Вы тут

Быць ці не быць спрэчнай будоўлі ля царквы?


Вернікі спадзяюцца, што іх пачуюць
Напярэдадні навагодніх свят у рэдакцыю «Звязды» паступіў зварот ад прыхаджан праваслаўнага храма Святога Архангела Міхаіла ў Мінску (мікрараён Сухарава). Вернікі і клір занепакоеныя тым, што побач з царквой разгарнулася будаўніцтва гандлёвага цэнтра.

Прыхаджан турбуюць дзве рэчы. Па-першае, новы будынак амаль цалкам схавае ад вачэй прыгожы храм, пабудаваны на ахвяраванні жыхароў мікрараёна. Па-другое, ёсць верагоднасць, што будаўніцтва можа нашкодзіць устойлівасці царквы і званіцы, бо глеба ў гэтым мікрараёне праблемная. «Звязда» ўзялася разабрацца ў тым, наколькі хваляванні прыхаджан абгрунтаваныя і ці не парушаны пры распачатай будоўлі іх правы.

 

[caption id="attachment_69243" align="alignnone" width="600"]27-43 Прадстаўнік «НГМакась» размаўляе з удзельнікамі сходу.[/caption]

Мегаклуб замест сквера?
Першымі трывогу забілі нават не ўласна прыхаджане, а жыхары 53-га дома па вуліцы Шаранговіча. Людзі пачалі турбавацца, калі 4 кастрычніка пад іх вокнамі ўсталявалі будаўнічую агароджу з рэкламнымі шчытамі мегаклуба «Тытан» і шэрагу гандлёвых цэнтраў. А ў скверыку, адзінай маленькай зялёнай зоне, каля дамоў уздоўж «адной з самых загазаваных вуліц г. Мінска», выкарчавалі дрэвы. Жыхары дома даслалі калектыўныя звароты кіраўніку адміністрацыі Фрунзенскага раёна г. Мінска і ў Мінскі гарадскі выканаўчы камітэт. Яны пыталіся: «На якой падставе за пяць метраў ад храма і жылога дома ліквідуецца адзіная азялененая пляцоўка?» Што плануецца будаваць і чаму з нагоды будаўніцтва пад іх вокнамі не было праведзена грамадскае абмеркаванне?»

Праз два тыдні быў атрыманы адказ раённай адміністрацыі пра тое, што на азначаным месцы — замест раней выдзеленага ўчастка па вуліцы Панамарэнкі, 2 — будуецца аб'ект гандлёва-бытавога прызначэння вышынёй у 5 паверхаў і, «згодна з таксацыйным планам, на ўчастку захоўваецца 10 дрэў і 16 кустоў», а азеляненне тэрыторыі прадугледжвае пасадку яшчэ 65 кустоў, уладкаванне газона (10 сотак) і кветніку (ажно 8 кв. м).

«Побач з выдзеленым участкам захоўваецца вялікая паласа газону з зялёнымі насаджэннямі, якая ў разы перавышае плошчу дрэў, што высякаюцца», — супакойвалі грамадзян. Паведамілі таксама, што будаўніцтва 5-павярховага будынка «не парушыць інсталяцыю навакольнай забудовы і прадугледжана планам дэталёвай планіроўкі раёна — гэта значыць, не патрабуе правядзення грамадскага абмеркавання, а таксама ўзгодненае з памежным землекарыстальнікам — рэлігійнай абшчынай «Прыход храма Святога Архангела Міхаіла» ў г. Мінску Мінскай епархіі БПЦ і прадпрыемствам «Мінскводаканал» — у красавіку 2014 года». Кіраўнік адміністрацыі сталічнага раёна таксама запэўніў грамадзян, што заказчык будаўніцтва «НГ Макась» добраўпарадкуе гэту тэрыторыю лавамі і сметніцамі, а для фізічна аслабленых асоб зробіць паніжаныя борцікі ў месцах перасячэння тратуараў і праезду.

Яшчэ праз два тыдні той жа варыянт адказу (толькі ў больш скарочаным выглядзе — без згадвання пра аслабленых асоб) прыйшоў і з гарвыканкама.

