Вы тут

Прамяністай душы чалавек


Такой успрымаецца Маргарыта Барысаўна Яфімава. Яе сябры і калегі заўсёды адчувалі ласкавую ўвагу, духоўную падтрымку, а студэнты і аспіранты — мацярынскі клопат, добразычлівую спагаду Богам пазначанага педагога.

27-36

Маргарыта Яфімава нарадзілася 25 снежня 1927 года ў Оршы ў сям'і таленавітых педагогаў. Тут валадарылі мастацкае слова і музыка. Гэтая любоў ад бацькоў перадалася дзецям. У 1951 годзе Маргарыта закончыла філалагічны факультэт БДУ Леніна, а праз пяць гадоў абараніла кандыдацкую дысертацыю на тэму «Янка Маўр і беларуская дзіцячая літаратура». Працавала ў Магілёўскім педінстытуце, а з сярэдзіны шасцідзясятых гадоў — у Белдзяржуніверсітэце. Яна чытала спецкурсы па беларускай дзіцячай літаратуры і па сучаснай беларускай паэзіі, лекцыі па гісторыі беларускай літаратуры, вяла практыкум па выразным чытанні. На занятках дасведчанага педагога арганічна спалучалася асвятленне пытанняў навучальных тэм з прыёмамі эстэтычнага выхавання студэнтаў, філалагічная інфармацыя грунтоўна дапаўнялася звесткамі з нацыянальнай і сусветнай культуры.

Плённа працягвала Маргарыта Барысаўна навуковую дзейнасць. Яе ўвага была скіравана на даследаванне працэсу нацыянальнай дзіцячай літаратуры. Яна падрыхтавала і выдала манаграфіі «Янка Маўр. Жыццё і творчасць» (1960), «Цэлы свет — дзецям» (1983), літаратурныя партрэты пісьменнікаў Васіля Віткі («Сонца сее свой палетак»), Алены Васілевіч («Няхай не пакідае нас надзея»), Янкі Маўра («Недасягальная вышыня») і іншых, агляды творчасці Паўла Місько, Міколы Маляўкі, Уладзіміра Ягоўдзіка, праграмы па выкладанні беларускай дзіцячай літаратуры, сумесна з іншымі педагогамі ўдзельнічала ў выпуску падручнікаў па дзіцячай літаратуры, напісанні асобных раздзелаў па гісторыі беларускай літаратуры. Пры складанні хрэстаматыі «Беларуская дзіцячая літаратура» для педвучылішчаў (1996) разам з дачкою Вікторыяй Ляшук шмат папрацавала для таго, каб уключыць у агульналітаратурны працэс творы рэпрэсаваных пісьменнікаў.

Надзённым клопатам для Маргарыты Яфімавай з'яўлялася прапаганда беларускага мастацкага слова. Яна часта выступала з лекцыямі па лініі таварыства «Веды». Папулярызацыі нацыянальных твораў садзейнічалі яе сцэнары па творчасці пісьменнікаў, распрацоўкі літаратурных вечарын, якія рэгулярна змяшчаліся ў педагагічных часопісах «Роднае слова», «Пачатковая школа», «Пралеска». Гэтыя матэрыялы ўвайшлі ў кнігі «Літаратурныя вечары ў школе» (1977), «Гучыць жывое слова» (1983), «З верай у дзіцячае сэрца» (1983), «Зямля бацькоў — зямля святая» (1987), «Слова — краска, слова — ззянне» (2000) і іншыя. На родным філфаку арганізавала і нязменна кіравала студэнцкім тэатрам-студыяй «Летуценнік».

Нястомны педагог, руплівы даследчык пакінула багаты духоўны скарб. 21 студзеня гэтага года Маргарыты Барысаўны Яфімавай не стала. Засталіся яе кнігі, шчырыя словы. У адным з інтэрв'ю яна выказалася: «Люблю Беларусь, мову родную, сваю педагагічную прафесію — гэта і радасць мая, і выток натхнення». Гучыць як запавет для сучасных настаўнікаў.

Міхась ШАВЫРКІН.

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Гісторыя ваеннага братэрства

Гісторыя ваеннага братэрства

«Нармандыя», што стала Нёманскай.

Рэлігія

200 гадоў пад заступніцтвам Пятра і Паўла

200 гадоў пад заступніцтвам Пятра і Паўла

Гомельскі кафедральны Свята-Петра-Паўласкі сабор — адзін з самых велічных праваслаўных храмаў Беларусі, адзін з нямногіх помнікаў архітэктуры зрэлага класіцызму, які захаваўся да нашых дзён.