Вы тут

Экстрэмальны занятак


Апублікавана ў газеце «Літаратура і мастацтва» 10.01.14 г.
_____________________________________________________________

У апошнім за 2014 год нумары «Полымя» ёсць публікацыя, вартая асаблівай увагі: гэта круглы стол пад назвай «Экстрэмальна небяспечны занятак», арганізаваны Ладай Алейнік і пры-
свечаны дзіцячай літаратуры. Справа нават не ў тым, што менавіта дзіцячая літаратура шмат у чым прадвызначае нашую будучыню, выхоўваючы людзей, якія тую самую будучыню ствараюць. І не ў тым, што моладзь быццам бы меней чытае. Увагу прыцягвае іншае — парады, вельмі слушныя і дзейсныя, якія ўдзельнікі «круглага стала» — прафесійныя філолагі — даюць аўтарам, выдавецтвам, рэкламістам і бацькам, занепакоеным нечытаннем новага пакалення.

Людміла Сінькова, доктар філалагічных навук, прафесар, пачынае размову з Караткевіча. У свой час ён адкрыў ёй вочы на тое, што Радзіма — не абстракцыя, што яна сапраўды існуе тут і цяпер. Упэўненая, многія з тых, хто чытае гэтыя радкі, прыйшлі да Беларусі такім жа шляхам. Але чаму так адбываецца? Што захапляе маладога чалавека і прымушае іншымі вачыма паглядзець на свет вакол сябе і сябе самога? У чым сакрэт такога поспеху пісьменніка? Так, у творах Караткевіча ёсць тое, што завецца «высокімі маральнымі ўстаноўкамі», але наўрад ці менавіта яны захапляюць чытача. Ёсць неад’емная любоў да Радзімы і здаровы патрыятызм, але прызнайцеся: хіба гэта прывабіла вас у «Дзікім паляванні караля Стаха», у «Чорным замку Альшанскім», тым больш — у рамане «Нельга забыць»? Канечне, не. Патрыятызм і мараль ёсць і ў шэрагу аўтараў, якіх наўрад ці калі стануць чытаць. Не яны і не шэраг забытых аўтараў прывялі сотні, тысячы юнакоў да беларускай мовы.

Справа ў тым, што чытаць Караткевіча цікава.

Усе жанры добрыя, акром сумных. І Караткевіч выдатна гэта разумеў, носячы ў кішэні польскі дэтэктыў і думаючы пра тое, як патрэбныя нашай літаратуры кнігі цікавыя.

Ці ўсе нашыя кнігі для падлеткаў можна назваць калі не захапляльнымі, то хоць бы цікавымі, хоць бы — чытэльнымі?..

І чаму б, прыняўшы да ўвагі выключную здольнасць Караткевіча да «беларусізацыі», не
перавыдаць найбольш папулярныя яго творы? Так, працягваецца праца над новым зборам твораў, і выдадзеныя тамы цяпер ужо не знайсці ў кнігарнях. Але, думаецца, вы не станеце спрачацца, калі я скажу, што важкі том, палову якога складаюць навуковыя каментары, менш прыдатны да чытання падлеткамі, чым, скажам, «Дзікае паляванне…», выдадзенае ў мяккай вокладцы? Асабліва калі каштаваць яно будзе тысяч сорак-пяцьдзясят. Такое выданне імгненна змятуць з паліц. Выдаўцы гэта ведаюць. Чытачы гэта ведаюць. І?..

«Сёння паняцце «тэкст» саступіла месца паняццю «дыскурс». Тэкст, як і любы аб’ект, адразу ж, сінхронна ўспрымаецца ў цэлым арэоле дадатковай інфармацыі пра яго. І сучаснае дзіця, якое расце на перакрыжаванні вельмі інтэнсіўных інфармацыйных патокаў, успрымае любую фігурку… ва ўсё той шматмернасці, пра якую паклапаціліся дарослыя. Для фігурак-персанажаў мадэлюецца цэлы свет. Прычым на памежжы віртуальнага з самым што ні на ёсць рэальным: цацкамі, лагатыпамі на рэчах, інтэрактыўнымі гульнямі, поўна-
метражнымі фільмамі, мульт-
фільмамі, рэкламнымі ролікамі і г. д.», — піша Людміла Сінькова. Толькі ўявіце: побач з кнігамі прадаюцца лялькі — мышаня Пік-Пік, Маленькі Збраяносец, фігуркі ваяроў на дрыкгантах… Уявіце: дзеці чакаюць, калі выйдзе новая серыя «Паноў Кульбіцкага ды Заблоцкага», раюцца з сябрамі, як прайсці місію «Полацкія сутарэнні» ў гульні «Прыгоды Вырвіча». Калі ўсё гэта здаецца вам нявартым увагі, то вам так толькі здаецца. Той жа Караткевіч, напрыклад, цудоўна разумеў сілу кіно, калі казаў: «Раман у нашых беларускіх умовах прачытае ну дзесяць, ну двац-
цаць тысяч чалавек. А добры фільм паглядзяць мільёны.
Разумееце, якая мажлівасць уздзейнічаць на народ, абуджаць яго годнасць, яго памяць?»

Гэтую цытату, дарэчы, прыводзіць іншы ўдзельнік «круглага стала» — Настасся Карнацкая, студэнтка V курса філфака БДУ. Яна прапаноўвае кампраміс: калі ўжо дзеці так улюбёныя ў новыя тэхналогіі, не прымушайце іх ся-
дзець за папяровай кнігай — купіце кнігу электронную. Слушна, але гэта толькі «перамена месцаў складнікаў». Істотна іншае: «Многія бацькі скардзяцца, што дзеці нічога не чытаюць, але калі спытаць у бацькоў, што чытаюць яны самі, то высветліцца, што гэтаксама нічога! Чаго ж тады яны чакаюць ад сваіх дзяцей?..»

