Вы тут

Сямён Шапіра: «Кошт квадратнага метра жылля ў новабудоўлях будзе правераны»


Падчас апошняй «прамой лініі» старшыня Мінскага абласнога выканаўчага камітэта Сямён Шапіра прыняў 14 званкоў. Людзі звярталіся па самых розных пытаннях. У прыватнасці, механізатар з Мядзельскага раёна, які працуе ў райаграсэрвісе, скардзіўся на заробак. «Як на такія грошы пракарміць сям'ю: жонку і дваіх дзяцей?», — пытаўся мужчына. На яго думку, расцэнкі па аплаце працы не адпавядаюць сапраўдным. Разам з тым у кіраўніка арганізацыі зарплата ў некалькі разоў вышэйшая, чым у простых працаўнікоў. Старшыня аблвыканкама даў даручэнне адпаведным службам праверыць сістэму аплаты працы не толькі ў спецыялістаў сельгаспрадпрыемства, але і ў кіраўніка.

23-33

Камбайнер Максім Ціуновіч з ААТ «Селеўцы» Маладзечанскага раёна разам з бацькам працавалі на жніве. За добрую працу ім уручылі грамату, але да гэтага часу экіпаж не дачакаўся прэміі, якая яму належыць.Сямён Шапіра пацікавіўся ўмовамі працы, асабістым жыццём хлопца. У адказ пачуў, што шчыравалі яны з бацькам на камбайне «Клаас», намалацілі 1800 тон збожжа. Як лічыць Максім, калі б камбайн быў «не такім маленькім», то і вынікі былі б больш важкімі. Падзяліўся хлопец і прыемнай навіной: ён жэніцца. З чым Максіма Мікалаевіча і павіншаваў кіраўнік Міншчыны. Прэмію экіпаж камбайна атрымае, і яна будзе якраз дарэчы перад вяселлем. А вось што тычыцца просьбы аб новым камбайне, то тут губернатар сказаў літаральна наступнае: «Калі хлопец сапраўды добры працаўнік, то варта разгледзець пытанне аб яго выдзяленні».

Марыя Сямёнаўна з Любані паскардзілася на адсутнасць у доме гарачай вады. Сямён Шапіра сказаў, што нядаўна ён наведваў райцэнтр і ведае пра гэтую праблему: прыкладна 360 сем'яў знаходзяцца ў такой сітуацыі. Але каб забяспечыць усіх гарачай вадой, трэба дадаткова пракладваць інжынерныя камунікацыі. Зімой гэта зрабіць складана. А вось да наступнага ацяпляльнага сезона вада ў спажыўцоў будзе.

Уладзімір Анатольевіч з Маладзечанскага раёна расказаў, што ў іх вёсцы пяць гадоў таму закрылі магазін. У населены пункт ходзіць аўтакрама. Але жыхарам хацелася б мець стацыянарны гандлёвы пункт. Губернатар патлумачыў, што крамы ў сельскай мясцовасці закрываюцца па прычыне іх непрыбытковасці. Будынак трэба ўтрымліваць, забяспечваць ацяпленнем, плаціць за камунальныя паслугі, заработную плату прадаўцу. І тут перш за ўсё трэба пралічваць эканамічную мэтазгоднасць. Пенсіянер застаўся незадаволены, паабяцаў паскардзіцца ў вышэйшыя арганізацыі.

А вось маці з Барысава знайшла паразуменне са старшынёй аблвыканкама. Прадпрыемства затрымлівае ёй аліменты. Чатыры мільёны рублёў, вядома ж, для жанчыны, якая выхоўвае дзяцей, — грошы немалыя. Ды і справа не толькі ў гэтым. Аліменты ёй належаць па законе. А закон павінен выконвацца.

Сяргей Канстанцінавіч з Дзяржынска цікавіўся, чаму ў доме, які будуецца, значна павялічыўся кошт квадратнага метра жылля. Сямён Шапіра даручыў разабрацца ў сітуацыі. Разам з тым ён паведаміў, што кошт «квадрата» будзе правераны кантрольнымі органамі і ў іншых новабудоўлях. Магчыма, для павышэння цаны існуюць аб'ектыўныя прычыны. Напрыклад, праведзены нейкія дадатковыя работы. Калі сродкі адпавядаюць затратам на будаўніцтва, то неабходную суму ўсё ж трэба заплаціць.

Алена Пятроўна з Вілейкі патэлефанавала наконт рамонту дарогі. Сямён Шапіра нагадаў, што ў раённых газетах па яго даручэнні рэгулярна публікуюцца графікі рамонту дарог, вуліц, пад'ездаў. У першую чаргу сродкі будуць накіроўвацца туды, дзе самая складаная сітуацыя. «Калі мы пачнём дапамагаць тым, хто дазваніўся да старшыні аблвыканкама, то гэта будзе няправільна ў дачыненні людзей, якія не змаглі гэтага зрабіць ці трапіць на прыём з такой жа просьбай», — сказаў губернатар.

Летась у Мінскім абласным выканаўчым камітэце прайшло 500 «прамых ліній». З графікам іх правядзення ў першым квартале гэтага года можна азнаёміцца на сайце Мінаблвыканкама. Як паказвае практыка, форма такіх зносін з прадстаўнікамі абласной улады вельмі запатрабаваная сярод жыхароў цэнтральнага рэгіёна. Напрыклад, толькі 17 студзеня на «прамую лінію» паступіла больш як 30 званкоў, усяго ж грамадзяне спрабавалі дазваніцца 21 тыс. разоў.

Таццяна ЛАЗОЎСКАЯ

Выбар рэдакцыі

Рэгіёны

Наперадзе — лета! Ці гатовыя тэрыторыі дзіцячага адпачынку прыняць гасцей?

Наперадзе — лета! Ці гатовыя тэрыторыі дзіцячага адпачынку прыняць гасцей?

Вучэбны год завяршаецца для 1,1 мільёна беларускіх школьнікаў, з іх 107,8 тысячы заканчваюць 9-я класы і 57,5 тысячы — 11-я.

Грамадства

У чым пайсці на выпускны баль?

У чым пайсці на выпускны баль?

 Паглядзім, што раяць стылісты і што рэальна набыць у нашых шыротах, пажадана не ўганяючы бацькоў у даўгі.

Спорт

Які наш спорт сёння?

Які наш спорт сёння?

«З кожным днём сітуацыя ў свеце мяняецца так, што ў вялікай ступені гэта закранае і спорт».