— Безумоўна, мы ўсе былі незадаволеныя гэтымі адказамі, — расказала «Звяздзе» жыхарка дома №53 Наталля Мірановіч. — Але далей у перапіску з уладамі ўступіла праваслаўная абшчына, і мы, можна сказаць, перадалі ёй свае паўнамоцтвы, бо палічылі, што голас прыхода лепш пачуюць.

Справа не толькі ў зялёнай зоне
Тым часам на будаўнічай пляцоўцы быў вырыты катлаван для падземнага паверха будучага аб'екта гандлёва-бытавога прызначэння. Памеры ямы настолькі ўразілі прыхаджан, што яны імгненна сабралі больш за 400 подпісаў пад новымі лістамі. «Мы хочам любавацца выглядам белакаменнага храма, залатымі купаламі, а не сучаснымі канструкцыямі, якія парушаць добры выгляд нашага мікрараёна», — пісалі яны ў звароце. «Ёсць небеспадстаўная боязь таго, што, зыходзячы з папярэдніх геалагічных даследаванняў глебы нашага прыхода і найбліжэйшых тэрыторый, магчыма спаўзанне грунтоў сярэдняга слою глебы, якое можа прывесці да пашкоджання праваслаўнага храма, які стаіць побач», — дадавалі ў іншым лісце вернікі.

Сам храм у гонар Святога Архангела Міхаіла скончылі будаваць адносна нядаўна — першая служба ў ім адбылася ў 2013 годзе на Вялікдзень. Увесь храмавы комплекс уключае ў сябе дзве царквы (спачатку была пабудавана маленькая ў гонар Святой Блажэннай Ксеніі Пецярбуржскай), званіцу, нядзельную школу і вагончык, у якім пачыналіся службы 10 гадоў таму. Прыход вядзе актыўную сацыяльную і асветніцка-адукацыйную працу: дапамагае ветэранам вайны, інвалідам, маламаёмным сем'ям, дзіцячым дамам, працуе з моладдзю, ладзіць курсы беларускай мовы і семінары, прысвечаныя беларускай літаратуры, выставы, творчыя вечарыны.

— Вернікамі мікрараёна Сухарава выдаткаваны вялікія грошы і шмат сіл для таго, каб такі прыгожы храм нарэшце ўзвялі, гэта без перабольшвання — подзвіг, — лічыць настаяцель. — І зараз маляўнічы краявід, які людзі стварылі на свае ахвяраванні, будзе закрыты гандлёвым будынкам, якіх, дарэчы, у Сухарава і без таго дастаткова. Толькі на адным гэтым перакрыжаванні — тры буйныя крамы. Навошта чацвёртая? Чаму меркаванне людзей не спыталі?

— Побач з храмам павінна быць месца, каб адпачыць, малітоўна настроіцца ці правесці хрэсны ход, — дадае прыхаджанін Аляксандр Несцярчук.

Ці ўсё прадугледзела экспертыза?

Што тычыцца ўзгаднення будаўніцтва з рэлігійнай абшчынай, на якое спасылаюцца ў сваіх адказах улады горада і Фрунзенскага раёна, то, сапраўды, настаяцель прыхода Ігар Галакоў мінулай вясной падпісаў два дакументы: дазвол на правядзенне інжынерных сетак і праект адводу зямельнага ўчастка. Са слоў айца Ігара, прадстаўнік забудоўшчыка, які ўзгадняў з ім гэтыя паперы, казаў пра 1-2-павярховую краму. Як упэўнілася карэспандэнт «Звязды», у тых дакументах, што падпісаў настаяцель, сапраўды няма ні слова пра колькасць паверхаў запланаванага будынка.

— Яшчэ ў 2008 годзе «НГМакась»(заказчык будаўніцтва. — Аўт.) быў праінфармаваны аб тым, што запраектаваны аб'ект па вуліцы Панамарэнкі, 2 месціцца ў зоне перспектыўнага будаўніцтва транспартнай развязкі Харкаўская — Панамарэнкі — Пушкіна. Пасля гэтага яны звярнуліся ў Мінгарвыканкам для замены ўчастка. І той згадзіўся выдаць іншы кавалак зямлі, — патлумачыў сітуацыю галоўны спецыяліст упраўлення архітэктуры і будаўніцтва адміністрацыі Фрунзенскага раёна горада Мінска Аляксей Марачэўскі.

