Вы тут

Здабываць перамогі


У тыднёвым спартыўным аглядзе «Звязда» распавядае пра звышудалае выступленне Дар'і Домрачавай на італьянскім сярэднягор'і, правал гандбольнай зборнай на чэмпіянаце свету і крыўднае паражэнне Вікторыі Азаранкі на Аўстралійскім чэмпіянаце па тэнісе.

1. На этапе Кубка свету па біятлоне, які праходзіў у італьянскай Антэрсельве, Дар'я Домрачава не пакінула ніводнага шанцу сваім саперніцам замахнуцца на верхнюю ступень п'едэстала ў асабістых гонках. Спачатку яна перамагла ў спрынце, а пасля пацвердзіла гэты вынік «золатам» у пас'юце. Дарэчы, ужо другі спрынт запар прыма айчыннага біятлону праходзіць «на нуль». У чым сакрэт такіх прыемных змен? «У падрыхтоўцы я нічога не мяняла, — сказала пасля перамогі ў спрынтарскай гонцы Дар'я ДОМРАЧАВА, — не рабіла нічога асаблівага. Думаю, што дапамагаюць сонца і выдатнае надвор'е».

Парадокс, але якраз капрызы прыроды многім камандам сапсавалі эстафетную гонку. Ахвярай пераменлівага надвор'я стала і наша жаночая зборная. Ірына Крыўко, якая бегла на другім этапе, падчас «стойкі» трапіла ў сапраўдную снежную завіруху і зарабіла адразу тры штрафныя кругі. Гэты вынік адкінуў нашу каманду за межы дзясяткі. Але больш хуткія і меткія Надзея Пісарава і Дар'я Домрачава на сваіх этапах змаглі значна палепшыць стан беларускай зборнай, узняўшы яе на шостае месца. Адзначым, што нашы дзяўчаты ўпершыню ў гэтым сезоне засталіся па-за межамі эстафетнага подыума. Тым не менш яны па-ранейшаму сярод найлепшых у агульным заліку Кубка свету ў гэтай дысцыпліне і саступаюць толькі камандам Чэхіі і Германіі.

Што датычыцца становішча Дар'і Домрачавай у генеральнай класіфікацыі, адставанне трохразовай алімпійскай чэмпіёнкі ад Кайсы Макарайнен скарацілася да 40 ачкоў. У сваю чаргу адрыў Домрачавай ад найбліжэйшых саперніц складае ўжо больш за 100 балаў.

27-38

Выйграўшы дзве спрынтарскія гонкі запар, Дар'я Домрачава выйшла на першае месца ў заліку гэтай дысцыпліны.

2. Мужчынская зборная Беларусі па гандболе не змагла выйсці з групы на чэмпіянаце свету, які праходзіць у Катары. З чатырма паражэннямі (ад іспанцаў, славенцаў, бразільцаў і катарцаў) і адной перамогай (над чылійцамі) наша каманда заняла перадапошняе месца ў групе і цяпер паспрачаецца за месцы з 17-га па 24-е ў суцяшальным турніры.

Між іншым, кіраўнік беларускай федэрацыі гандбола Уладзімір Канаплёў рэзка ацаніў выступленне беларускай каманды, назваўшы яго «правалам». Глава федэрацыі адзначыў, што беларускі гандбол мае патрэбу ў пэўных зменах, перш за ўсё звязаных з узмацненнем пазіцый беларускіх гульцоў у беларускім чэмпіянаце. «Магчыма, варта ўвесці ліміт на легіянераў, — прапанаваў Канаплёў. — Да трох замежнікаў у клубе, уключаючы варатара. Будзем абмяркоўваць гэтыя і іншыя моманты».

3. Хакейны «Дынама-Мінск» на выездзе саступіў аднаму з аўтсайдараў Заходняй канферэнцыі — харвацкаму «Мядзвешчаку» (2:4). Толькі ў трэцім перыядзе «бела-сінія» змаглі размачыць сухі лік: вылучыліся Шарль Лінгле і Алег Гарошка. Але ў выніку атрымалася толькі, як той кажа, падсаладзіць пілюлю.

Пасля матча галоўны трэнер «зуброў» Любамір ПОКАВІЧ распавёў, што не атрымалася ў яго падапечных: «Мы пачалі паядынак пад вялікім ціскам, бо гаспадары выдатна стартавалі. Толькі ў трэцім перыядзе пачалі гуляць у наш хакей. Змаглі закінуць, але ў некаторых эпізодах нам усё ж такі не шчасціла. Многае мог змяніць момант з незалічанай шайбай, але яго трактавалі не на нашу карысць».

Заўтра «Дынама» згуляе ў гасцях з магнітагорскім «Металургам».

4. Вікторыя Азаранка прайграла ў чацвёртым раўндзе Адкрытага першынства Аўстраліі па тэнісе. Шлях да чвэрцьфіналу беларускай тэнісістцы перагарадзіла славачка Дамініка Цыбулкава, якая атрымала перамогу ў трох упартых сэтах — 6:2, 3:6, 6:3. Нягледзячы на паражэнне, Вікторыя Азаранка станоўча ацаніла сваё выступленне на Australіan Open: «У мяне былі магчымасці, але я іх не выкарыстала. Напэўна, не хапіла канцэнтрацыі. У гэты ж час мая саперніца хапалася за любыя магчымасці і цалкам кантралявала падобныя сітуацыі. Тым не менш у тым, як я сябе адчуваю, у параўнанні з мінулым годам — розніца вялікая. Я вельмі сур'ёзна трэніруюся і ў матчах спрабую выціскаць максімум. Так што ёсць рэчы, якімі я магу быць задаволеная».

Дарына ЗАПОЛЬСКАЯ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

У чым пайсці на выпускны баль?

У чым пайсці на выпускны баль?

 Паглядзім, што раяць стылісты і што рэальна набыць у нашых шыротах, пажадана не ўганяючы бацькоў у даўгі.

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Для Цяльцоў гэты тыдзень будзе напоўнены справамі і клопатамі, звязанымі са сваякамі ці дзецьмі. 

Спорт

Які наш спорт сёння?

Які наш спорт сёння?

«З кожным днём сітуацыя ў свеце мяняецца так, што ў вялікай ступені гэта закранае і спорт».