Вы тут

Je suіs ton ange gardіen


Югася Каляда — не тая аўтарка, з якой трэба знаёміць чытача: яе кнігу «Галоўная памылка Афанасія» Ігар Бабкоў назваў «самым скандальным і контраверсійным літдэбютам дзесяцігоддзя». Творы Югасі друкаваліся на польскай, літоўскай, украінскай і рускай мовах. Гісторык і юрыст па адукацыі, яна працуе ў галіне рэкламнага бізнесу. Назва аповесці, што друкуецца ў «Маладосці» гэтым разам, перакладаецца з французскай мовы як «Я твой анёл-абаронца».

29-2

Зблізу замак аказаўся вельмі змрочным, нібы ахутаны чорнаю хмараю, але Ніко ўжо падлятаў да замкавых вежаў і не хацеў вяртацца, ні пра што не даведаўшыся. Ён наблізіўся да акна і стаў у прагале, зазіраючы ўсярэдзіну.

Калі яго вочы прызвычаіліся да паўзмроку, Ніко ўбачыў, што глядзіць у вялізную залу, такую гіганцкую, што стол і крэсла ўнізе падаваліся лялечнымі. У зале быў камін памерам з мескую браму, а ў фатэлі сядзеў хударлявы мужчына, які ўважліва сузіраў анёльскую постаць, што нечакана з'явілася ў акне. Чалавек маўчаў, чакаючы першага слова ад нябеснага госця.

Ніко не знайшоў нічога лепшага, як асцярожна, але як мага больш ветліва вымавіць: «Дзень добры!»

Змрочны мужчына, аднак, яшчэ крыху счакаў, нібы падбіраў словы, але ўрэшце сказаў:

— Ну добры дык добры... Спускайся да мяне, калі ўжо прыляцеў... анёлак!

Ніко, не жадаючы парушаць законы ветлівасці, зляцеў з акна і нібы нырнуў у халодную чорную ваду, нагэтулькі змрочная атмасфера панавала ў зале. Мужчына ўважліва вывучаў яго, нерухома седзячы ў сваім фатэлі, падобным да трона. І нічога на яго твары не выдавала настрою, ніводная зморшчынка не зварухнулася, каб паказаць сапраўдныя пачуцці. Ніко ажно працяла холадам ад такой «гасціннасці».

— І якія ж навіны ты прынёс мне, анёл? — нарэшце запытаў мужчына.

Яго словы ў пустой, велізарнай, як горад, зале прагучалі вельмі пагрозліва.

— А... Ніякіх! Я проста хацеў пазнаёміцца... Вы хто?

І раптам позірк Ніко натрапіў на ненатуральна гіганцкі камін. У ім валяліся згрувашчаныя абы-як чалавечыя косткі. Ніко ўмомант усё зразумеў.

— Дык вы — людажэр! — ледзь знайшоў сілы прашаптаць Ніко і, працяты жахам, пасунуўся назад.

— А чаго табе палохацца? Ты ж не чалавек! Ты ж анёл! — спакойна адзначыў Людажэр, і, заўважаючы, што яго спроба супакоіць госця не дала вынікаў, абярнуўся і паглядзеў на той камін, які так спужаў анёла.

Пабачыўшы тое, што перапалохала анёла, Людажэр нечакана зарагатаў. Ён смяяўся доўга, усхліпваў і выціраў набягаючыя ад смеху слёзы. Нарэшце спыніўся. Ён больш не меў драпежнага выгляду, але Ніко праз гэта лепей сябе не адчуваў. Ён стаяў ля стала і калаціўся ад жаху. Людажэр пачаў зноў супакойваць анёла.

— Ты што? Ты думаеш, гэта чалавечыя косткі? Ха-ха! Дык гэта ж бутафорыя, муляжы! Дзеля антуражу! Сымбалічнасць, так бы мовіць! Эге, ды цябе ж калоціць! Ды не стой ты, сядай!

Другога фатэля ў зале не было, таму Ніко давялося сесці на стол. Зразумеўшы, што ніхто не збіраецца яго есці, анёл адчуў вялікую палёгку, але сэрца ўсё адно калацілася. Ну папраўдзе, калі разважыць: даволі непрыемна ляцець у госці і трапіць да Людажэра!

А той тым часам працягваў:

— А ведаеш, як людзей жаруць? Не, ніякага мяса, ніякай крыві — ты што! Гэта ж казка! А вось як — слухай. Я ў казцы найразумнейшы. Няма нікога, больш абазнанага за мяне — хіба толькі сам Казачнік, але гэта асобная размова. Дык вось. Прыйдзе да мяне чалавек, захоча са мной паразмаўляць — а я ўсе яго хібы выкрываю, усе памылкі заўважаю, усе меркаванні аспрэчваю... Чалавек выкладзе мне свой светапогляд, а я ўсё павыкручваю, усё ў іншым святле падам... Зруйнаваў светапогляд — вось і няма чалавека! Зразумеў? Сцяміў, анёл?

— Сцяміў, — нарэшце выціснуў з сябе Ніко. — Але не! Нічога я не сцяміў! Я, па праўдзе, не зразумеў, навошта Вам гэта трэба? Навошта знішчаць людзей? Нават маральна — навошта? Які ў гэтым сэнс?

