — І, відавочна, наспела неабходнасць весці размову пра знакавыя ў нашай гісторыі падзеі з беларускага пункту гледжання. Гаворачы аб актуальнасці падобных даследаванняў, мы выдатна ўсведамляем, што нам (у першую чаргу гісторыкам) неабходна займаць сваю нішу і ў плане геапалітычных даследаванняў. Менавіта з гэтай мэтай мы стварылі ў інстытуце Цэнтр гісторыі геапалітыкі (упершыню ў айчыннай гістарычнай навуцы). Дарэчы, яго супрацоўнікі таксама прымалі ўдзел у падрыхтоўцы гэтага выдання.

Грунтоўная гістарыяграфія праблемы распачынае першы том манаграфіі. Падзеі польска-савецкай вайны, што папярэднічалі заключэнню Рыжскага мірнага дагавора, сам дагавор, якім чынам адбывалася яго падпісанне, чаму не быў прадстаўлены на гэтых перамовах беларускі бок — на ўсе пытанні ў гісторыкаў ёсць адказы. Падрабязна разглядаецца сацыяльна-эканамічнае, грамадска-палітычнае і духоўна-культурнае становішча на тэрыторыі Заходняй Беларусі. Другі том вяртае ў падзеі Другой сусветнай вайны, чытачы быццам становяцца сведкамі знакавай даты — уз'яднання Заходняй Беларусі з БССР, сацыяльна-культурных, грамадскіх, палітычных і канфесійных пераўтварэнняў, якія адбывалася на далучаных тэрыторыях, а таксама падзей Вялікай Айчыннай вайны і пасляваеннага становішча ў заходніх рэгіёнах БССР.

Вось, напрыклад, вытрымка з дакументальных запісаў 1919 года, што сведчыць пра тую палітыку, якую праводзілі польскія войскі, калі занялі тэрыторыю Беларусі падчас польска-савецкай вайны: «Пры ўваходзе ў Ваўкавыск было загадана спыніць афіцыйны зварот да ўлад на беларускай, рускай і іншых мовах, акрамя польскай. Загадана было зняць усе шыльды на рускай і беларускай мовах, замяніць іх польскімі. Затым прыступілі да вышуку ўсіх беларускіх палітычных і грамадскіх дзеячаў. І неўзабаве ўсе праваслаўныя былі арыштаваны і пасаджаны ў турму... Для апраўдання арыштаў прымусілі ўсіх пад страхам прыстаўленага да скроні рэвальвера даць падпіску ў тым, што яны бальшавікі...» А гэта погляд збоку (з дакладной запіскі пасла Францыі ў Польшчы): «Працягвае ажыццяўляцца палітыка паланізацыі беларускага насельніцтва, у асноўным каталіцкага. Вельмі жорсткая пазіцыя ўрада ў дачыненні да беларускіх інтэлектуалаў, не церпяць ніякай палітычнай актыўнасці з іх боку, а мясцовай адміністрацыі не дазволена рабіць паслабленняў...»

23-25

Аўтары манаграфіі прапаноўваюць паглядзець на некаторыя гістарычныя рэаліі па-новаму. Напрыклад, красамоўная дэталь, што сведчыць пра пазіцыю ўрада БНР, які ў той час узначальваў В. Ластоўскі. З ліста першага наркама па замежных справах СССР Г. Чычэрына: «У інтарэсах спрыяльнага зыходу плебісцытаў літоўскі ўрад увайшоў у пагадненне з урадам БНР лістом ад 20 снежня (1920 года. — Аўт.). Ластоўскі заявіў, што да Савецкай Беларускай Рэспублікі яго ўрад хоча захаваць сяброўскія адносіны». Ці не цікавы момант? Атрымліваецца, што фактычна ўрад БНР прызнаваў савецкі ўрад Беларусі і быў гатовы захоўваць сяброўскія адносіны.

