Вы тут

З нацыянальным каларытам і нядорага


А яшчэ кааператары актыўна развіваюць айчынны брэнд «Каралеўства футра»

Спажывецкі гандаль павінен захоўваць даступныя для пакупнікоў цэны. Пра гэта заявіў намеснік прэм'ер-міністра Міхаіл Русы на пашыраным пасяджэнні праўлення Беларускага рэспубліканскага саюза спажывецкіх таварыстваў, дзе разглядаліся вынікі працы спажыўкааперацыі за мінулы год.

Не канкурэнты, а саюзнікі

Віцэ-прэм'ер адзначыў, што ў бліжэйшы час урад плануе правесці нараду з буйнымі сеткавікамі, дзе будзе распрацавана стратэгія і тактыка працы на спажывецкім рынку. Галоўным напрамкам працы і трэндам краіны сёння павінна стаць захаванне даступных цэн. Дзеля гэтага трэба шукаць крыніцы і магчымасці зніжэння сабекошту прадукцыі.

Асобна намеснік прэм'ер-міністра звярнуў увагу на пашырэнне асартыменту тавараў. Гэта павінны быць не толькі кансервы ў слоіках, бо людзі ўжо прывыклі да свежай агародніны і садавіны; таксама існуе ўстойлівы попыт на традыцыйныя саленні і квашанні. «Аднак у крамах Мінска цяпер няма ўсяго асартыменту, які выпускае спажыўкааперацыя», — адзначыў Міхаіл Русы і прапанаваў Белкаапсаюзу пастаўляць прадукцыю ўласнай вытворчасці ў сеткавыя крамы. На яго погляд, у гэтым пытанні гандлёвыя сеткі не канкурэнты, а саюзнікі. На сталічных паліцах таксама павінен быць тавар перапрацоўчых прадпрыемстваў Белкаапсаюза. У першую чаргу неабходна наладзіць перапрацоўку і продаж ягад і грыбоў, якія цяпер запатрабаваны ў насельніцтва.

Гаворачы пра вынікі працы Белкаапсаюза летась, Міхаіл Русы адзначыў, што за апошнія два гады зроблены рэальны крок наперад па многіх напрамках. У працы тут захоўваецца і сацыяльная накіраванасць. У прыватнасці, у насельніцтва набываюцца лішкі сельгаспрадукцыі, якія потым перапрацоўваюцца і пастаўляюцца як гатовая прадукцыя ў крамы і на экспарт. «Па гэтым напрамку Белкапсаюз працуе нядрэнна», — упэўнены віцэ-прэм'ер. Ён параіў спажыўкааперацыі больш актыўна ўключацца ў барацьбу за пакупніка.

Плюс 26 буйных магазінаў і 140 новых аўтакрам

Сукупны аб'ём дзейнасці сістэмы спажывецкай кааперацыі летась перавысіў 28,8 трл рублёў, паведаміў на пасяджэнні старшыня праўлення Белкаапсаюза Валерый Іваноў.

Ён адзначыў, што летась уведзены ў эксплуатацыю 26 крам гандлёвай плошчай 500 квадратных метраў і больш. Адкрыта 78 магазінаў крокавай даступнасці і 37 спецыялізаваных магазінаў нехарчовых тавараў. Сёння аўтакрамы спажыўкааперацыі абслугоўваюць усе населеныя пункты ў сельскай мясцовасці, дзе адсутнічае стацыянарная гандлёвая сетка. «Кіраўнік дзяржавы даваў нам адпаведнае даручэнне, і яно выканана. Для гэтага ў 2014 годзе было дадаткова закуплена 140 новых аўтакрам», — адзначыў кіраўнік Белкаапсаюза. Такім чынам, аўтакрамы абслугоўваюць жыхароў 13,9 тысячы сельскіх населеных пунктаў, пры гэтым прыкладна ў 4 тысячах вёсак пражываюць менш чым па 10 чалавек. Магазіны на колах дастаўляюць тавары і туды тройчы на тыдзень.

Оптам танней

Летась увесну ў сістэме Белкаапсаюза пачаў дзейнічаць адзіны аптова-лагістычны цэнтр, які спецыялізуецца на пастаўках харчовых тавараў крытычнага імпарту і нехарчовых тавараў айчынных вытворцаў. Як адзначыў Валерый Іваноў, яго стварэнне дазволіла зрабіць таннейшым і тым самым істотна павялічыць рэалізацыю некаторых груп тавараў, у прыватнасці, садавіны (у 8 разоў), рыбы (у 3,5 раза), круп (у 2,5 раза). У бліжэйшы час рэгіянальныя прадстаўніцтвы аптова-лагістычнага цэнтра з'явяцца ва ўсіх абласцях краіны.

