Вы тут

Навука — не ярмо на шыі дзяржавы


«Вучоны — гэта «штучны тавар», таму мы не збіраемся масава прымаць у навуку ўсіх ахвотных», — такую думку выказаў на прэс-канферэнцыі з нагоды Дня беларускай навукі старшыня прэзідыума Нацыянальнай акадэміі навук Уладзімір ГУСАКОЎ.

ТОП-100 для прамысловасці

Набор у аспірантуру і дактарантуру ў акадэміі не змяншаецца. Летась, напрыклад, структурныя падраздзяленні акадэміі папоўнілі 323 маладыя навукоўцы. Моладзь да 29 гадоў складае 21% ад агульнай колькасці навуковых супрацоўнікаў акадэміі. А калі ўзяць узрост да 35 гадоў, то лічба будзе яшчэ большай — да 40%. Гэта дастаткова высокія паказчыкі, якія дазваляюць забяспечыць пераемнасць пакаленняў і працяг работы вядучых навуковых школ.

Што тычыцца памераў заробкаў, на якія могуць разлічваць маладыя супрацоўнікі акадэміі, то яны наўпрост залежаць ад здольнасцяў і ступені ўдзелу маладых навукоўцаў у розных нацыянальных і міжнародных праектах і дагаворах. Сярэдні ж заробак навукоўца, які робіць першыя крокі, складае каля 2,5—3 мільёнаў рублёў.

— Безумоўна, матэрыяльны складнік — важны, але трэба разумець, што матэрыяльнае прыходзіць з часам. Навука — гэта ўсё ж не сфера бізнесу, а найперш сфера для рэалізацыі таленту і сваіх ідэй, — падкрэсліў Уладзімір Гусакоў.

Старшыня Прэзідыума Нацыянальнай акадэміі навук упэўнены, што называць навуку ярмом на шыі дзяржавы няправільна, паколькі доля бюджэтных сродкаў у агульным аб'ёме фінансавання ўстановы складае ўсяго 25% і працягвае скарачацца. Навуковыя даследаванні фінансуюцца за кошт заключаных дагавораў, у тым ліку з замежнымі партнёрамі, дзякуючы прыцягненню грантаў і іншых крыніц.

Наогул, беларуская навука ўсё больш інтэгруецца ў эканоміку. Напрыканцы мінулага года ў Акадэміі навук вызначылі ТОП-10 вынікаў за 2014 год у галіне фундаментальных і прыкладных даследаванняў. А цяпер у акадэміі фарміруюць ТОП-100 інавацыйных распрацовак для прамысловасці. Летась у Акадэміі навук было адкрыта 10 новых цэнтраў і вытворчасцяў для стварэння інавацыйнай прадукцыі. Яшчэ каля дзесяці будуць адкрыты ў 2015 годзе.

Стартап-тур ад «Сколкава»

Старшыня Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях Аляксандр ШУМІЛІН расказаў, што сёння ў краіне выконваюцца 23 дзяржаўныя навукова-тэхнічныя праграмы. У іх рамках з пачатку пяцігодкі (гэта значыць, з 2011 года) створана 413 найменняў машын, абсталявання, прыбораў; 324 найменні матэрыялаў і рэчываў, інструментаў, дэталяў машын; 282 тэхналагічныя працэсы; 225 аўтаматызаваных сістэм і комплексаў; 696 гатункаў раслін і парод жывёл. Атрымана 544 патэнты і пададзена 612 заявак на патэнт.

Аляксандр Шумілін паведаміў, што расійскі фонд «Сколкава» правядзе ў сакавіку ў Мінску стартап-тур. Гэта выдатная магчымасць для маладых навукоўцаў прадставіць свае інавацыйныя праекты. «Да нас прыедуць эксперты, якія змогуць не толькі ацаніць і выбраць найбольш перспектыўныя праекты, але і растлумачаць, як трэба прасоўваць сваю распрацоўку. Мы запланавалі шэраг лекцый і кансультацый, плануюцца нават індывідуальныя кансультацыі з аўтарамі тых праектаў, якія найбольш зацікавяць экспертаў», — растлумачыў ён.

Ад беларускага боку адказным за правядзенне стартап-тура будзе Беларускі інавацыйны фонд. Удзел у ім возьмуць фіналісты конкурсаў маладзёжных інавацыйных праектаў «100 ідэй для Беларусі», Нацыянальнай акадэміі навук, Міністэрства прамысловасці.

