Вы тут

Чым яны займаюцца па начах, або Не ганіце прэч Марфея!


У апошні час усё часцей сутыкаюся з тэрмінам «дэпрывацыя», які паходзіць ад лацінскага deprіvatіo — «страта, пазбаўленне». Дэпрывацыя — гэта не толькі псіхічная хвароба ці вынік пэўных расстройстваў, але яшчэ і свядомая адмова ад неабходных жыццёвых складнікаў, такіх як прыём ежы, патрэба ў жыллі і гэтак далей. У нас гаворка пойдзе аб пазбаўленні сябе магчымасці выкарыстоўваць начны адпачынак — пра дэпрывацыю сну.

Правядзем эксперымент. Выбіраем сацыяльную сетку (у маім выпадку гэта будзе «ВКонтакте») і маніторым колькасць так званых анлайнераў са 100 сяброў (гаворка ідзе пра жыхароў суседніх краін) у пэўны прамежак часу (гадзінныя паясы практычна не адрозніваюцца). Такім чынам «сябры onlіne»: у 23.00 — 89, у 1.00 — 48,
у 3.00 — 21, у 5.00 — 13.

Гаворка ідзе пра бяскрыўдную бяссонніцу? Альбо гэта пэўная сістэма? Бо падобнае адбываецца практычна кожную ноч, прычым «сябры onlіne» — амаль адны і тыя ж, у асноўным моладзь ад 17 да 25 гадоў.

Мой сябар Леанід з Санкт-Пецярбурга, з якім мы пазнаёміліся ў інтэрнэце, не спіць далёка не праз белыя ночы — праблема ў іншым.

— Гадоў у 14 я пачаў гуляць у WOW. Гульня падабалася, тым больш што школа асабліва не напружвала — хатнія заданні я не рабіў наогул класа з сёмага. Так што мог гуляць цэлымі днямі, — расказвае Леанід. — Потым «аказалася», што школу можна прагульваць, а значыць, і класціся спаць пазней. Памятаю, яшчэ ў 9-м класе маці спрабавала ўздзейнічаць на мяне, калі клаўся пазней за гадзіну ночы, а ў 11-м я ўжо стабільна сядзеў да трох. Ну, і школу прапускаў па раніцах, вядома. Праблемы з вучобай былі, не без гэтага. І праз пропускі, і праз недахоп сну. Тым не менш, нягледзячы на некалькі «двоек» у семестры ў 11-м класе, ЕГЭ я здаў лепш за ўсіх аднакласнікаў. На першым курсе ВНУ я ўжо стабільна прагульваў: мог проста тыдзень прапусціць, жыць ноччу, а спаць днём. Мог наогул не спаць. Усё гэта ішло па нарастаючай і ў выніку рэжым збіўся канчаткова.

29-16

Як ён выглядае цяпер? Я не сплю каля 18-20 гадзін запар, потым адпачываю гадзін 7. Адпаведна рэжым круціцца па коле: прачынаюся каля 16 гадзіны і засынаю пад раніцу. Натуральна, на вучобе я сплю, у транспарце я сплю, у кіно я сплю. Аднойчы заснуў седзячы на лаўцы на станцыі ў метро, мяне ўбачыла мая бабуля і вырашыла, што бацькі выгналі з дому. Было няёмка. Чырвоныя вочы, як той казаў, у наяўнасці. Часта баляць, асабліва на сонцы, хаця зрок ідэальны. З былой дзяўчынай пастаянна гулялі па начах. Потым адкрывалася метро, і мы каталіся па адной лініі туды-сюды і спалі. Ці праседжвалі ночы ў піцерскіх антыкавярнях.

Леанід дае пачытаць вытрымкі са свайго дзённіка за 11-ы клас. Фізіка: «Прапусціў пяць урокаў з шасці». Англійская мова: «Шэсць пропускаў з адзінаццаці заняткаў». Асновы бяспекі жыццядзейнасці: «Не наведваў заняткі, адзнакі за год няма!»

Падобнае выяўляю і сярод беларускіх студэнтаў. На маё пытанне «што ты робіш ноччу з таго, што нельга паспець днём?» я пачула наступныя адказы.

Міхаіл Юнцэвіч, БДУІР, ІІ курс факультэта камп'ютарных сістэм і сетак:

— У асноўным баўлю час за кнігамі, кіно ці музыкай. Чытаю альбо мастацкую літаратуру, альбо нешта звязанае з вучобай, альбо проста навіны. Таксама часта, калі ёсць магчымасць, граю на гітары ці шукаю ў інтэрнэце новую для сябе музыку. Прасцей кажучы, займаюся тым, чым не заўсёды атрымліваецца заняцца паралельна з хатнімі справамі ўдзень.

