Вы тут

Душа народа


Драўляны народ Мікалая Тарасюка застаўся без майстра

Дзевяць дзён таму майстар адышоў у лепшы свет, а яго драўляны люд працягвае жыць. Фігуркі і сюжэты, якія выразаў з дрэва Мікалай Васільевіч, захоўваюцца ў музеях Мінска, Брэста, Пружан, іншых гарадоў Брэстчыны і суседняй Польшчы, а таксама ў яго асабістым музеі «Успаміны Бацькаўшчыны» ў вёсцы Стойлы Пружанскага раёна.

Першы раз я была ў гасцях у народнага майстра шэсць гадоў таму. Ён ужо жыў адзін у сваёй вёсцы, але выглядаў вясёлым і рухавым. Мог быць і сур'ёзным, калі гаварыў пра важныя для яго рэчы. Тады мы прыехалі ў Стойлы разам з нядаўна прызначаным загадчыкам аддзела культуры райвыканкама Канстанцінам Панімашам. Маладому кіраўніку культурнай галіны раёна Тарасюк сказаў тады: «Жадаю табе, сынок, — потым прыгледзеўся, — не, хутчэй, унучак, весці культуру так, каб яна ў раёне не ў хвасце плялася, а наперадзе ішла, бо культура — гэта ж душа, гэта самае галоўнае...» І не дагаварыў, зажаліўся. Сентыментальным быў пажылы майстар, калі разважаў пра набалелае.

23-15

А вось калі весяліўся, яго любімай лаянкай была «сабача атрава». Уласна кажучы ён тады і сустрэў нас гэтымі словамі. Аказалася, «камплімент» быў адрасаваны хлопцам з аддзела культуры, бо паводле ацэнкі жыхара Стойлаў, даўнавата не былі, забыліся на старога. Пазней мы зразумелі, што словазлучэнне мае не крыўднае адценне, а, хутчэй, свойска-гумарны сэнс. Калі гаспадар абняў за шыю любімага каня са словамі «ну што, Орлік, сабача атрава», стала ясна, што яны могуць мець і ласкавае значэнне.

Сам надзвычай жвавы і дасціпны Мікалай Васільевіч вельмі любіў усё жывое. На падворку яго было поўна катоў і сабак. Сабакі добрыя, на чужых людзей не брахалі, толькі хвастамі вілялі. А сярод катоў гаспадар вылучаў чорнага дрэсіраванага «акрабата»: такія па з ім рабіў, што аж глядзець страшна было, а кату — хоць бы што. Сваіх чатырохногіх сяброў ён часам называў «негадзяі». І слова «негадзяй» у Тарасюка мела шмат значэнняў: гэта і прамы сэнс — дрэнны, кепскі чалавек, і састарэлы хворы — негадзяшчы, і ласкава-паблажлівы — амаль «харошы мой». Ён і словы прыдумваў, і сюжэты да іх. Селянін-філосаф.

23-31

Самым вялікім сумам усяго жыцця народнага майстра была яго паміраючая вёска. «Вось іду па вёсцы — там плуг іржавы валяецца, там барана дагнівае, там серп, зачэплены за плот, парыжэў ад дажджу. Не магу глядзець, дзеткі, іду і плачу», — гаварыў тады Мікалай Васільевіч. Сапраўды, вельмі сумную карціну ўяўляюць сабой Стойлы. Вёска знаходзіцца фактычна на ўскрайку Белавежскай пушчы, за 50 кіламетраў ад райцэнтра. Калгас даўно перастаў існаваць. І землі ў ваколіцы, некалі меліяраваныя, выйшлі са строю, зараслі бур'яном. Дзічэюць і зарастаюць апусцелыя сядзібы.

