Вы тут

Год выдання: 2014


Апублікавана ў газеце «Літаратура і мастацтва» 10.01.14 г.
_____________________________________________________________

 

Якім быў мінулы год для кнігавыдавецкай сістэмы Беларусі? Ці павялічылася агульная колькасць выдадзеных кніг? Ці адбыліся змены ва ўспрыманні і сістэме ўліку электронных выданняў? На гэтыя і іншыя пытанні адказвае дырэктар Нацыянальнай кніжнай палаты Беларусі Алена Іванова.

— Звычайна ў сярэдзіне студзеня Нацыянальная кніжная палата Беларусі падводзіць вынікі працы айчыннай сістэмы кнігавыдання за папярэдні год. Якім быў 2014-ы ў колькасных паказчыках?

— Калі пытанне пастаўленае пра айчыннае кнігавыданне, то давайце ўдакладнім. Не так даўно ў нашай краіне быў упершыню прыняты Закон «Аб выдавецкай дзейнасці ў Рэспубліцы Беларусь», які тлумачыць паняцце «нацыянальнае кнігавыданне» як сукупнасць друкаваных выданняў нашай краіны. Гэта не толькі кнігі, але і іншыя выданні, напрыклад, карты, паштоўкі, рэпрадукцыі, буклеты. Таму, перш чым перайсці да кніг, скіруем нашу размову крыху ў іншае рэчышча.

Цягам апошніх дзесяцігоддзяў у Кніжную палату штогод паступае каля 60 — 70 тысяч
адзінак усёй выдавецкай прадукцыі краіны, уключаючы кожны выпуск газеты і часопіса, кожны буклет, паштоўку, лістоўку. Усе яны праходзяць дзяржаўную бібліяграфічную рэгістрацыю ў інфармацыйнай сістэме Кніжнай палаты, а затым накіроўваюцца на вечнае захаванне ў дзяржаўнае фондасховішча. Бібліяграфічная інфармацыя пра гэтыя выданні рэгулярна публікуецца на старонках «Летапісу друку
Беларусі».

Так, у 2014 годзе Кніжнай палатай зарэгістравана 66 517 абавязковых экзэмпляраў друкаваных выданняў, якія выпушчаныя на тэрыторыі Беларусі ці за яе межамі па заказах нашых выдаўцоў. Больш як палова, а дакладней 54 працэнты гэтай плыні, складаюць, канечне ж, газеты і часопісы. Шмат выпускаецца ведамасных выданняў, спіс якіх цяпер вызначаецца ў адпаведнасці з тым жа законам «Аб выдавецкай дзейнасці ў Рэспубліцы Беларусь», гэта прыкладна чвэрць усіх паступленняў.

А вось кнігі складаюць каля
20 працэнтаў ад агульнага аб’ёму друкаваных выданняў, якія штогод паступаюць у Кніжную палату. У 2014 годзе — 11 613 выданняў. Калі лічыць па колькасці назваў, то гэтая лічба на
1,5 працэнта перавышае паказчык 2013 года. Ды і па тыражы сітуацыя добрая. Сукупны тыраж мінулага года — 31,2 мільёна асобнікаў, што толькі на 0,7 працэнта ніжэй тыражу 2013-га. Сярод гэтых выданняў, апрача тэкставых, — кнігі шрыфтам Брайля, атласы, нотныя выданні і альбомы па выяўленчым мастацтве. Практычна палова выпуску
кніг — малатыражныя выданні, што выпускаюцца накладам да 500 асобнікаў.

На ўзроўні 2013 года засталіся паказчыкі сярэдняга тыражу кніг — 2,7 тысячы экзэмпляраў і выпуску кніг на аднаго жыхара — 3,2 кнігі.

— Ці пабольшала ў кніжным жыцці краіны актыўных выдаўцоў? Якія айчынныя выдавецтвы сталі летась лідарамі па колькасці назваў і тыражы выдадзеных кніг?

