Вы тут

Шчырая размова


Прэзідэнта і прадстаўнікоў сродкаў масавай інфармацыі адбудзецца сёння

Сустрэча з Прэзідэнтам для любога журналіста — падзея як мінімум запамінальная. Гэта магчымасць агучыць тую ці іншую праблему ў жыцці грамадства і дзяржавы. Аляксандр Лукашэнка сустрэнецца з прадстаўнікамі СМІ, як ужо паведамлялася, 29 студзеня — каб абмяняцца думкамі і, як гэта заўсёды адбываецца, максімальна адкрыта даць адказы на самыя складаныя пытанні. Мы пацікавіліся ў калег з рэгіянальных выданняў, якія тэмы іх больш за  ўсё хвалююць, з чым яны плануюць прыйсці на сустрэчу з Прэзідэнтам.

28-33

Іна Фяксель, галоўны рэдактар газеты «Навіны Старадарожчыны»:

— Хацелася б пачуць меркаванне кіраўніка дзяржавы наконт перспектыў развіцця малых гарадоў. Як мне здаецца, патэнцыял невялікіх населеных пунктаў раскрыты яшчэ не да канца. У будучыні асобныя малыя гарады маглі б атрымаць пэўную «спецыялізацыю» і стаць прамысловымі або турыстычнымі цэнтрамі. Напрыклад, Старыя Дарогі маглі б стаць курортным горадам. Бо на самой справе малыя гарады — гэта добрая экалогія, даступныя сацыяльныя аб'екты, цішыня і спакой, іншымі словамі, тут ёсць усё, каб забяспечыць добры ўзровень жыцця.

Міхась Карпечанка, галоўны рэдактар газеты «Зара над Друццю» (Бялыніцкі раён):

— 7 ліпеня ў час свайго працоўнага візіту ў Бялыніцкі раён Прэзідэнт наведаў мясцовы філіял адкрытага акцыянернага таварыства «Бабулін гладыш». І падчас азнаямлення з вытворчасцю было дадзена даручэнне дырэктару гэтага таварыства Ігару Кананчуку распрацаваць план працы з тымі прадпрыемствамі малочнай вытворчасці, якія знаходзяцца ў Магілёўскай вобласці, але не адносяцца да «Бабулінага гладыша». Вельмі цікава даведацца, што з гэтага атрымалася.

Валянціна Ражанец, галоўны рэдактар газеты «Слуцкі край»:

— Сустрэча падобнага фармату — заўсёды падзея для журналістаў і магчымасць з першых вуснаў даведацца, якой бачыць Беларусь кіраўнік дзяржавы. На сустрэчы хочацца даведацца пра перспектывы развіцця рэгіёнаў і малых гарадоў. Ды і мы самі якраз з такіх мясцін, дзе можна развіваць і прамысловасць, і турызм, і сельскую гаспадарку. Што Прэзідэнт скажа пра гэта? Спадзяюся, на многія пытанні мы пачуем грунтоўныя адказы.

Віктар КАРПІК, галоўны рэдактар Брэсцкай раённай газеты «Заря над Бугом»:

— Нас, раёншчыкаў, несумненна, цікавіць пытанне далейшага развіцця аграрнага сектара. Сельгаспрадпрыемствы — аснова эканомікі любога сельскага раёна. За апошнія пяцігодкі дзяржава ўкладвала вялікія сродкі ў сельскую гаспадарку, сацыяльную інфраструктуру вёскі. Хацелася б з першых вуснаў пачуць пра перспектывы, асабліва сярэдніх і слабых гаспадарак.

Вадзім Шчаглоў, галоўны рэдактар Бабруйскай гарадской газеты «Бабруйскае жыццё»:

— У такім мерапрыемстве я ўдзельнічаю другі раз, але ў якасці рэдактара газеты ўпершыню. Падабаецца тое, што дыялог вядзецца адкрыта і шчыра. У кулуарах мы з калегамі яго ўжо назвалі «шчыры дыялог дзвюх улад». У мяне некалькі пытанняў да Прэзідэнта.

У краіне, як вядома, плануецца рэалізаваць цэлы комплекс мерапрыемстваў, каб знізіць долю ценявой эканомікі. Разглядаецца пытанне, як узмацніць барацьбу з так званымі заробкамі ў «канвертах». Я хацеў бы спытацца ў кіраўніка краіны, якія, на яго погляд, меры патрэбны для таго, каб вывесці эканоміку з ценю? Ці магчыма наогул гэта зрабіць? І калі будзе гатовы праект указа на гэты конт?

Вольга Маслоўская, намеснік рэдактара газеты «Витебские вести»:

— Вельмі добра, што ўжо па традыцыі запрашаюцца журналісты не толькі цэнтральных рэспубліканскіх СМІ, але і з рэгіёнаў. Я не першы раз буду прымаць удзел у падобным дыялогу з кіраўніком краіны. Што імпануе: Аляксандр Лукашэнка заўсёды шчыра адказвае на пытанні, для яго няма закрытых тэм. Такія сустрэчы вельмі важныя і ўяўляюць інтарэс не толькі для журналістаў, але і для ўсіх беларусаў. Бо можна пачуць адказы на самыя актуальныя пытанні, якія цікавяць літаральна кожнага. Вядома, усіх хвалюе ўласны дабрабыт, а ён залежыць ад узроўню эканамічнага развіцця краіны ў цэлым. Таму, упэўнена, будзе цікава з першых вуснаў пачуць пра тое, якія прыярытэты будуць у эканоміцы, знешняй і ўнутранай эканамічнай палітыцы...

Тамара СУБОТКА, галоўны рэдактар газеты «Гомельские ведомости»:

— Спектр пытанняў, якія абмяркоўваюцца на прэс-канферэнцыях з Прэзідэнтам, традыцыйна вельмі шырокі. Упэўнена, што так будзе і на гэты раз. Калегі не пакінуць без увагі ў ліку іншага тэму сусветных падзей, інтэграцыйных працэсаў, далейшага развіцця эканомікі краіны. Мне ж, як маці, хацелася б пачуць думку Прэзідэнта наконт дзяржаўнай падтрымкі сем'яў, іх медыцынскага абслугоўвання і ўвогуле правядзення сацыяльнай палітыкі ў нашай краіне.

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Гісторыя ваеннага братэрства

Гісторыя ваеннага братэрства

«Нармандыя», што стала Нёманскай.

Рэлігія

200 гадоў пад заступніцтвам Пятра і Паўла

200 гадоў пад заступніцтвам Пятра і Паўла

Гомельскі кафедральны Свята-Петра-Паўласкі сабор — адзін з самых велічных праваслаўных храмаў Беларусі, адзін з нямногіх помнікаў архітэктуры зрэлага класіцызму, які захаваўся да нашых дзён.