Вы тут

Ці рыхтуе школа вучняў да жыцця?


Мы даведаемся аб гэтым дзякуючы аўтарытэтнаму даследаванню

Аб намеры Беларусі далучыцца ў 2018 годзе да міжнароднага даследавання РІSА паведаміла журналістам на брыфінгу намеснік міністра адукацыі Раіса СІДАРЭНКА.

Тэсціраванне РІSА лічыцца адным з самых аўтарытэтных даследаванняў якасці адукацыі ў свеце. Ідэя яго правядзення ўзнікла ў сярэдзіне 1990-х гадоў: менавіта тады эксперты ў галіне адукацыі прапанавалі распрацаваць універсальныя тэсты для 15-гадовых падлеткаў, якія б дазволілі правяраць не столькі акадэмічныя дасягненні навучэнцаў, колькі іх уменне працаваць з інфармацыяй і рэальныя жыццёвыя кампетэнцыі. Гэта дазволіла б вызначыць, ці выконвае адукацыя сваю асноўную функцыю — падрыхтоўку да самастойнага жыцця.

Даследаванне РІSА праводзіцца кожныя тры гады, а затым на працягу яшчэ аднаго года аналізуюцца вынікі тэстаў, перш чым яны будуць прадстаўлены сусветнай грамадскасці. Першы рэйтынг быў складзены ў 2000 годзе, а вынікі апошняга агучаны ў снежні 2013 года. У даследаванні, праведзеным у 2012 годзе, удзельнічалі школьнікі з 65 краін і тэрытарыяльных утварэнняў. Сваё месца ў сусветным рэйтынгу па выніках РІSА ведаюць Расія, Грузія, Азербайджан, Малдова, Казахстан, Кыргызстан, Літва, Латвія, Эстонія і іншыя краіны.

Беларусь застаецца адной з нешматлікіх еўрапейскіх краін, якія не ўдзельнічаюць ні ў адной незалежнай сістэме ацэнкі якасці адукацыі. У даследаванні РІSА, што пройдзе ў свеце ў 2015 годзе, Беларусь таксама прадстаўлена не будзе. Для таго, каб далучыцца да РІSА ў 2018 годзе, трэба правесці сур'ёзную падрыхтоўчую працу і пералічыць грашовы ўнёсак (летась ён складаў 40 тысяч долараў).

27-51

27-51

 

Па словах Раісы Сідарэнкі, рашэнне аб пачатку працэсу падрыхтоўкі нацыянальнай сістэмы адукацыі да незалежнай міжнароднай ацэнкі адукацыйных дасягненняў ужо прынята.

— Адзін з напрамкаў дзейнасці Міністэрства адукацыі з Сусветным банкам — маніторынг якасці адукацыі, — падкрэсліла яна. — У Беларусі ён ажыццяўляецца штогод Нацыянальным інстытутам адукацыі. І ўжо летась прайшоў па новай мадэлі, з улікам практычнай арыентаванасці ведаў, якія атрымліваюць беларускія навучэнцы. Змест адукацыі павінен быць нацэлены на падрыхтоўку дзіцяці да жыцця па-за школай. Між іншым, галоўная праблема нашай сістэмы адукацыі заключаецца якраз у тым, што веды, якія школа дае вучням, не заўсёды патрэбныя ім у жыцці.

Раіса Сідарэнка падкрэсліла, што ўдзел у міжнародным даследаванні дасць беларусам магчымасць убачыць сябе на фоне дасягненняў сістэм адукацыі іншых краін. Праўда, як сведчыць практыка, тыя краіны, якія толькі далучыліся да міжнароднага даследавання, як правіла, аказваюцца на апошніх пазіцыях у сусветным рэйтынгу. (Ёсць нават тэрмін РІSА-шок.) Але гэта для іх становіцца, так бы мовіць, пунктам адліку і прымушае рухацца наперад, арыентуючыся на досвед самых паспяховых краін.

У выніку перамоваў з экспертамі Сусветнага банка была дасягнута папярэдняя дамоўленасць аб выдзяленні беларускаму боку рэсурсаў у памеры 50 мільёнаў долараў для мадэрнізацыі сістэмы адукацыі. Плануецца, што частка сродкаў, што выдаткуе Сусветны банк, будзе накіравана на грашовы ўнёсак за ўдзел у РІSА, а таксама на паляпшэнне зместу адукацыі з прыцягненнем экспертаў і кансультантаў, якія будуць аказваць падтрымку ў арганізацыі сістэмы маніторынгу якасці адукацыі ў нашай краіне.

Першы грант — у 340 тысяч долараў — Сусветны банк ужо Беларусі выдзеліў.

Як патлумачыў намеснік міністра адукацыі Сяргей Руды, інвестыцыйны праект прадугледжвае аказанне дапамогі рэгіёнам па шэрагу пазіцый: умацаванне матэрыяльна-тэхнічнай базы, капітальныя рамонты школ, набыццё навучальнага і лабараторнага абсталявання, развіццё сістэмы збору статыстычных звестак у сектары адукацыі. Сёння размова ідзе пра 150 школ у малых гарадах і сельскіх населеных пунктах, у якіх, як мяркуецца, будзе павялічвацца колькасць навучэнцаў праз закрыццё малакамплектных сельскіх школ. Першыя 22 школы ўжо распрацавалі праектную дакументацыю.

Надзея НІКАЛАЕВА

Даведка «Звязды»

На працягу ўсіх цыклаў РІSА лідарамі ў сусветным рэйтынгу выступаюць краіны Усходняй і Паўднёва-Усходняй Азіі: Сінгапур, Тайвань, Карэя, Японія і іншыя. Амаль усе яны вызначаюцца хуткімі тэмпамі развіцця эканомікі. Абсалютным жа лідарам, паводле вынікаў даследаванняў, з'яўляецца Кітай (Шанхай, Ганконг і Макаа). Прычым кітайскія падлеткі дэманструюць аднолькава высокія вынікі і ў матэматычнай, і ў чытацкай, і ў прыродазнаўчай адукаванасці.

Выбар рэдакцыі

Рэгіёны

Наперадзе — лета! Ці гатовыя тэрыторыі дзіцячага адпачынку прыняць гасцей?

Наперадзе — лета! Ці гатовыя тэрыторыі дзіцячага адпачынку прыняць гасцей?

Вучэбны год завяршаецца для 1,1 мільёна беларускіх школьнікаў, з іх 107,8 тысячы заканчваюць 9-я класы і 57,5 тысячы — 11-я.

Грамадства

У чым пайсці на выпускны баль?

У чым пайсці на выпускны баль?

 Паглядзім, што раяць стылісты і што рэальна набыць у нашых шыротах, пажадана не ўганяючы бацькоў у даўгі.

Спорт

Які наш спорт сёння?

Які наш спорт сёння?

«З кожным днём сітуацыя ў свеце мяняецца так, што ў вялікай ступені гэта закранае і спорт».