— Айцец Ігар Галакоў распавёў, што, калі пачыналася будоўля галоўнага храма, крыптавую (заглыбленую) яго частку аднойчы істотна падтапіла. Ці можа гэта паўтарыцца? — пацікавіліся мы.

— Раз так, мы напішам ініцыятыўны ліст на адрас «НГМакась», каб яны прадугледзелі рызыку падтаплення. Але ж, калі праект прайшоў дзяржаўную экспертызу, там павінна быць усё прадугледжана.

— Мы будуем аб'ект на законнай падставе, — каментуе сітуацыю кіраўнік кампаніі-заказчыка «НГМакась» Антон Жыркоў. — Нам горад даў участак. І тым больш кампенсацыйны. Спачатку памылкова выдзелілі ўчастак на Панамарэнкі, 2. Ён аказаўся на месцы пад пашырэнне дарогі. Нам напісалі ліст, што выйшла памылка, і прапанавалі іншыя ўчасткі. Мы выбралі яго на вуліцы Шаранговіча. Зрабілі новы праект. Прайшлі ўсе ўзгадненні: камітэт архітэктуры і горадабудаўніцтва Мінгарвыканкама, Дзяржбудэкспертызу. Атрымалі дазвол на будаўніцтва. Ізноў заплацілі за ўчастак. Узгаднілі гэта з Царквой. Усё адбылося па законе.
Але спасылкі на законнасць і афіцыйныя адказы чыноўнікаў розных узроўняў не супакойваюць людзей. Кожную нядзельную раніцу а сёмай гадзіне крыптавы храм напаўняецца вернікамі, а пазней набажэнствы збіраюць дарослых і дзяцей у верхнім храме. А раптам фундамент «паплыве» праз будаўніцтва па блізкім суседстве і адбудзецца абрушэнне? Могуць жа пацярпець людзі, і цяпер гэта — самая вялікая трывога настаяцеля.

— Безумоўна, ёсць нюансы па будаўніцтве, — адзначае Аляксей Марачэўскі . — Вядома, на ўчастку вырылі глыбокі катлаван. Людзі баяцца абрушэння. Мы даручылі разабрацца з гэтым Інспекцыі дэпартамента кантролю і нагляду па будаўніцтве. Афіцыйна папрасілі праверыць, каб усё было зроблена правільна.

У сваю чаргу «Звязда» звярнулася да прафесара, доктара тэхнічных навук Міхаіла Нікіценкі, які ў 2006 годзе вывучаў склад глебы ў гэтай частцы Сухарава паводле інжынерна-геалагічных даследаванняў для будоўлі храма. Гэта дазволіла прафесару сумесна з яго вучнем Вячаславам Сярновым распісаць эфектыўныя фундаменты для праблемнага грунту. Мы папрасілі Міхаіла Іванавіча спрагназаваць узровень бяспекі будаўніцтва, якое вядзе «НГМакась» па вуліцы Шаранговіча.

— У непасрэднай блізкасці да храма выкапалі катлаван амаль з вертыкальнымі сценкамі памерам у 6-7 метраў. Гэта вельмі небяспечна. Гліністыя грунты, якія пануюць на ўчастку для будучага гандлёвага цэнтра, толькі часова трымаюцца. А пасля могуць «паехаць». Зараз надвор'е мяняецца. А гліністы грунт адчувальны да перамены вільготнасці. Замерзне — зверху ўтвараецца змёрзлая корка. А на ёй ляжыць асфальт. Пацяплее — гліна пачне рухацца. Асфальт можа трэснуць, і тады здарыцца абвал і людзі могуць пацярпець.

Міхаіл Нікіценка збіраецца зрабіць афіцыйнае заключэнне наконт верагоднасці абвалу. Пакуль яно знаходзіцца на стадыі распрацоўкі.

