Вы тут

«Міс Сусвет-2014» стала калумбійка са шматдзетнай сям'і


Адзін з самых прэстыжных і старшых конкурсаў прыгажосці на планеце завяршыўся 25 студзеня ў прыгарадзе Маямі. Удзел у ім сёлета ўзялі прадстаўніцы 88 краін свету. Галоўны тытул «Міс Сусвет» у выніку дастаўся 22-гадовай Паўліне Вега з Калумбіі, а званні віцэ-міс атрымалі прадстаўніца ЗША Ніа Санчэс і ўкраінская студэнтка, будучы пракурор Дзіяна Гаркуша. У пяцёрку найпрыгажэйшых дзяўчат планеты ўвайшлі таксама канкурсанткі з Нідэрландаў і Ямайкі. Беларусь, на жаль, у сёлетнім шоу не ўдзельнічала.

27-39

Пра каралеву прыгажосці вядома, што яна ўнучка легендарнага лацінаамерыканскага тэнара Гастона Вегі і пераможцы конкурсу прыгажосці «Міс Атлантыка» 1953 года Эльвіры Касцільо, што ў яе ёсць тры браты і чатыры сястры і што сама дзяўчына захапляецца танцамі, вывучае ва ўніверсітэце кіраванне бізнесам і больш за ўсё любіць бавіць час з сям'ёй. І хоць яна працуе ў мадэльным бізнесе з 8 гадоў, сваім галоўным дасягненнем на конкурсе лічыць той факт, што ёй удалося «прадставіць сучасную жанчыну, якая клапоціцца не толькі пра тое, каб быць гламурнай і прыгожай, але і пра тое, як стаць прафесійным, разумным і руплівым чалавекам».

Як адзначылі сусветныя СМІ, сёлетні конкурс атрымаўся надзіва яркім і запамінальным, асабліва яго традыцыйная частка — дэманстрацыя нацыянальных убораў. Напрыклад, прадстаўніца Канады Шанель Бекенлехнер упрыгожыла свой касцюм... мноствам хакейных клюшак і элементамі амуніцыі, а за яе спінай гарэла электроннае табло. «Міс Германія» Джозефін Донат дапоўніла свой касцюм, прысвечаны падзенню Берлінскай сцяны, белым плюшавым мядзведзем і кранальнай звязкай белых паветраных шарыкаў. А вось прадстаўніца Украіны Дзіяна Гаркуша, наадварот, абрала надзвычай экспрэсіўны чырвона-чорны ўбор пад назвай «Нявесты вайны», які сімвалізаваў трагічныя падзеі на яе радзіме... Касцюм «Міс Вялікабрытанія» Грэйс Леві імітаваў форму каралеўскага гвардзейца, «Міс Венесуэла» Мігбеліс Кастэланас ператварылася ў сапраўдную дрыяду, бо яе сукенку аздаблялі лісце, кветкі і матылькі, Кімберлі Касціла з Дамініканскай Рэспублікі лейтматывам свайго касцюма абрала вобраз святой дзевы Ла Альтаграсіі — апякункі Дамініканы, а «Міс Карэя» Ю Йбін наогул сабрала на сваёй нацыянальнай сукенцы «ханбок» сцягі ўсіх краін свету, каб прадэманстраваць адзінства ўсіх людзей, незалежна ад іх нацыянальнасці і грамадзянства...

Пераможца атрымала з рук папярэдняй «Міс Сусвет», венесуэлкі Габрыэлы Іслер, пераходны прыз — каштоўную карону. Гэты вянец, кошт якога спецыялісты ацэньваюць у 300 тысяч долараў, выкананы з белага золата, дыяментаў, сапфіраў і тапазаў, а яго форма зроблена паводле пейзажаў Нью-Ёрка з яго хмарачосамі.

Нагадаем, конкурс «Міс Сусвет» праходзіць з 1951 года. Яго заснавальнікам выступіла кампанія — вытворца купальнікаў, а ў 1996 годзе правы на конкурс набыў амерыканскі мільярдэр Дональд Трамп.

Вікторыя ЗАХАРАВА

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.