Вы тут

«Толькі потым зразумеў, што не магу жыць без хакея»


Маладзёжная зборная Беларусі стала пераможцам чэмпіянату свету па хакеі ў дывізіёне І. Прычым вярнуцца ў эліту маладзёжнага хакея ў нашых хлопцаў атрымалася толькі з восьмай спробы. Пра значную перамогу, першыя крокі ў хакеі і любоў да вялікага тэніса мы распыталі ў 19-гадовага Максіма ВАЛЬКОВА, нападаючага зборнай Беларусі і мінскай каманды «Юнацтва».

29-8

...У раздзявальні гучна грае музыка і на ўвесь калідор лядовага палаца спорту разносіцца смех задаволеных хакеістаў. Толькі што «Юнацтва», якое выступае ў міжнароднай Маладзёжнай хакейнай лізе, другі раз запар перамагло аўстрыйскі «Рэд Бул» і працягвае змагацца за выхад у плэй-оф прэстыжнага чэмпіянату. У апошняй сустрэчы наш герой вызначыўся трапнай перадачай. З апошніх падзей мы і пачалі размову.

— Перамаглі ў вельмі важных матчах над сапернікам, з якім суседнічаем у табліцы, — кажа Максім, які ў МХЛ праводзіць чацвёрты сезон. — Трэнеры нас вельмі добра настроілі на гульні. У тым ліку дзякуючы гэтаму ўсё добра атрымалася. Шанцы на плэй-оф узраслі і мы хочам патрапіць туды з больш высокага месца турнірнай табліцы. Дзеля гэтага трэба перамагаць у астатніх матчах.

— У той жа час разам з маладзёжнай зборнай ты ўжо дасягнуў значнага поспеху — перамог на чэмпіянаце свету, які праходзіў у Італіі...

— Перад турнірам у Азіяга ў нас была моцная матывацыя. Аснову каманды склалі гульцы бабруйскага «Дынама-Шынніка». Сваіх хакеістаў у зборнай таксама прадставіла «Юнацтва», гродзенскі «Нёман». З Канады прыляцеў наш легіянер Дзмітрый Амбражэйчык. Амаль усе адзін аднаго добра ведалі. І кожны з нас разумеў, што неабходна зрабіць дзеля агульнай перамогі. Усе матчы, нягледзячы на вынікі, праходзілі ў напружанай барацьбе. Асабліва цяжка было ў паядынку з камандай Латвіі, якую мы перайгралі з мінімальным лікам — 2:1. Пры гэтым наша зборная прыехала ў Італію не ў статусе лідара. Мы лічыліся «цёмным конікам». Арганізатары наогул разлічвалі на тое, што зоймем трэці радок. Пасля апошняй сустрэчы нашы эмоцыі нельга было перадаць словамі. Эйфарыя. Усе былі шакіраваныя падобным вынікам!

Між іншым, узровень сапернікаў быў даволі добры. Тым жа італьянцам некалькі гадоў таму на юнацкім чэмпіянаце свету мы саступілі з лікам 1:4. Усе ведалі, што яны могуць нас перайграць і ў гэты раз. Прыемна, што падтрымаць нас прыехалі бацькі некаторых хакеістаў. Іх было няшмат, аднак іх скандзіраванне «Беларусь, наперад!» чулася добра. Пакуль гэта самая знакавая перамога ў маёй кар'еры.

Напэўна, самае адметнае ў хакейнай біяграфіі Максіма тое, што хлопец у свой час наогул мог не патрапіць у хакей. Спачатку ён спрабаваў сябе ў зусім іншым відзе спорту.

— Фігурным катаннем я пачаў займацца дзякуючы маме, — узгадвае Максім. — Заняткі праходзілі на катку ў парку Горкага, і аднойчы я нечакана патрапіў на трэніроўку да хакеістаў са спартыўнай школы «Юнацтва». Цяпер мне здаецца, што ўсё спецыяльна падстроіў мой бацька. У мяне тады спыталі, які з гэтых відаў спорту мне больш падабаецца, а мне насамрэч было ўсё роўна. Для мяне галоўным было пагуляць у снежкі, а ўсё астатняе — рэчы другасныя. Я выбраў хакей і пасля зразумеў, што жыць без яго не магу і дасягнуць чагосьці ў жыцці мне хочацца менавіта ў ім.

Мае мэты? У будучыні, зразумела, мне б хацелася паспрабаваць свае сілы ў Кантынентальнай і Нацыянальнай хакейных лігах, калі пашанцуе. Для мяне не так істотна, у якую дружыну я патраплю. У любым выпадку маёй любімай камандай застаецца «Юнацтва», за якую працягваю гуляць зараз, у якой зрабіў першыя крокі ў хакеі.

А яшчэ я вельмі моцна цікаўлюся вялікім тэнісам. Увесь час сачу за матчамі з удзелам свайго куміра, швейцарскага тэнісіста Роджэра Федэрэра. Ужывую яго гульні не бачыў, аднак мне вельмі хочацца зрабіць гэта з трыбуны — пакуль ён яшчэ не завяршыў кар'еру. Сам, дарэчы, падчас адпачынку праводжу па 20-30 матчаў разам з найлепшым сябрам і аднаклубнікам Дзімам Герасімовічам. Мы нават гасцініцу выбіраем так, каб каля яе абавязкова былі тэнісныя корты.

— Спорт не перашкаджае тваёй вучобе?

— Не, з гэтым праблем няма. Я дыстанцыйна вучуся ў Смаленскай дзяржаўнай акадэміі фізічнай культуры, спорту і турызму. І калі ўзнікае вольная хвіліна, сядаю за заданні, якія мне дасылаюць па электроннай пошце.

— Максім, а хто твае галоўныя балельшчыкі?

— Самы галоўны балельшчык — дзядуля Гена. Ён заўжды наведвае хатнія матчы нашай каманды, цікавіцца хакейнымі навінамі, перажывае, калі атрымліваю траўмы. Заўсёды прыходзіць «пахварэць» за мяне і мой бацька. Ён можа і пакрытыкаваць, і пахваліць. Бывае, што гэта крыху нервуе, але да крытыкі ў свой адрас заўжды стаўлюся спакойна.

— І на лядовай пляцоўцы, і падчас размовы ты ствараеш уражанне даволі стрыманага і ўраўнаважанага чалавека...

— Так і ёсць, але калі на лёдзе ўзнікае сутычка, неабходна за сябе пастаяць.

Тарас ШЧЫРЫ.

Фота аўтара.

Выбар рэдакцыі

Рэлігія

200 гадоў пад заступніцтвам Пятра і Паўла

200 гадоў пад заступніцтвам Пятра і Паўла

Гомельскі кафедральны Свята-Петра-Паўласкі сабор — адзін з самых велічных праваслаўных храмаў Беларусі, адзін з нямногіх помнікаў архітэктуры зрэлага класіцызму, які захаваўся да нашых дзён.

Здароўе

Як мыць садавіну, гародніну і зеляніну, каб не атруціцца?

Як мыць садавіну, гародніну і зеляніну, каб не атруціцца?

«Апрацоўваць гародніну і садавіну сродкам для мыцця посуду нельга».

Спорт

Які наш спорт сёння?

Які наш спорт сёння?

«З кожным днём сітуацыя ў свеце мяняецца так, што ў вялікай ступені гэта закранае і спорт».