Апошні жыхар вёскі расказваў, што некалі на рацэ Левая Лясная працаваў вадзяны млын. А рыбы вадзілася столькі, што мясцовыя жыхары яе прадавалі. Але ў 50-я гады падчас меліярацыі рэчышча ракі было адведзена ўбок, і яна абмялела, абязводзілася. Цікава ён разважаў пра рэчку, гаварыў пра яе, нібы пра жывую: «Калі спявалі песні, іх было чутно ў Брадах, яны па рацэ плылі». Даўно ўжо ніхто не спявае ў Стойлах. А дзядуля Мікалай, пакуль мог, кожную вясну запрагаў Орліка і араў столькі зямлі, колькі мог працаваць. Гэта быў яго асабісты пратэст супраць вымірання вёскі.

Свой сум майстра і селяніна ён увасобіў у драўляных фігурках, якія называў драўляным народам. Майстар-самавучка выразаў фігуркі з паленцаў, упрыгожваў іх лазой, саломай і кампанаваў у сюжэты найбольш з сялянскага жыцця і побыту. Вясёлыя і сумныя героі Тарасюка жывуць цяпер у розных музеях і калекцыях, нямала народу засталося і ў пабудаванай для іх драўлянай хаце, якую майстар назваў «Успаміны Бацькаўшчыны». У хаце размясцілася цэлая драўляная вёска з цэрквамі і разнастайнымі малюнкамі жыцця. Разглядаць гэтыя сюжэты вельмі цікава яшчэ і таму, што яны суправаджаюцца асабістымі подпісамі аўтара. Ну вось такімі, напрыклад: «Некалі мужычок па зямлі плакаў, а цяпер зямля па мужычку плача». У апошнія гады ў працах яго прысутнічала тэма адыходу на вечны спачын, адпявання, пахавання: «Нас не будзе, але хтосьці будзе, хтосьці ўспомніць».

23-13

Успомніць будзе што. Найперш гэта драўляны народ, які асірацеў без свайго майстра, але застаўся на ўспамін нашчадкам. Усяго, паводле некаторых падлікаў, Мікалай Тарасюк выразаў каля 30 тысяч фігурак. У 2002 годзе майстар стаў лаўрэатам спецыяльнай прэміі Прэзідэнта краіны. У 2008 годзе выйшла кніжка — цудоўны альбом-манаграфія Вольгі Лабачэўскай «Сялянская энцыклапедыя ў творах Мікалая Тарасюка». Вольга Лабачэўская, фотамайстар Георгій Ліхтаровіч уклалі свае душу і сэрца, каб пераказаць, адлюстраваць усю ўзнёсласць, усе перажыванні майстра ў яго асэнсаванні жыцця, часу, навакольнай рэчаіснасці. Кніга, выдадзеная пры падтрымцы Брэсцкага аблвыканкама, была шырока прэзентавана і мела розгалас. А нядаўна зняты дакументальны фільм пра майстра са Стойлаў.

23-24

Пахавалі Мікалая Васільевіча ў вёсцы Вяжное побач з жонкай Надзеяй Васільеўнай. Паводле слоў начальніка аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Пружанскага райвыканкама Канстанціна Панімаша, лёс стойлаўскага музея «Успаміны Бацькаўшчыны» вырашаць дзеці Мікалая Тарасюка. Калі будзе дасягнута ўзаемаразуменне, то райвыканкам гатовы арганізаваць падворак майстра ў гарадскім парку. Пакідаць музей на ранейшым месцы ў пустой вёсцы няма ніякага сэнсу, лічыць Канстанцін Іванавіч.

Святлана ЯСКЕВІЧ.

Фота Анатоля КЛЕШЧУКА.

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Як змагацца з шумнымі суседзямі?

Як змагацца з шумнымі суседзямі?

Перш чым ісці вайной на суседзяў, варта вывучыць «Правілы карыстання жылымі памяшканнямі».

Эканоміка

Чым здзівіць «БЕЛАГРА-2024»?

Чым здзівіць «БЕЛАГРА-2024»?

У рамках дзелавой праграмы выставы пройдзе каля 20 тэматычных семінараў і канферэнцый.