Не сакрэт, што існаванню беларускай мовы мы абавязаны простаму народу, які насуперак усялякім забаронам, магчыма, толькі ў межах сваёй хаты або на полі, але размаўляў на роднай мове. І ёсць гэтаму дакументальнае пацвярджэнне. «Сяляне размаўляюць на сапраўднай беларускай мове. Прычым ужываюць шмат слоў, аб якіх нас тут запэўнівалі, што яны нацдэмаўскія і выдуманыя...» (з ліста першага сакратара ЦК КПБ П. Панамарэнкі І. Сталіну пра становішча ў Заходняй Беларусі, 25 верасня 1939 года).

23-26

На думку аднаго з аўтараў манаграфіі, загадчыка аддзела навейшай гісторыі Беларусі Інстытута гісторыі Сяргея ТРАЦЦЯКА, рыжскаму міру не вельмі пашчасціла, бо ён заўсёды знаходзіўся дзесьці ў цені. «У 1920 — 1930-я гады ў Савецкім Саюзе пра яго не ўспаміналі, — гаворыць кандыдат гістарычных навук. — Больш за тое, яго спрабавалі паказаць як перамогу савецкай палітыкі і дыпламатыі ваеннага мастацтва. Пасля 1945 года гэтую падзею імкнуліся не ўзгадваць, бо Польшча стала сябрам і саюзнікам. І толькі ў 1990-я гады атрымалася так, што мірны дагавор, заключаны ў Рызе ў 1921 годзе, зноў становіцца актуальнай з'явай палітычнага жыцця. Урэшце менавіта дэнансацыя Рыжскага міру і нацыянальнае ўз'яднанне Беларусі, якое адбылося ў верасні — лістападзе 1939 года, зрабілі нашу краіну такой, якой яна з'яўляецца — моцнай дзяржавай Цэнтральнай Еўропы. Нацыянальнае адзінства ўмацавала беларусаў як адзін з трох вялікіх народаў, на якіх трымаўся ўвесь Савецкі Саюз».

— Усё, што мы маем сёння, — дасягненне беларускага народа, што здолеў выстаяць і захавацца ў самыя цяжкія часы нашай гісторыі, — перакананы Вячаслаў Даніловіч. — Мы знаходзімся на геапалітычным перакрыжаванні: паміж заходняй і ўсходняй цывілізацыямі. Таму ўвесь час адчуваем, як адбіваўся на нас ціск іншых народаў. Шматлікія войны праходзілі праз нашу тэрыторыю, але беларускі народ аказаўся настолькі жыццяздольным, што захаваў сваю адметнасць, характэрныя толькі для яго рысы. Зразумела, ён увабраў нешта і ад сваіх суседзяў, але не растварыўся ў іх. І гэта стала магчымым дзякуючы стойкасці і моцы духу нашых продкаў.

Цікавая структура самога выдання: аналітычны матэрыял кожнага раздзела падмацоўваецца ілюстрацыямі, найбольш знакавымі з гістарычнага пункту гледжання архіўнымі дакументамі па гэтай праблематыцы. Тут прадстаўлены не толькі дакументы беларускіх архіваў, але і Дзяржаўнага архіва Расійскай Федэрацыі, Расійскага дзяржаўнага архіва сацыяльна-палітычнай гісторыі, Польскага архіва новых актаў і іншых. Выданне наўмысна падрыхтавана на рускай мове дзеля прыцягнення больш шырокай аўдыторыі, у тым ліку за мяжой. А там, як прызналіся аўтары, цікавасць да твора ўжо ёсць.

Вераніка КАНЮТА

Выбар рэдакцыі

Рэгіёны

Наперадзе — лета! Ці гатовыя тэрыторыі дзіцячага адпачынку прыняць гасцей?

Наперадзе — лета! Ці гатовыя тэрыторыі дзіцячага адпачынку прыняць гасцей?

Вучэбны год завяршаецца для 1,1 мільёна беларускіх школьнікаў, з іх 107,8 тысячы заканчваюць 9-я класы і 57,5 тысячы — 11-я.

Грамадства

У чым пайсці на выпускны баль?

У чым пайсці на выпускны баль?

 Паглядзім, што раяць стылісты і што рэальна набыць у нашых шыротах, пажадана не ўганяючы бацькоў у даўгі.

Спорт

Які наш спорт сёння?

Які наш спорт сёння?

«З кожным днём сітуацыя ў свеце мяняецца так, што ў вялікай ступені гэта закранае і спорт».