— Усяго ў 2014 годзе 382 выдаўцы выпусцілі ў свет хаця б адну кнігу, і гэты паказчык на 4 працэнты большы, чым колькасць актыўных выдаўцоў
2013-га. Дарэчы, толькі па адной кнізе летась выпусцілі 72 выдаўцы, гэта прыкладна 18 працэнтаў ад агульнай колькасці.

Па-ранейшаму лідар — выдавецтва «Харвест». На яго рахунку каля 10 працэнтаў у агульнай колькасці кніг па назвах і 19 працэнтаў — па тыражы. Аднак звернем увагу, што за перыяд з 2011 па 2014 год доля «Харвеста» ў агульным выпуску кніг скарацілася і па назвах, і па тыражы прыкладна ўдвая. Таксама ў ліку лідараў мазырскае выдавецтва «Белы вецер» і мінскае  «Аверсэв». Цягам многіх гадоў утрымліваюць пазіцыі ў дзясятцы лідараў выдавецтвы «Папуры» і «Народная асвета».

Працягваецца супрацоўніцтва беларускіх выдаўцоў з замежнымі партнёрамі. Каля 9 працэнтаў назваў і 17 працэнтаў тыражу кніг — сумесныя выданні. На замежнай паліграфічнай базе нашы выдаўцы друкуюць няшмат айчынных кніг — толькі 1 працэнт.

— Сёння павышаецца цікавасць да беларускай мовы і культуры. Ці адбіваецца гэтая тэндэнцыя на сістэме кнігавыдання? Колькі выдадзена ў краіне цягам 2014 года беларускамоўных кніг?

— Гэта досыць стабільны паказчык. Больш за ўсё кніг у
Беларусі выдаецца на рускай мове — каля 85 працэнтаў.
Беларускамоўныя кнігі штогод займаюць нішу ў 10 — 12 працэнтаў. Усяго ж летась было выпушчана 1 106 назваў кніг на беларускай мове сукупным тыражом 3,6 мільёна асобнікаў.

Цікава, што летась выдадзена 799 кніг з мастацкімі творамі беларускіх аўтараў, але сярод іх 500 выданняў на рускай мове, і толькі 294 — па-беларуску.
У перакладзе з рускай, украінскай, славацкай, англійскай, латышскай, шведскай, кітайскай і іншых моў на беларускую пабачыла свет 28 выданняў мастацкай літаратуры. Актыўна выдаюць кнігі на беларускай мове такія выдавецтвы, як «Мастацкая літаратура», Выдавецкі дом «Звязда», Выдавецкі дом «Беларуская навука», «Аверсэв», Выдавецкі дом «Белы вецер».

Выпускаюцца ў нашай краіне таксама і кнігі на замежных мовах: англійскай, нямецкай, французскай, польскай, іспанскай і іншых. Пабачыла свет 936 такіх выданняў, што на 10 працэнтаў больш, чым у 2013 годзе.

— Якія тэндэнцыі, мяркуючы па лічбах, заўважаюцца ў кнігавыданні краіны?

— Калі казаць пра мастацкую літаратуру, то колькасць назваў у 2014 годзе крыху знізілася ў параўнанні з паказчыкамі 2013 года: 1733 назвы супраць 1827. Пры гэтым тэндэнцыя штогадовага зніжэння ў сярэднім на 4 — 4,5 працэнта прасочваецца ўжо цягам пяці гадоў. То бок у параўнанні з 2010 годам выпуск мастацкай літаратуры скараціўся на 22 працэнты. У цэлым доля мастацкай літаратуры ў агульным выпуску кніжнай прадукцыі складае 15 працэнтаў. Палова з іх — дзіцячыя. Многа гэта ці мала, напэўна, ацаніць складана. Змяншэнне паказчыкаў выпуску мае станоўчыя і адмоўныя бакі. Напрыклад, калі менш літаратурнага графаманства, — гэта, несумненна, станоўчы момант.
А вось электронныя пірацкія копіі ў свабодным доступе, канечне ж, негатыўна ўплываюць на кніжны рынак. Адчувальна і расійскае ўздзеянне. Толькі за год у Расіі выдаецца кніг столькі, колькі ў Беларусі — за 10 гадоў, і, па ацэнках спецыялістаў, да 90 працэнтаў асартыменту, што прапануецца нашаму пакупніку, — расійскія выданні.

