Вы тут

Пашпарт для Паўлінкі


Апублікавана ў газеце «Літаратура і мастацтва» 23.01.15 г.
_____________________________________________________________

 

Дзяржаўны літаратурна-мемарыяльны музей Янкі Купалы прэзентаваў каталог «Афішы да спектакля «Паўлінка» па аднайменнай п’есе Янкі Купалы».

— Праца над каталогам вялася з 2011 года, — распавяла ўкладальніца Лізавета Еліневіч. — Распачаў яе Дзяніс Рашчынскі. Ён правёў першасны адбор афіш, іх атрыбуцыю і сістэматызацыю. Я ж займалася інфармацыйным насычэннем каталога, шукала артыкулы і ўспаміны, якія дапасоўваліся б да афіш. У фондах музея захоўваюцца публікацыі, ад пачатку
ХХ стагоддзя да сучасных, звязаныя з
Янкам Купалам. Яны надзвычай цікавыя.
У 1970-я гады, напрыклад, амаль не пісалі пра «Паўлінку». А ў 2013-м, зразумела, было вельмі шмат матэрыялаў, як і ў
1913-м — годзе прэм’еры спектакля. Некаторыя артыкулы сёння падаюцца смешнымі. Іншыя прасякнутыя такой душэўнасцю, пяшчотай, што іх немагчыма было не прывесці ў каталогу. Мне здаецца, якраз гэтыя артыкулы і стварылі дух каталога, зрабіўшы яго не проста пералікам афіш за 100 гадоў.

Сапраўды, каталог — выданне ўнікальнае: тут адлюстравана сувязь паміж жыццём і творчасцю Янкі Купалы і развіццём Нацыянальнага акадэмічнага тэатра імя Янкі Купалы. І СМІ, і купалаўцы ўжо не раз адзначалі, што спектакль «Паўлінка»
ў пэўным сэнсе рэкордны: нідзе ў
свеце пастаноўка не жыве на адной сцэне больш за 70 гадоў. Каталог закранае дзейнасць не толькі Купалаўскага тэатра, але і Беларускага Акадэмічнага музычнага тэатра, дзе пэўны час ішла аперэта «Паўлінка», шэрагу іншых тэатральных гурткоў і пад. Тут змешчана
39 афіш з усяго свету на розных мовах. Яны суправаджаюцца вытрымкамі з рэцэнзій, урыўкамі з успамінаў, здымкамі акцёраў у ролях са спектакля, выявамі тэатральных праграм. І кожная — не толькі крыніца інфармацыі, але і дакумент часу, а ў асобных выпадках — твор мастацтва. Так, на вокладцы каталога змешчаная афіша
1987 года мастака Уладзіміра Крукоўскага, якая захоўваецца ў фондах музея.

На прэзентацыі прысутнічалі прадстаўнікі Купалаўскага тэатра — мастацкі кіраўнік Мікалай Пінігін, загадчык літаратурна-драматычнай часткі Вольга Бабкова, актрыса Ала Долгая, якая выконвала ролю Паўлінкі цягам 18 гадоў, і іншыя акцёры; Беларускі Акадэмічны музычны тэатр прадстаўляла начальнік службы маркетынгу Вольга Гудожнікава. Прафесійны погляд на каталог выказала Вераніка Ярмалінская, аўтар рэцэнзіі на выданне, загадчык аддзела тэатральнага мастацтва Цэнтра даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры НАН Беларусі, кандыдат мастацтвазнаўства.

Першыя асобнікі каталога «Афішы да спектакля «Паўлінка» падараваныя стваральнікам выдання, дзеячам тэатра ды
іншых сфер культуры.

Наста Грышчук

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Гісторыя ваеннага братэрства

Гісторыя ваеннага братэрства

«Нармандыя», што стала Нёманскай.

Рэлігія

200 гадоў пад заступніцтвам Пятра і Паўла

200 гадоў пад заступніцтвам Пятра і Паўла

Гомельскі кафедральны Свята-Петра-Паўласкі сабор — адзін з самых велічных праваслаўных храмаў Беларусі, адзін з нямногіх помнікаў архітэктуры зрэлага класіцызму, які захаваўся да нашых дзён.