Манументальна


Апублікавана ў газеце «Літаратура і мастацтва» 10.01.14 г.
_____________________________________________________________

Калі пачынаецца гаворка пра манументальнае мастацтва, у памяці звычайна ўсплываюць вобразы старажытных цэркваў і касцёлаў, замкаў і палацаў. Але аб’екты манументальнага мастацтва ствараліся не толькі ў мінулыя эпохі. Яны будуюцца і цяпер. Кожны новы грамадскі ці культавы будынак і нават гандлёвы цэнтр ці жылы дом — гэта помнік архітэктуры, хоць часта ўсе пра гэта забываюцца (прычым нават самі архітэктары).

Але нямала тых, хто вывучае сучасную архітэктуру і манументальнае мастацтва. Як прыклад —
даследаванне Дар’і Іваноўскай «Манументальны жывапіс беларускіх мастакоў другой паловы
ХХ — пачатку ХХІ стагоддзя» (Мінск: Беларусь, 2014 г.). У кнізе асветлены асноўныя кірункі развіцця і тэхнікі жывапісу, у якіх працавалі
(і працуюць) найбольш вядомыя аўтары.

Выданне вельмі добра ілюстравана. Фактычна гэта якасны мастацкі альбом, хаця апісваюцца і прэзентуюцца ў ім не надта звыклыя аб’екты. На старонках кнігі можна знайсці шматлікія збудаванні, якія мы бачым практычна штодня: станцыі мінскага метрапалітэна, Нацыянальную бібліятэку Беларусі, касцёлы, цэрквы і многае іншае. На першы погляд звыклыя інтэр’еры — сапраўдныя творы мастацтва, нярэдка адметныя і выкшталцоныя.

Манаграфія Дар’і Іваноўскай ужо на момант выдання стала своеасаблівай гістарыяграфічнай крыніцай, бо некаторыя згаданыя творы манументальнага мастацтва перасталі ўжо існаваць. Напрыклад, стары будынак Беларускага дзяржаўнага музея гісторыі Вялікай Айчыннай вайны на Кастрычніцкай плошчы сталіцы.

Аўтар кнігі акрэслівае пэўныя тэндэнцыі ў развіцці манументальнага мастацтва Беларусі другой паловы ХХ — пачатку
ХХІ стагоддзяў, вызначае ролю дзяржаўнай замовы ў савецкія часы, адзначае рост колькасці твораў у перыяд незалежнасці. Разам з тым няцяжка заўважыць, што пры ўсёй разнастайнасці беларускае манументальнае мастацтва дагэтуль так і не знайшло свайго асабістага, нацыянальнага, твару.

Але будзем спадзявацца, што гэта справа найбліжэйшай будучыні, у тым ліку мастакоў-манументалістаў і, канечне, мастацтвазнаўцаў. Застаецца толькі падзякаваць спадарыні Дар’і Іваноўскай за яе, без перабольшвання, манументальную працу.

Мікалай ПЛАВІНСКІ