Вы тут

Грошы на вецер


Бюджэтныя сродкі затрачаны. А эфект?

Камітэт дзяржаўнага кантролю Гродзенскай вобласці пацікавіўся, наколькі эфектыўна выкарыстоўваюцца бюджэтныя сродкі на рэалізацыю будаўнічых праектаў.

Непатрэбныя праекты

Высветлілася, што фінансавыя і гаспадарчыя службы правераных райвыканкамаў не валодаюць нават звесткамі аб колькасці накіраваных на гэтыя мэты грошай. Хоць затраты вельмі значныя. За 2012-2013 гады толькі інстытут «Гроднаграмадзянпраект» за кошт бюджэту выканаў праектных работ на агульную суму 133,1 мільярда рублёў — гэта 89% ад агульнага аб'ёму выручкі, атрыманай праектнай арганізацыяй. Пры гэтым у кожным з правераных раёнаў выяўлены факты, калі па рашэннях мясцовых органаў улады праекты распрацоўваюцца і аплачваюцца, але ў далейшым застаюцца незапатрабаванымі.

Напрыклад, Астравецкі райвыканкам у 2008 годзе вырашыў пабудаваць у вёсцы Тракенікі школу на 200 месцаў і невялікую лазню. З раённага бюджэту разлічыліся за распрацоўку праектна-каштарыснай дакументацыі, геадэзічныя і вышукальныя работы (107,8 мільёна рублёў). А ўжо ў сакавіку 2009 года прынялі рашэнне... аб немэтазгоднасці будаўніцтва школы, бо не маюць у ёй патрэбы ў бліжэйшай перспектыве. Што тычыцца лазні, то за два гады з абласнога і раённага бюджэтаў на яе ўзвядзенне затрацілі 176,6 мільёна рублёў. Аднак у ліпені 2009-га будаўніцтва спынілі, аб'ект у эксплуатацыю не ўведзены.

Альбо такі факт. У 2011 годзе, згодна з рашэннем Смаргонскага райвыканкама, распрацавалі праекты на тры аднакватэрныя жылыя дамы ў вёсцы Войстам, сеткі электра- і водазабеспячэння, аб'екты транспартнай інфраструктуры. Раённы бюджэт затраціў на гэта больш за 10 мільёнаў рублёў. А потым праектная дакументацыя аказалася... непатрэбнай, бо ў сувязі з аб'яднаннем сельскагаспадарчых арганізацый будаваць гэтыя дамы ўжо не плануецца. Нельга было прадбачыць?

У Ашмянскім раёне да цяперашняга часу не задзейнічаны праект «Добраўпарадкаванне набярэжнай ракі Ашмянка» (кошт дакументацыі па дагаворы — 153,3 млн руб., за якую ў 2008 годзе заплацілі з бюджэту 25 млн руб.) А ў Воранаўскім раёне пакуль застаецца незапатрабаванай праектная дакументацыя (распрацавана ў 2012 годзе) на будаўніцтва водаправодных сетак у аграгарадках Пагародна, Воранаўка і Тракелі. Неэфектыўна выкарыстана 130,8 мільёна рублёў бюджэтных грошай.

Адсутнасць належнага кантролю за падрыхтоўкай праектна-каштарысных дакументаў вядзе да таго, што будаўніча-мантажныя работы ў поўным аб'ёме не выконваюцца. Пры гэтым непрадугледжаныя праектам дадатковыя работы ў шэрагу выпадкаў у разы перавышаюць узровень, які вызначаны заканадаўствам (10%). Гэта сведчыць пра нізкую якасць праектавання і, зноў жа, вядзе да дадатковага расходавання дзяржаўных сродкаў.

Акрамя таго, праверкай інстытута «Гроднаграмадзянпраект» выяўлены факты ўключэння ў праектную дакументацыю завышаных аб'ёмаў будаўніча-мантажных работ і кошту матэрыялаў. Толькі па выніках апошніх праверак прадухілена залішняе расходаванне 1693,5 млн руб. бюджэтных сродкаў і 617,6 млн руб. — крэдытных сродкаў на будаўніцтва жылля.

Адрамантавалі і... закрылі

Нерацыянальныя затраты здараюцца і тады, калі не ўлічваюцца рэальныя перспектывы населеных пунктаў. Як гэта адбылося, напрыклад, у Лідскім раёне з праектам будаўніцтва аграгарадка ў вёсцы Голдава. Рамонт будынка сярэдняй школы — дзіцячага сада ў 2010 годзе каштаваў бюджэту больш за 1 мільярд рублёў. Пры гэтым у той год адукацыйную ўстанову плошчай 1755 квадратных метраў, разлічаную на 320 выхаванцаў, наведваў толькі 41 — са штатам педагагічнага і абслуговага персаналу ў складзе 32-х чалавек.
У 2012-2013 гадах колькасць вучняў зменшылася да 31, а летась школу-сад закрылі. Дзеці вучацца ў суседняй вёсцы Ходараўцы, куды арганізавалі падвоз. А адрамантаваны будынак пустуе, і нават ёсць факты яго неабгрунтаванага разукамплектавання.

Выяўлены таксама выпадкі выбару праектных арганізацый з парушэннем заканадаўства. Напрыклад, правялі падрадныя таргі на выбар праекціроўшчыка міні-ЦЭЦ кацельні № 1 Смаргонскага РУП ЖКГ. Камісія прызнала пераможцам ТАА «ТэхнаПраектІнвест»
(г. Мінск). Пры гэтым заплюшчылі вочы на тое, што пераможца не падаў у конкурснай дакументацыі звесткі, якія б далі поўную ацэнку яго плацежаздольнасці. На распрацоўку праекта пералічылі аванс у суме 150 мільёнаў рублёў. Аднак сваіх абавязацельстваў праектная арганізацыя не выканала, а потым яна была прызнана лжэпрадпрымальніцкай структурай і ў дачыненні яе службовых асоб завялі крымінальную справу.

Калегія Камітэта дзяржаўнага кантролю Гродзенскай вобласці дала даручэнні ўстараніць выяўленыя парушэнні. Выканаўчыя камітэты павінны вызначыцца, наколькі мэтазгодна далейшая рэалізацыя праектаў і работ за кошт бюджэтных сродкаў.

Барыс ПРАКОПЧЫК

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Як змагацца з шумнымі суседзямі?

Як змагацца з шумнымі суседзямі?

Перш чым ісці вайной на суседзяў, варта вывучыць «Правілы карыстання жылымі памяшканнямі».

Эканоміка

Чым здзівіць «БЕЛАГРА-2024»?

Чым здзівіць «БЕЛАГРА-2024»?

У рамках дзелавой праграмы выставы пройдзе каля 20 тэматычных семінараў і канферэнцый.