23-32

Па хатніх рэцэптах

У грамадскім харчаванні летась было ўведзена ў эксплуатацыю 40 аб'ектаў і мадэрнізавана 20 дзейных пунктаў прыдарожнага сэрвісу. Сёлета ў 32 райпа і ў 2 унітарных прадпрыемствах Белкаапсаюза арганізавана вытворчасць паўфабрыкатаў, гатовай кулінарнай прадукцыі і кандытарскіх вырабаў з прымяненнем тэхналогіі шокавай замарозкі. Летась было набыта і ўсталявана 8 апаратаў для такой замарозкі.

Валерый Іваноў адзначыў, што ў прамысловай галіне спажывецкай кааперацыі за мінулы год мадэрнізавана 20 прадпрыемстваў, у тым ліку 10 хлебапякарных, 6 мясаперапрацоўчых і 2 рыбаперапрацоўчыя цэхі. Метадамі салення, квашання і мачэння ў цэлым па Белкаапсаюзе перапрацавана 4,1 тысячы тон сыравіны, што на 36% больш, чым год таму. Выраблены 1584 тоны мясной прадукцыі па нацыянальных «хатніх» рэцэптах (тэмпам росту 117%). У цэлым па Белкаапсаюзе выраблена прамысловай прадукцыі на 2,3 трлн рублёў.

Маем норку і пясца

У сістэме дзейнічае 6 зверагаспадарак, якія вырошчваюць норак, пясцоў і ліс. Наладжана ўласная перапрацоўка пушніны і выпуск гатовых вырабаў з айчыннай сыравіны. У рэспубліканскіх аб'ёмах вытворчасці пушніны Белкаапсаюз займае вядучае месца (больш за 90% шкурак пушных звяроў). Летась зверагадоўчыя арганізацыі спажыўкааперацыі вырабілі больш за 940 тысяч скурак клеткавых пушных звяроў.

Унітарным прадпрыемствам «Белкаапзнешгандаль Белкаапсаюза» летась на ўнутраны рынак краіны адгружана вырабаў з футра на суму 14,8 млрд рублёў. Усяго было выраблена 21 тысяча шкурак пушных звяроў, выпушчана 2710 гатовых вырабаў, у тым ліку 626 адзінак вопраткі, што ў 2 разы больш за адпаведны ўзровень мінулага года.

Менавіта ў апошні час Белкаапсаюзам актывізуюцца распрацоўкі па стварэнні ўласнай сеткі фірменнага гандлю футравымі вырабамі пад брэндам «Каралеўства футра». Дзеля гэтага летась у кастрычніку ў Мінску адкрыты спецыялізаваны магазін, такая ж крама дзейнічае ў Брэсце, а ў снежні мінулага года праведзены гала-паказ, прысвечаны адкрыццю новага салона-крамы ў цэнтры сталіцы. Сёлета ў гандлёвых аб'ектах Белкаапсаюза, размешчаных у райцэнтрах і буйных гарадах, плануецца адкрыць яшчэ 23 секцыі па рэалізацыі вырабленай пушніны і 7 секцый па гандлі вырабамі з натуральнага футра.

Сяргей КУРКАЧ

Выбар рэдакцыі

Адукацыя

Наталля Карчэўская: Культуры патрэбны прыток новых людзей

Наталля Карчэўская: Культуры патрэбны прыток новых людзей

Рэктар БДУКМ — пра падрыхтоўку прафесійных кадраў для ўстаноў культуры.

Грамадства

Батанічны сад — месца, напоўненае спакоем і прыгажосцю

Батанічны сад — месца, напоўненае спакоем і прыгажосцю

Прагуляліся па квітнеючым Цэнтральным батанічным садзе: расказваем аб уражаннях

Грамадства

Ці забяспечваецца ахова грамадскага парадку на Мінскім моры?

Ці забяспечваецца ахова грамадскага парадку на Мінскім моры?

Пра гэта даведаліся карэспандэнты «Звязды».

Гандаль

Кандытарскія вырабы — брэнд беларускай харчовай прамысловасці

Кандытарскія вырабы — брэнд беларускай харчовай прамысловасці

Напярэдадні Міжнароднага сімпозіума кандытараў эксперты расказалі аб планах і перспектывах кандытарскай галіны.