Павел Жылянін, БНТУ, ІІ курс будаўнічага факультэта:

— У дзённы час, як правіла, прагульваюся, сустракаюся з сябрамі і гляджу тэлевізар. За вучобу ў лепшым выпадку саджуся пасля апоўначы. Па начах звычайна раблю ўсё, што адымае шмат часу: крэслю графічныя работы, выконваю разлікі і чытаю.

У сеціве створана вялікая колькасць суполак, якія аб'ядноўваюць тых, хто падтрымлівае адмову ад сну. Іх удзельнікі павінны пісаць праз пэўны перыяд часу, што яны дагэтуль не спяць, а таксама ўказваць, чым займаюцца, каб не заснуць. Мэта — пабіць пэўны рэкорд суполкі (у адной з іх гэтая лічба — 81 гадзіна).

Але далёка не кожны з тых, хто не спіць ноччу, робіць гэта добраахвотна. Я маю на ўвазе людзей, якія працуюць па начных зменах.

Галіна Мікалаеўна Падчэка, пенсіянерка з Заслаўя, кажа:

— 26 гадоў свайго жыцця я прысвяціла працы на чыгунцы. Мой графік быў пабудаваны так, што кожную чацвёртую ноч прыходзілася пакідаць дом і родных, каб выконваць працу дыспетчара. Спачатку звыкнуцца з гэтым было сапраўды нялёгка. Ды і потым амаль нічога не змянілася: пасля начной змены высыпацца не атрымлівалася, таму што я была патрэбна сям'і. Дзве-тры гадзіны дзённага сну ніяк не маглі кампенсаваць паўнавартасны адпачынак. Памятаю, аднойчы здарылася так, што магчымасці спаць у мяне не было шэсць дзён запар. Вось тады на рэабілітацыю пайшло даволі шмат часу. У любым выпадку, калі дзень і ноч мяняюцца месцамі, адчуваеш сябе разбітым, няма ні настрою, ні энергіі, ні здольнасці працаваць. Таму мне здаецца, што новая экстрэмальная звычка моладзі не спаць па начах — гэта ненатуральна і небяспечна.

Трэба ведаць, што адмова ад сну ўплывае не толькі на настрой і працаздольнасць, але і на здароўе.

Ірына Строгая, кардыёлаг, педыятр 2-й гарадской дзіцячай клінічнай бальніцы, горад Мінск:

— Вядома, маладосць — час, калі здаецца, што гадзін у сутках так мала, а паспець хочацца так многа. Аднак невыкананне рэжыму дня ў раннім узросце вядзе да псіхаэмацыянальнай неў-раўнаважанасці, фармавання залежнасці і развіцця вегетатыўных расстройстваў (галаўных боляў і болю ў вобласці сэрца, няўстойлівага артэрыяльнага ціску, парушэння біярытмаў арганізма). Трэба адзначыць, што любыя раны на целе загойваюцца хутчэй падчас сну. Калі дзецям кажуць «спі, а то не вырасцеш», то не жартуюць: менавіта сон стымулюе сакрэцыю гармону росту. Дарэчы, адмова ад сну можа прывесці і да цукровага дыябету, і да атлусцення. Таму, як бы вам ні здавалася, што вучоба або музыка-кнігі-фільмы апоўначы — гэта нармальна, паспрабуйце вылучаць на сон па 6-8 гадзін начнога часу ў суткі, бо здароўе важнейшае за любыя неадкладныя справы. Дарэчы, рэкорд па колькасці гадзін, праведзеных без сну, быў зафіксаваны ў 1963 годзе: 17-гадовы школьнік не спаў 11 сутак. Пераплюнуць гэты вынік было б глупствам і небяспекай. Таму паспрабуйце размяркоўваць свой час такім чынам, каб паспяваць зрабіць усё, а пасля яшчэ і добра адпачыць.

Ульяна Будзік, студэнтка ІІ курса Інстытута журналістыкі БДУ.

Выбар рэдакцыі

Грамадства

У чым пайсці на выпускны баль?

У чым пайсці на выпускны баль?

 Паглядзім, што раяць стылісты і што рэальна набыць у нашых шыротах, пажадана не ўганяючы бацькоў у даўгі.

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Для Цяльцоў гэты тыдзень будзе напоўнены справамі і клопатамі, звязанымі са сваякамі ці дзецьмі. 

Спорт

Які наш спорт сёння?

Які наш спорт сёння?

«З кожным днём сітуацыя ў свеце мяняецца так, што ў вялікай ступені гэта закранае і спорт».