[caption id="attachment_69158" align="alignnone" width="600"]27-41 Від на царкву з боку вуліцы Шаранговіча.[/caption]

«Мы сочым за гэтым»
Апроч іншага, вернікаў хвалюе і тое, што ў непасрэднай блізкасці з храмам могуць з'явіцца казіно ці нешта падобнае (напрыклад, у шматфункцыянальным цэнтры «Тытан», які рэкламуецца на агароджы будаўнічай пляцоўцы, месціцца начны клуб). У тым, што такога не здарыцца, у асабістай размове запэўніў карэспандэнта «Звязды»Аляксей Марачэўскі: «Мы сочым за гэтым». Яго словы пацвердзіла і намеснік кіраўніка адміністрацыі Фрунзенскага раёна горада Мінска Наталля Праскурава.
«Звязда» таксама паспрабавала высветліць, чаму ў выпадку з будаўніцтвам гандлёвага 5-павярховага цэнтра на вуліцы Шаранговіча не патрабуецца грамадскага абмеркавання. Нас адаслалі да «Палажэння аб парадку правядзення грамадскіх абмеркаванняў у галіне архітэктурнай, горадабудаўнічай і будаўнічай дзейнасці ад 01.06.2011 №687» у рэдакцыі Савета Міністраў Беларусі ад 10.02.2014 №109. Аднак ніякай цытаты з гэтага дакумента нам не прывялі. Разам з тым, у пункце 19 часткі 2-й адзначана, што грамадскае абмеркаванне праводзіцца для, у тым ліку, «дэталёвых планаў, распрацаваных для тэрыторый, вольных ад забудовы». Пункт 6 часткі 1-й кажа нам, што «грамадскае абмеркаванне здзяйсняецца да правядзення дзяржаўных экспертыз». Нагадаем, што будаўніцтва цэнтра стала поўнай нечаканасцю для жыхароў вуліцы Шаранговіча.

Пакуль рыхтаваўся матэрыял, 22 студзеня адміністрацыя Фрунзенскага раёна Мінска правяла тлумачальную размову з занепакоенымі жыхарамі Сухарава. На сустрэчу прыйшлі кіраўнік адміністрацыі Барыс Васільеў, старшыня Мінскага гарадскога Савета дэпутатаў Васіль Панасюк, выканаўца абавязкаў галоўнага архітэктара Мінгарвыканкама Уладзімір Куршын, намеснік кіраўніка адміністрацыі Фрунзенскага раёна па пытаннях будаўніцтва Кірыл Алёхін, настаяцель прыхода Святога Архангела Міхаіла Ігар Галакоў і прадстаўнікі кампаніі-забудоўшчыка «НГМакась». А таксама прадстаўнікі грамадскіх арганізацый і некалькі дзясяткаў жыхароў найбліжэйшых дамоў і праваслаўных вернікаў.

— Па гэтым пытанні я ўжо зрабіў паведамленне старшыні Мінгарвыканкама, — выступіў Васіль Панасюк. — У афіцыйных адказах было ўвесь час напісана, што парушэнняў у будаўніцтве няма. З улікам менавіта спецыфікі гэтага пытання, нягледзячы на нормы фізікі, нормы будаўніцтва, я папрасіў выканаўчую ўладу горада паўторна вярнуцца да разгляду гэтага пытання аб правамернасці знаходжання аб'екта насупраць храма. Прашу падрадчыка: не чакаючы канчатковага рашэння, прыпыніце, калі ласка, работы.

На што прадстаўнікі кампаніі «НГМакась» адразу адказалі: «Ужо прыпынілі». Барыс Васільеў падтрымаў словы Васіля Панасюка:

— Насамрэч, будаўніцтва толькі пачалося. Затрат адносна няшмат. Горад вялікі, і трэба адшукаць варыянт. Гарадскія ўлады, я мяркую, здольныя вырашыць гэтую праблему.
Вераніка ПУСТАВІТ.

Выбар рэдакцыі

Грамадства

У чым пайсці на выпускны баль?

У чым пайсці на выпускны баль?

 Паглядзім, што раяць стылісты і што рэальна набыць у нашых шыротах, пажадана не ўганяючы бацькоў у даўгі.

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Для Цяльцоў гэты тыдзень будзе напоўнены справамі і клопатамі, звязанымі са сваякамі ці дзецьмі. 

Спорт

Які наш спорт сёння?

Які наш спорт сёння?

«З кожным днём сітуацыя ў свеце мяняецца так, што ў вялікай ступені гэта закранае і спорт».