Цікавы паказчык — выпуск кніг у вокладцы і пераплёце. Тэндэнцыя зніжэння выпуску ў пераплёце назіраецца ўжо некалькі гадоў. Так, у 2001 годзе выпускалася 35 працэнтаў такіх кніг, затым назіралася паступовае зніжэнне паказчыка ў 2014 годзе да 20 працэнтаў. Зразумела, што цвёрды пераплёт больш трывалы і можа служыць даўжэй, а вокладка больш танная. Але ці не сведчыць гэтая тэндэнцыя пра тое, што сучаснае грамадства паступова губляе традыцыі доўгачасовага захоўвання кніг у хатняй або нават публічнай бібліятэцы? А можа, кніг у цвёрдым пераплёце становіцца ўсё менш, бо для чытання ў метро, аўтобусе ці проста на канапе яны грувасткія і нязручныя, нягледзячы на прэзентабельны знешні выгляд?

Не будзем забывацца і пра сектар так званай шэрай літаратуры, ці ведамасных выданняў, якія, як правіла, не распаўсюджваюцца праз кнігагандлёвыя сеткі.
Іх доля складае чвэрць выдавецкай прадукцыі краіны і на 40 працэнтаў перавышае кніжны сегмент. Вучэбныя праграмы, планы, каталогі абсталявання і тавараў, рэкламныя буклеты, прэйскуранты, лістоўкі, праграмы мерапрыемстваў — вось далёка не поўны пералік. Летась у Кніжную палату іх паступіла 16 197. Па матэрыяльнай канструкцыі гэта або выданні кніжнага тыпу, або ліставыя, а па характарыстыках часта аднадзённыя матэрыялы. Таму надзвычай дыскусійнае ў нашай прафесійнай сферы пытанне пра неабходнасць іх бібліяграфічнай апрацоўкі і дэпазітарнага захоўвання пры ўмове пастаяннага недахопу плошчы ў сховішчах. Пакуль жа, у адпаведнасці з традыцыямі, што склаліся гістарычна, ведамасныя выданні ўключаныя ў сістэму абавязковага
экзэмпляра.

— Сёння ўсё часцей выдаўцы і кнігагандляры абмяркоўваюць
актуальныя пытанні працы над электроннымі кнігамі. Ці адбыліся цягам 2014 года нейкія значныя падзеі, звязаныя з успрыманнем і фіксацыяй менавіта электронных выданняў?

— Страсці наконт краху друкаванага кнігавыдання паступова сціхаюць. Ад песімістычных прагнозаў пра смерць кнігі адмаўляюцца нават футуролагі. Тым не менш ніводзін кнігавыдавец не можа не ўліч-
ваць імклівага росту колькасці электронных рэсурсаў рознага кшталту, якія прадстаўляюць альтэрнатыву друкаванай кнізе. Аднак ніхто не валодае дакладнай інфармацыяй пра колькасць электронных рэсурсаў у нашай краіне. А без гэтага, пагадзіцеся, складана нешта аналізаваць, прагназаваць і рэгуляваць.

Каб зрабіць гэтую галіну выдавецкай дзейнасці больш празрыстай (пра поўны ўлік гаворка не ідзе: гэта проста немагчыма і, па вялікім рахунку, непатрэбна), спачатку неабходна выпрацаваць агульную канцэпцыю электроннага кнігавыдання (элементарна: што варта разумець пад электроннай кнігай?), а затым і прававыя механізмы.

