Вы тут

«...Але жыве «Звязда» і не дазваляе мне забыцца, што я беларуска»


Не з нас гэта пачалося — не з намі скончыцца. Традыцыя — перад Калядамі «падмітусіцца»: купіць паштоўкі і падаруначкі блізкім, прадумаць святочны стол, загадзя падабраць адмысловы абрус, паставіць на покуці елку…

Так-так, елку, бо ёлкай, а яшчэ дакладней ялінкай, яна стане потым, калі мы павесім на яе зіхоткія, бліскучыя шары і гірлянды, калі нарэшце з донца вялікай кардонкі выцягнем яркі, рознакаляровы дожджык, а потым, патрымаўшы яго ў руках (і столькі ўсяго ўзгадаўшы), схаваем назад — да просценькіх шышачак, пеўнікаў, зайчыкаў, да выразаных з фольгі сняжынак, да папяровых анёлаў… Да таго — старэнькага, што як быццам няёмка ўжо вешаць на ёлку. Але і развітацца шкада…

Гэта прыкладна так, як нам — з перадкаляднай поштай.

«Некалі, у васьмідзясятыя гады я выпісвала каля дзесяці найменняў газет і часопісаў, — піша спадарыня Ірына Ермаковіч з вёскі Азяраўцы Браслаўскага раёна, — а цяпер засталася толькі са «Звяздой»: выбіраю яе ў трыццаты, юбілейны, раз, бо «зачапіла», як той казаў, і ўжо не адпусціла.

Чым узяла? Найперш, зместам, бо тут — быццам спецыяльна для мяне — навіны, апошнія палітычныя падзеі, падказкі псіхолагаў, парады агароднікаў, гумар, сям'я, «Мясцовае самакіраванне», «Чырвонка», «Ігуменскі тракт»… Карацей, пра ўсё можна даведвацца са старонак газеты — нікуды не выходзячы з дому, не ўключаючы радыё і тэлевізар. А потым іншым расказаць, што «вось у «Звяздзе»…»

Такім чынам усе мае знаёмыя ведаюць, што ёсць у краіне рэспубліканская газета на беларускай мове, што піша яна пра ўсё, што цікава чытаць і так важна ведаць.

Але ж газета непадобная на іншыя не толькі праз гэта. На мой погляд, людзі ў ёй працуюць адметныя: з імі цікава глядзець на свет, разам думаць, разважаць…»

«А яшчэ ў «Звязды», у звяздоўцаў я вучуся па-беларуску пісаць, — прызнаецца спадарыня Ірына. — Гэта вельмі складана і вельмі цікава — навучыцца пісаць па-беларуску, так, каб думкам было прасторна, а словам цесна. Зрэдку я дасылаю ў рэдакцыю свае лісты, матэрыялы, што-нішто друкуецца. І гэта для мяне вялікая радасць».

Чарговы ліст — ад спадара Сцяпана Нефідовіча з вёскі Любань Лунінецкага раёна — адметны сваім «эпіграфам». У першых радках так і пазначана: «Ліст ад чалавека, што са «Звяздой» жыве паўвека!»

Здымаем капялюш, што называецца, бо гэткі «стаж» сяброўства з газетай, безумоўна ж, варты павагі! Як і самых светлых, удзячных упамінаў пра нашых папярэднікаў, пра тых, хто працаваў, шчыраваў у «Звяздзе» раней.

Але ж да зместу. «Дзяцінства маё, — піша спадар Нефідовіч, — прайшло ў асяродку, дзе панавала гаворка Цэнтральнага Палесся. Унармаваную беларускую мову я вучыў у школе. З 17 гадоў пачаў друкавацца ў раённай газеце, стаў сябрам тамтэйшага літаб'яднання, якое ўзначальваў Аляксей Гардзіцкі і курыраваў Уладзіслаў Нядзведскі — два будучыя вядомыя пісьменнікі. Ніколі не забудуся, як хораша яны размаўлялі па-беларуску!..

