Вы тут

Разлічваць заробак будзе лягчэй


Каму з бюджэтнікаў плаціць больш, дазволяць вырашаць кіраўнікам устаноў.

Што будзе сёлета з заробкамі, эксперты рынку працы прагназаваць пакуль не бяруцца. Зразумела, што людзі прывыклі арыентавацца на долар і ў беларускіх рублях цяпер хочуць атрымліваць больш, аднак трэба ж клапаціцца і пра эфектыўнасць эканомікі. А якія змены чакаюць тых, хто заняты ў бюджэтнай сферы? Некалькі пытанняў наконт заробкаў работнікаў дзяржаўных устаноў мы задалі начальніку ўпраўлення аплаты працы ў бюджэтнай сферы Міністэрства працы і сацыяльнай абароны Юрыю ПЮРКО.

— Юрый Іосіфавіч, ці можна сёння назваць бюджэтнікаў сярэднім класам?

— Складана адказаць, паколькі заканадаўствам не вызначаны пэўныя крытэрыі ці парогавыя значэнні, па якіх можна было б залічыць тых ці іншых работнікаў да сярэдняга класа. Тым больш розніца ў памерах заработнай платы ў работнікаў бюджэтнай сферы вельмі вялікая і залежыць ад многіх фактараў. Напрыклад, ад сферы дзейнасці, адукацыі і кваліфікацыі чалавека, пасады. Сярэдні заробак у бюджэтных арганізацыях складае 4 мільёны 475 тысяч рублёў (74 працэнты ад сярэдняга заробку па краіне), пры гэтым у галіне адукацыі — 4 мільёны 60 тысяч (настаўнікі — 4 мільёны 761 тысяча), аховы здароўя — 4 мільёны 611 тысяч (урачы — 7 мільёнаў 312 тысяч). У кожным канкрэтным выпадку фінансавая забяспечанасць будзе адрознівацца.

— Колькі ў краіне работнікаў бюджэтных арганізацый?

— Сярэдняспісачная колькасць — каля 850 тысяч. Але гэтая лічба не адлюстроўвае колькасць людзей, занятых у дзяржаўных установах, бо хтосьці працуе на паўтары стаўкі, іншы — на палову.

29-40

— Якія ж змены чакаюцца ў сістэме аплаты ў бюджэтнай сферы?

— Асноўны напрамак рэфармавання — гэта пераход ад цэнтралізаванага рэгулявання аплаты працы да змешанага з пашырэннем правоў кіраўнікоў. Прадугледжваецца ў межах пэўных нормаў даць права кіраўнікам самастойна стымуляваць работнікаў у залежнасці ад галіновай спецыфікі, асаблівасцяў працы, сітуацыі на рэгіянальным рынку працы. Каму варта заплаціць больш, будзе вырашацца на месцы. Гэта дазволіць адмяніць шматлікія сістэмы надбавак і дадатковых выплат, якія цяпер існуюць, і тым самым спрасціць структуру заробку. Плануецца паменшыць колькасць нарматыўных прававых актаў, што рэгулююць аплату працы бюджэтнікаў.

— Сёння гавораць пра магчымую адмену карэктуючых каэфіцыентаў. Чым выклікана такая неабходнасць?

— Раней стаяла задача падцягнуць заробкі нізкааплатных працаўнікоў. Для гэтага і былі ўведзены карэктуючыя каэфіцыенты, якія павышалі нізкія тарыфныя разрады. Напрыклад, на першым разрадзе мы сёння маем стаўку 275 тысяч. З дапамогай каэфіцыента 3,5 мы змяняем гэты памер да 962 тысяч. З улікам каэфіцыентаў разрыў паміж разрадамі зменшыўся: цяпер суадносіны паміж 1-м і 27-м — 2,24. Плануецца павялічыць гэты разрыў, каб у чалавека быў стымул павышаць сваю кваліфікацыю і адпаведна атрымліваць большую тарыфную стаўку, якая з'яўляецца асновай заробку. Нізкааплатных работнікаў дзяржава будзе падтрымліваць: забяспечыць ім мінімальны дзяржаўны стандарт у аплаце працы. Гэта мінімальны заробак, які са студзеня 2015-га вызначаны ў памеры 2 мільёны 100 тысяч рублёў.

Наталля ЛУБНЕЎСКАЯ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Захаваць. Нельга знесці

Захаваць. Нельга знесці

Знакі прыпынку нарэшце расстаўлены.

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Стральцам на гэтым тыдні не трэба пераацэньваць сваіх магчымасцяў.