А вось асобныя сегменты маніторынгу электронных рэсурсаў усё ж існуюць. І звесткі пра гэта можна атрымаць, на-
прыклад, з Дзяржаўнага рэгістра інфармацыйных рэсурсаў Беларусі (тут рэгіструюцца базы да-
дзеных, вэб-сайты, электронныя выданні), а таксама з дадзеных Кніжнай палаты, якая на аснове ведамаснай статыстычнай справаздачнасці штогод вядзе ўлік іх выпуску. Па папярэдніх звестках, беларускімі выдаўцамі летась выпушчана 515 электронных выданняў. Галоўным чынам гэта сеткавыя вучэбныя і метадычныя дапаможнікі (курсы лекцый, практыкумы, манаграфіі, мультымедыйныя прэзентацыі да заняткаў). Як правіла, яны маюць друкаваныя аналагі і распаўсюджваюцца праз элетронна-бібліятэчныя сістэмы ВНУ, але да некаторых ёсць доступ праз інтэрнэт. Лакальныя электронныя выданні на кампакт-дысках у асноўным прадстаўленыя праектамі даведачна-інфармацыйных выданняў: Белфакт Медыя, Бізнес-Інформа, ПН-Комапас і іншых.

Доля электронных выданняў у прадукцыі нашых выдаўцоў складае ўсяго 4,2 працэнта. Таму, думаецца, граць пахавальны марш друкаванай кнізе рана, да таго ж чытаць кнігі з тэлефона ці экрана нязручна і шкодна. Ёсць кнігі, якія проста прыемна паставіць на паліцу. Ёсць групы чытачоў, якія элементарна ніколі не змогуць навучыцца карыстацца чыталкамі, а камусьці проста дарагі шоргат кніжных старонак і пах паперы.

— Напэўна, вам ужо вядомыя і адпаведныя лічбы з Расіі
і Украіны. Як у параўнанні з нашымі краінамі-суседкамі выглядае кнігавыданне Беларусі?

— Звычайна такія звесткі з’яўляюцца бліжэй да лютага, але некаторыя папярэднія лічбы ўжо агучаныя. Так, ва Украіне па папярэдніх дадзеных за
2014 год у параўнанні з паказчыкамі 2013-га назіраецца спад: па назвах — на 19 працэнтаў і па тыражы — на 22 працэнты. Але трэба ўлічваць, што статыстыка складзеная без уліку дадзеных па Крыму з чэрвеня 2014 года.

Па выніках першага паўгоддзя 2014 года ў Расіі ў параўнанні з аналагічным перыядам 2013-га выпушчана на 1,5 працэнта назваў кніг менш. Што тычыцца тыражоў, то таксама назіраецца зніжэнне на 3,3 працэнта.

Расійскія калегі адносна тыражоў адзначаюць дзве важныя тэндэнцыі. Першая — практычна ўсе паказчыкі 2014 года сведчаць, што ў агульным тыражы павялічваюцца долі тых кніжных выданняў, якія каштуюць менш і для выдаўца, і для пакупніка: брашуры, кнігі ў вокладцы, перавыданні, серыйныя выданні. А вось новыя перакладныя кнігі зніжаюць сваю ўдзельную вагу. Другі фактар у тыражным сегменце звязаны з нейкай юрыдычнай «лакунай» адносна рэалій сучасных выдавецкіх тэхналогій, у прыватнасці «друку па патрабаванні» (printing on demand — POD). Што пры выкарыстанні тэхналогіі POD лічыць выданнем, а што раздрукоўкай ці дадрукоўкай? Што лічыць тыражом, а што копіямі? Чым з’яўляецца ў дадзеным выпадку тыраж і як ён павінен улічвацца згодна з заканадаўствам пра абавязковы экзэмпляр, а затым пры статыстычным уліку друкаваных выданняў? Гэтыя пытанні таксама актуальныя для айчыннага кнігавыдання і патрабуюць
вывучэння і прапрацоўкі.

Марына ВЕСЯЛУХА

 

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Захаваць. Нельга знесці

Захаваць. Нельга знесці

Знакі прыпынку нарэшце расстаўлены.

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Стральцам на гэтым тыдні не трэба пераацэньваць сваіх магчымасцяў.