Таксама пераможцы і фіналісты рэспубліканскага маладзёжнага конкурсу «100 ідэй для Беларусі» і іншых конкурсаў змогуць прыняць удзел у летняй школе «Сколкава». Гэта мерапрыемства прадугледжвае ўдзел у серыі навучальных семінараў, якія фонд праводзіць з прыцягненнем вядучых замежных і расійскіх спецыялістаў у галіне інавацыйнай дзейнасці. Плануецца, што ў летняй школе паўдзельнічаюць да 30 прадстаўнікоў ад Беларусі.

23-30

23-30

 

Вырасціць будучага Ньютана

Міністр адукацыі Міхаіл ЖУРАЎКОЎ паведаміў, што сёлета Дні беларускай навукі праходзяць пад дэвізам «Моладзь. Навука. Інавацыі». Па яго словах, ва ўсім свеце адукацыя і навука з'яўляюцца галоўнымі стратэгічнымі рэсурсамі развіцця. Таму ў гэтых умовах узрастае роля ўніверсітэтаў і ўніверсітэцкай навукі.

Міністр падкрэсліў, што інавацыі, крэатыў, пошук новага там, дзе, здавалася б, ужо ўсё вядома і адкрыта, — прэрагатыва маладых і энергічных, тых, хто прагне адкрыццяў і гатовы да іх. З кожным годам цікавасць студэнцкай моладзі да заняткаў навуковай дзейнасцю расце. Напрыклад, у аспірантуры сістэмы Мінадукацыі праходзяць падрыхтоўку 2769 будучых Ньютанаў, Эйнштэйнаў і Алфёравых, а ў дактарантуры вучацца 108 навукоўцаў. Але будучы вучоны фарміруецца яшчэ ў студэнцкія гады.

Каб актывізаваць даследчую працу студэнтаў, Міністэрства адукацыі штогод праводзіць сярод іх Рэспубліканскі конкурс навуковых работ. Найважнейшым патрабаваннем да навуковага даследавання з'яўляецца атрыманне новых ведаў і навуковых вынікаў, якія гарантуюць магчымасць іх практычнага прымянення ў розных галінах эканомікі і сацыяльнай сферы. Такія ж умовы прад'яўляюцца і да студэнцкай навукі.

У XX Рэспубліканскім конкурсе навуковых работ прынялі ўдзел студэнты і выпускнікі 58 устаноў вышэйшай адукацыі і філіялаў, у конкурсе ўдзельнічалі 3834 навуковыя працы. Сярод аўтараў работ былі студэнты ўсіх курсаў. Свае работы на конкурс заяўляюць нават першакурснікі (апошні раз іх было 9 чалавек). Але больш за траціну аўтараў (38%) складаюць выпускнікі.

Міхаіл Жураўкоў запэўніў, што навукова-тэхнічныя распрацоўкі і інавацыйная прадукцыя ВНУ запатрабаваны на міжнародных рынках. Найбольшым попытам карыстаюцца навуковыя распрацоўкі ў галіне нанатэхналогій і новых матэрыялаў, радыёэлектронікі, інфармацыйных тэхналогій, тэлекамунікацый, лазерных тэхналогій, энерга- і рэсурсазберажэння, медыцыны і аховы здароўя, металургіі, будаўніцтва і лёгкай прамысловасці.

У сістэме Мінадукацыі функцыянуюць 4 тэхнапаркі, якія атрымалі ў Дзяржаўным камітэце па навуцы і тэхналогіях статус суб'ектаў інавацыйнай інфраструктуры.

У 2014 годзе даход беларускіх ВНУ ад рэалізацыі сваёй навукова-тэхнічнай прадукцыі на знешніх рынках склаў каля $7 млн.

Надзея НІКАЛАЕВА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Гісторыя ваеннага братэрства

Гісторыя ваеннага братэрства

«Нармандыя», што стала Нёманскай.

Рэлігія

200 гадоў пад заступніцтвам Пятра і Паўла

200 гадоў пад заступніцтвам Пятра і Паўла

Гомельскі кафедральны Свята-Петра-Паўласкі сабор — адзін з самых велічных праваслаўных храмаў Беларусі, адзін з нямногіх помнікаў архітэктуры зрэлага класіцызму, які захаваўся да нашых дзён.