Аднак сапраўдным маім настаўнікам роднай мовы стала «Звязда». У яе я вучыўся фармуляваць свае думкі, пісаць і ў выніку паспяхова скончыў педвучылішча, філфак універсітэта БДУ…

Даўно гэта было і… засталося, — працягвае Сцяпан Паўлавіч, — бо «Звязда» ў маёй сям'і па-ранейшаму і асветніца, і дарадчыца, і проста сябар».

«Я меў вышэйшую катэгорыю як выкладчык, — адзначае напрыканцы спадар Нефідовіч. — Да таго ж у мясцовых выдавецтвах выйшла багата маіх брашур па краязнаўстве, фальклоры, сем літаратурных зборнікаў. І ўсё гэта — дзякуючы «Звяздзе»!»

Важнае для газеты прызнанне — дарагога каштуе!

Яшчэ адзін ліст — ад спадара Генадзя Макоўскага з Мінска. «Задаю сабе пытанне: за што я люблю «Звязду»? І разам з іншымі адказваю: за нашу мову, за цікавыя аповеды… Але галоўны сакрэт, як мне падаецца, у тым, што ў калектыве досыць удала спалучаецца вопыт і маладосць».

«Добра, што ў вас з'яўляюцца новыя праекты і рубрыкі, — заўважае даўняя і нязменная падпісчыца» (так у лісце) з вёскі Бераснёўка Докшыцкага раёна спадарыня Камінская. А пра родную мову і казаць няма чаго, бо на іншай я не размаўляю, нават з «гарадскімі» дзецьмі і ўнукамі».

«Вы, звяздоўцы, робіце газету з веданнем жыцця і справы, можаце, як той казаў,

Не напісаць, а вышыць на паперы

Пачуцці, думкі, шчырасць, чысціню —

З любоўю, і з надзеяю, і з верай

У шчасце, радасць, сэрца дабрыню.

Таму я і выпісваю газету больш за 30 гадоў, ні разу аб тым не пашкадаваўшы», — прызнаецца Максім Казук з Лунінеччыны.

«Звязда» і толькі «Звязда»! — з гэтых слоў пачынае свой ліст і Вера Піліпаўна Вяргейчык з вёскі Трасцянка, што ля Беразіно. — Некалі ў газеце мы з мужам знаходзілі шмат матэрыялу для працы ў школе, для душы. Пастаянна чакалі і чыталі апавяданні «На конкурс», рубрыкі «Алё, народ на провадзе!», «Сямейную газету», «Жырандолю», «Нефармат», «Асабістае», разгадвалі крыжаванкі, — узгадвае яна. — Цяпер я засталася адна, але здрадзіць газеце не змагу, мусіць, ніколі».

27-33

Хоць абставіны часам і дыктуюць…

Канкрэтная сітуацыя — з ліста з вёскі Ардашы Смаргонскага раёна. «Быў час, — піша спадарыня Галіна Пятроўская, — калі адзін з трох нашых сыноў купіў кватэру. У ёй трэба было рабіць рамонт, мяняць дзверы, замаўляць кухню, шафу-купэ… Іншымі словамі, нам патрэбна была газета з мясцовымі аб'явамі. І таму я сказала мужу: «Ну давай на тры месяцы адмовімся ад «Звязды», а потым зноў выпішам». Ведаеце што пачула ў адказ? «Не дуры галавы. Не бачыш, якія тут людзі працуюць — знаёмыя, разумныя, з пачуццём гумару…»

З абвесткамі ў выніку мы іншае выйсце знайшлі. У тыя месяцы муж па пятніцах хадзіў да суседкі-паштальёнкі. З яе газеты выпісваў усе патрэбныя аб'явы, але ад «Звязды» не адрокся!.. Дарэчы, ён 37 гадоў адпрацаваў дырэктарам сельскай школы, цяпер на пенсіі, на вялікі жаль, хварэе і таму з асаблівым нецярпеннем чакае кожны нумар газеты».