Яўген Мартыновіч, пісьменнік і настаўнік (чытай — чалавек па той бок барыкадаў), адзначае дзве важныя рэчы. Па-першае, складнікі паспяховай кнігі: герой (сапраўды герой, а не персанаж, які прамаўляе тэкст), займальны сюжэт, цікавы сусвет, яскравая мова, гумар. Яшчэ — ілюстрацыі: якасныя, густоўныя, адэкватныя дзіцячаму бачанню. Безумоўна, у кнізе галоўнае — сам твор, але наўрад ці нехта стане аспрэчваць значнасць «абгорткі». Але, як ні дзіўна, кожны месяц у свет выходзяць кнігі, малюнкі ў якіх палохаюць нават мяне, не тое што малых дзяцей. Гэтая праблема набывае катастрафічныя маштабы, калі ўлічыць, што кнігі такія трапляюць у рукі людзей, чый густ толькі пачынае фарміравацца. Па-другое, вялізнае значэнне сёння мае рэклама. Але рэкламавацца мусяць кнігі якасныя.

Аксана Бязлепкіна, кандыдат філалагічных навук, дацэнт, слушна звяртае ўвагу на тое, што моладзь не стала чытаць меней. Яна стала чытаць іначай, так: многія амаль бязвылазна сядзяць у сеціве, прагортваючы навіны, забаўляльны кантэнт і наведваючы шматлікія суполкі, пад завязку набітыя кніжнымі цытатамі. Так фарміруецца літаратурны густ цэлага пакалення. Пры гэтым на перыферыі застаецца беларуская літаратура, бо, натуральна, большасць захапляецца заходняй масавай літаратурай (Дж. Марцінам і
Дж. Роўлінг, напрыклад). Але існуюць і «свае» літаратурныя суполкі, дзе публікуюцца вершы класікаў і маладых аўтараў, цытаты, урыўкі з прозы, літаратурныя
навіны і пад.

Варта падкрэсліць і іншае выказванне спадарыні Аксаны: «Моладзь будзе чытаць, калі ёсць унутраная патрэба ці вонкавая матывацыя». Прыклад, які падае папулярная асоба, — найлепшае выйсце. І зноў жа — «захады па прапагандзе мастацкай літаратуры пасуюць любыя». Варыянтаў шмат: ад кароткіх ролікаў на тэлебачанні да адмысловых акцый у кнігарнях. Але што робіцца насамрэч? Калі вы апошні раз бачылі хоць бы постар з новай кнігай? У вагонах метро заўжды знахо-
дзіцца месца для рэкламы зніжак і мёду, але што наконт кніг.

Кандыдат філалагічных навук Фёдар Драбеня, які да ўсяго выкладае ў гімназіі, слушна лічыць, што небяспека інтэрнэту ў адносінах да літаратуры моцна
перабольшаная. Справа не ў прывязанасці новага пакалення да віртуальнага свету, а ў абыкавасці яго да мастацкай літаратуры. Вось з чаго трэба пачынаць. Калі юнак зразумее, наколькі важнае чытанне, ён сам возьме кнігу — папяровую ці электронную, гэта ўжо не мае значэння.

Эмацыянальнае «эсэ» Ірыны Купцэвіч, студэнткі філфака БДУ, варта даваць на азнаямленне школьнікам, якія не разумеюць, навошта ўвогуле чытаць. І зноў жа, спадарыня Ірына падкрэслівае ролю рэкламы — зробленай не высілкамі саміх аўтараў, а прафесіяналамі. У падобным рэчышчы выказваецца і магістрант філфака БДУ Іван Ясюк, якога таксама «паланіў» Караткевіч.

Прафесар, доктар філалагічных навук Таццяна Шамякіна робіць песімістычны прагноз: «Толькі ў іншым грамадстве — больш аскетычным — магчыма вяртанне культу чытання». Думаецца, менавіта культ чытання ўжо не вернецца — свет змяніўся незваротна. Але месца кнізе ёсць заўжды.

Калі вы хочаце выказаць сваё меркаванне, падзяліцца досведам чытання з дзецьмі і пад., калі ласка, пішыце на адрас lim_new@mail.ru з пазнакай «круглы стол».

Наста ГРЫШЧУК

Выбар рэдакцыі

Адукацыя

Наталля Карчэўская: Культуры патрэбны прыток новых людзей

Наталля Карчэўская: Культуры патрэбны прыток новых людзей

Рэктар БДУКМ — пра падрыхтоўку прафесійных кадраў для ўстаноў культуры.

Грамадства

Батанічны сад — месца, напоўненае спакоем і прыгажосцю

Батанічны сад — месца, напоўненае спакоем і прыгажосцю

Прагуляліся па квітнеючым Цэнтральным батанічным садзе: расказваем аб уражаннях

Грамадства

Ці забяспечваецца ахова грамадскага парадку на Мінскім моры?

Ці забяспечваецца ахова грамадскага парадку на Мінскім моры?

Пра гэта даведаліся карэспандэнты «Звязды».

Гандаль

Кандытарскія вырабы — брэнд беларускай харчовай прамысловасці

Кандытарскія вырабы — брэнд беларускай харчовай прамысловасці

Напярэдадні Міжнароднага сімпозіума кандытараў эксперты расказалі аб планах і перспектывах кандытарскай галіны.