Вы тут

Паэзія адценняў


Апублікавана ў газеце «Літаратура і мастацтва» 23.01.15 г.
_____________________________________________________________

 

Выстаўка акварэльных палотнаў Сяргея Пісарэнкі «Цьмяныя аповеды» адкрылася ў Нацыянальным мастацкім музеі Рэспублікі Беларусь. Звыклы тэзіс пра тое, што твор выяўленчага мастацтва — гэта заўсёды канструяванне палатна, выбар матыву, пазбаўленне лішняга, — тут гучыць па-новаму.

Сёння Сяргей Пісарэнка вядомы не толькі на радзіме, але і за яе межамі. Ён пастаянны ўдзельнік шматлікіх рэспубліканскіх і міжнародных выставак і пленэраў, а нядаўна прывёз два залатыя медалі з выстаўкі «Прастора быцця», што прайшла ў Цэнтральным Доме мастака (Масква) ў межах міжнароднага гуманітарнага праекта «Свет без межаў». Гэты праект стартаваў у 2012 годзе
і аб’яднаў прадстаўнікоў розных сфер культуры і мастацтва. С. Пісарэнка быў прызнаны найлепшым аўтарам выстаўкі.

Творчасць С. Пісарэнкі — арганічнае перапляценне рэалізму, сімвалічнасці і канцэптуальнасці. У палотнах мастака —
сапраўдная лірыка фарбаў і адценняў. Даверыўшыся інтуіцыі, падсвядомасці, ён здолеў рэалізавацца духоўна.

Сяргей Пісарэнка нарадзіўся ў 1967 г. у Маладзечне. Выпускнік Рэспубліканскай школы-інтэрната па музыцы і выяўленчым мастацтве (цяпер — гімназія — каледж мастацтваў імя І. Ахрэмчыка) і Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў (аддзяленне станковай графікі). Дыпломным праектам, выкананым пад кіраўніцтвам Васіля Шаранговіча, стала рукапісная кніга «Песня пра зубра».

За плячыма С. Пісарэнкі — моцная мастацкая школа: вучыўся ён у Генадзя Грака, Паўла Семчанкі, Уладзіміра Басалыгі, Уладзіміра Савіча, Вячаслава Паўлаўца, Уладзіміра Вішнеўскага, Вячаслава Цюрына. Працуе ў тэхніцы акварэлі і алейнага жывапісу. Член Беларускага саюза мастакоў і аб’яднання мастакоў «Арцель».

На вернісаж завіталі калегі творцы, у тым ліку мастакі Леанід Хобатаў і Ганна Гадзірава. Кіраўнік «Арцелі» Рыгор Несцераў заўважыў: у работах Сяргея Пісарэнкі шчыра, па-мастакоўску тонка ўвасоблены прыгажосць і гармонія навакольнай рэчаіснасці. А на думку мастацтвазнаўцы Ларысы Фінкельштэйн, яго творы — увасабленне мастакоўскага міфа аб прадмеце, аб дзівоснай святлопаветранай прасторы, не бачнай іншым. Вось тут і схавана грань паміж выяўленчым і дэкаратыўным мастацтвам, прычым думкі і пачуцці мастака апошняе выказвае пры судакрананні з прадметам ці з’явай.

Ідэал прыгажосці і гармоніі, недасягальны ў паўсядзённым жыцці, майстар бачыць нібы скрозь туман, і гэта дадае яго творам таямнічасці. Туман — пра-
вобраз асаблівага, далікатнага свету, які можа растаць у паветры пры любым неасцярожным руху. Туман — гэта флёр, якім агорнуты палотны Сяргея Пісарэнкі («Дзве грушы», «Кошык з грушамі»,
«Вясновыя кветкі», «Васількі», «Домік у садзе» і г. д.).

Мастацкі свет акварэліста ўяўляе сабою сукупнасць адценняў і нюансаў малочнага, жамчужнага, серабрыстага, дымчата-блакітнага, ліловага. Але чым больш углядаешся ў гэтыя творы (а ў экспазіцыі — 21 палатно), тым выразней у іх акрэсліваюцца канкрэтныя вобразы: садавіна, кветкі, дрэвы, будынкі…

Выстаўку можна наведаць да 9 лютага.

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Як змагацца з шумнымі суседзямі?

Як змагацца з шумнымі суседзямі?

Перш чым ісці вайной на суседзяў, варта вывучыць «Правілы карыстання жылымі памяшканнямі».

Эканоміка

Чым здзівіць «БЕЛАГРА-2024»?

Чым здзівіць «БЕЛАГРА-2024»?

У рамках дзелавой праграмы выставы пройдзе каля 20 тэматычных семінараў і канферэнцый.