Якая ж, згадзіцеся, адказная гэта справа — рыхтаваць той нумар да друку: пісаць (цікава!) пра тое, што сапраўды патрэбна і важна!..

На думку многіх падпісчыкаў (а працытаваны, хоць коратка, вядома ж, не ўсе лісты, прычым далёка не ўсе), нам гэта ўдаецца, на думку асобных — не зусім: чытачы чакаюць больш крытыкі і вострай палемікі, ім хочацца буйнейшых шрыфтоў, часам іх раздражняюць здымкі і сапраўды «недаравальныя для газеты такога ўзроўню» памылкі…

А значыць, нам працаваць і працаваць яшчэ! Дай Бог, каб было дзеля каго… І, вядома ж, дзеля чаго! Таму напрыканцы яшчэ адзін ліст. «Дзякуй вам за газету, — піша спадарыня Калініна з Брэста, — за тое, што яна цікавая, рознабаковая, а галоўнае — беларускамоўная. Здаецца іншы раз, што гутарку людзей па-беларуску ўжо і не пачуеш, асабліва ў гарадскім асяродку. Але ж жыве «Звязда» і не дазваляе мне забыцца, што я тутэйшая, што я — беларуска! І таму (спачатку здранцвелым языком) у транспарце, у краме, у банку, у аптэцы я прамаўляю беларускія словы… Людзі ўсміхаюцца і — дзіва дзіўнае! — пачынаюць адказваць па-беларуску. Хай не заўсёды, хай не ўсе, але ж гэта вельмі прыемна! Значыць, і сапраўды пачынаць трэба з сябе».

Нехта — пачынае. Мы — працягваем. Да гэтага абавязвае амаль стагадовае (!) мінулае нашай газеты, да гэтага ж абавязвае імя, бо найперш са звяздой (яна ішла першай), а ўжо потым з казой і гармонікам нашы продкі хадзілі калядаваць. І была гэтая звязда сімвалам надзеі на цяпло, на дабро, на тое, што будзе вясна з яе нязменным адраджэннем!.. Яго трэба проста дачакацца…

Чытачы без газеты, ну напэўна ж, могуць гэта зрабіць. Газета без чытачоў — не! А таму шчыры (бо вялікі — гэта калька з рускай мовы) дзякуй усім, хто ў чарговы ці першы раз падпісаўся, хто дзяліўся і, спадзяемся, будзе дзяліцца са «Звяздой» сваімі думкамі і меркаваннямі, «падкідваць» тэмы і пытанні, дасылаць «вясёлыя і праўдзівыя гісторыі»… Усім, хто, віншуючы са святамі блізкіх, у гэтае кола «ўключыў» газету і пажадаў яе супрацоўнікам шмат чаго… І ў прыватнасці («вуснамі» спадара Нефідовіча):

Сямейнага ладу,

Добрага акладу,

Не хварэць ніколі —

Беззаганнай долі!

Акурат таго ж на пачатку года зычыць газета сваім чытачам. Будзьма разам, як той казаў, і тады мы будзем!

Валянціна Доўнар.

P. S.Нехта, чытаючы гэты агляд рэдакцыйнай пошты, магчыма, узгадае крылатае: «Няхай пярун таго спаліць, хто сам сябе хваліць…»

Аднак мы, як быццам, не самі… Ды і расказаць хацелася не столькі пра тое, якія харошыя мы ў чытачоў, а якія яны — у нас.

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Як змагацца з шумнымі суседзямі?

Як змагацца з шумнымі суседзямі?

Перш чым ісці вайной на суседзяў, варта вывучыць «Правілы карыстання жылымі памяшканнямі».

Эканоміка

Чым здзівіць «БЕЛАГРА-2024»?

Чым здзівіць «БЕЛАГРА-2024»?

У рамках дзелавой праграмы выставы пройдзе каля 20 тэматычных семінараў і канферэнцый.