Вы тут

Хвастом віляе небарака


Штотыдзень у эфіры тэлеканала «Беларусь‑3» — гульня «Размаўляем па-беларуску». Каб стаць яе ўдзельнікамі, неабходна зайсці на сайт tvrgomel.by або 3belarus.by і праз банер «Размаўляем па-беларуску» запоўніць заяўку на каманду з трох чалавек. Папярэдне ж праверыць сваё веданне роднай мовы можна з дапамогай «Звязды». Дарэчы, усе цытуемыя прыклады ўзяты з твора Якуба Коласа «Новая зямля».

Ці ведалі вы, што:

Ночвы — пасудзіна для мыцця бялізны і іншых патрэб.

Прынеслі ночвы мёду ў хату.

На долю выпала Кандрату

Дзяліць мёд гэты між кумамі,

Жанкі ідуць сюды з збанамі.

Хцівасць — сквапнасць, карыслівасць.

Гудуць пакрыўджаныя пчолкі,

Бы плачуць, бедныя саколкі,

Што праца іх неспадзявана

Людскою хцівасцю забрана.

Корак — закупорка для бутэлек і іншай падобнай пасуды.

Антось у ход пусціў далоні

І коркі спрытна выбівае —

Так, што здзіўленне выклікае.

Небарака — чалавек, які выклікае спачуванне, жаль.

Пастарэеш, небарака,

Дзеўкі ўсе зракуцца,

А ты будзеш, як сабака,

Туляцца і гнуцца.

Басэтля — беларускі смычковы музычны інструмент.

Грай на скрыпцы, сляпень,

На басэтлі, авадзень!

Лемантар — буквар. Устарэлае слова. «Беларускі лемантар, або Першая навука чытання» — такую назву меў першы беларускі буквар, выдадзены ў 1906 годзе ў Санкт-Пецярбургу.

Віляць хвастом — хітраваць, крывадушнічаць, дабівацца чыёй-небудзь прыхільнасці. Па-руску скажуць — «ломать шапку». «Змяніўся і выгляд іх хлёсткі, слухмяна віляюць хвастом, японскай чакаючы косткі, пад бедным манчжурскім сталом» (Аркадзь Куляшоў). Да гэтага фразеалагізма маецца шмат сінонімаў: настаўляць акуляры, лізаць боты, слацца лістам, замыльваць вочы, запраўляць арапа, рассыпацца макам і іншыя.

З рук вон — вельмі дрэнны, ніякі, ні к чорту, кату пад хвост. Па-руску — «курам на смех». «Ледзь морж прыпоўз назад і — плюх! — у мора. Адлежваўся, бядак, нямала дзён. Каханне атрымалася — з рук вон!» (Уладзімір Корбан).

Чарговыя выпускі тэлевіктарыны глядзіце ў эфіры «Беларусь 3» кожную суботу ў 11.10–11.25.

Ірына АСТАШКЕВІЧ.

Выбар рэдакцыі

Грамадства

У чым пайсці на выпускны баль?

У чым пайсці на выпускны баль?

 Паглядзім, што раяць стылісты і што рэальна набыць у нашых шыротах, пажадана не ўганяючы бацькоў у даўгі.

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Для Цяльцоў гэты тыдзень будзе напоўнены справамі і клопатамі, звязанымі са сваякамі ці дзецьмі. 

Спорт

Які наш спорт сёння?

Які наш спорт сёння?

«З кожным днём сітуацыя ў свеце мяняецца так, што ў вялікай ступені гэта закранае і спорт».