— Э-э-э, — Людажэр зноўку стаў сур'ёзным, нібы нацягнуў маску, — такія пытанні нельга задаваць. Такое маё, Людажэра, прызначэнне. Думаеш, проста быць найразумнейшым? Мяркуеш, вельмі весела жыць, не маючы суразмоўцаў? Ведаеш, якія думкі, якія ідэі нараджаюцца ў мяне тут? — і Людажэр пастукаў худым, доўгім пальцам па сваім ілбе. — Такія ідэі! І няма ніводнага, хто зразумеў бы мяне! Няма нікога побач са мною, хто зразумеў бы мае пачуцці! Людажэр, ага, ён кепскі, ён брыдкі, ён агідны, гэты Людажэр... А можа, я проста шукаю суразмоўцу? Можа, мне сяброў нестае? А вы ўсе: Людажэр, Людажэр...

Ніко, нібы заварожаны, не зводзіў вачэй са свайго вусьцішнага знаёмца. Людажэр быў бы вельмі прыгожым, адзначыў Ніко, калі б яго твар не быў скрыўлены нейкім прадчуваннем няшчасця: нібы пякельную пячатку меў той на лбе.

Анёл не захацеў больш ні хвіліны заставацца ў гэтым прытулку нянавісці і ўзаеманепаразуменняў.

— Дык я паляцеў? — пацікавіўся ён у Людажэра, які зноў знерухомеў у сваім крэсле.

— Ляці, мой анёл... Ляці!..

Ніко паспешна памкнуўся да акна, спінаю адчуваючы цяжкі позірк. Здавалася, што ў апошніх словах Людажэра прагучалі ноткі шкадавання. Мабыць, анёл выпадкова прынёс яму крышачку свайго шчасця.



Ніко ляцеў, пакідаючы за спінай жахлівы замак, і адчуваў сябе ніякавата. «Вось табе і казка! — думаў ён. — Вось табе і казачныя ролі!»

Сэнс казкі ані трохі не высвятляўся, толькі хаваўся глыбей ды глыбей. Ніко нічога не разумеў.

Аднак такая бессэнсоўнасць не магла перашкодзіць яму быць шчаслівым. Бо, каб зрабіць анёла няшчасным, трэба адабраць у яго крылы. А Ніко крылаў не губляў, яны падпарадкоўваліся яму гэтаксама добра, як і ў першы дзень. І Ніко лётаў, лётаў бесперапынна, і людзі, заўважаючы яго з зямлі, крычалі:

— Глядзіце, анёл праляцеў!



Ніко завітваў і да Ніні, хаця ён усё радзей ды радзей ашчаджаў час на гэтыя візіты. Рэч была ў той самай бессэнсоўнасці. Што яму магла даць гэтая заўсёды сумная дзяўчына, хай сабе і з залатымі валасамі? Ён прылятаў — а Ніні штораз сядзела на пяску ды шпурляла каменьчыкі ў ваду. Ніко аднойчы сказаў ёй, што такім чынам Ніні хутка знішчыць усё возера, але яна не зразумела жарту.

Ніні таксама была таямніцай для Ніко, але ён чамусьці не меў палкага жадання выкрываць яе. Ніні з кожнай сустрэчай здавалася Ніко ўсё больш і больш нецікавай, і прыгажосць яе таксама не мела ніякага сэнсу. Ніко працягваў запэўніваць дзяўчыну, што ён яе анёл-абаронца, але прылятаў да чорнага возера штораз праз большыя прамежкі часу. Напачатку — штодзень, потым — праз дзень, далей — разы два на тыдзень, а аднаго дня, раптам згадаўшы Ніні, Ніко заўважыў, што не наведваў яе цэлы месяц.

Анёла турбавалі больш значныя пытанні. І, урэшце, засынаючы ў белым высокім доміку, ён пастанавіў наведаць сваю старую, вельмі старую знаёмую.



Ніко прачнуўся і, не разважаючы, паляцеў наўпрост да Бабы Ягі. Бо памятаў, як тая прапанавала завітваць, калі перад ім паўстануць невырашальныя пытанні.

Баба Яга сядзела на ганку, звесіўшы ногі. Ніко здалося, што яна чакала ягоны прылёт.

— Ну што, анёл, заходзь! — Яга паднялася ды запрасіла яго ў хату. — Доўга ж ты лётаў, мушу сказаць!

Яны па звычцы селі пры стале.

— Ну распавядай, якія невырашальныя пытанні з'явіліся!

Баба Яга ўсміхалася настолькі загадкава, што Ніко пачыналі браць сумневы: а ці не ведае ўсё наперад гэтая вядзьмарка няпэўнага веку?

— А пытанні вось такія... Мабыць, вырашальныя... Як бы сфармуляваць... Карацей: я не бачу сэнсу!

— У чым?

— У казцы! Ці мае казка сюжэт? Я думаў, што кожная казка мае сюжэт і сэнс, пэўную логіку, але я не бачу нічога! Я заблытаўся. Навошта я існую? Проста каб быць шчаслівым? Каб лётаць над галовамі? Я хутка засумую — мне нецікава! І яшчэ. Апроч шчырасці, якія ёсць казачныя законы? Я ўявіў дом — і з'явіўся дом, я думаў пра залатых цмокаў — і ўбачыў залаты бляск! Я падумаю — і ўсё ўзнікае? Але ж я не думаў ані пра Людажэра, ані пра мора, ані пра гарады! Як узнікла казка?

Баба Яга працягвала пяшчотна ўсміхацца, чым пераконвала Ніко ў сваіх здольнасцях прадбачыць і чытаць думкі.

— Лагічна! Пачнем з канца. Хто стварыў казку, пытаеш? Слухай. Казку стварыў Казачнік. Як — нам гэтага не спасцігнуць. Ёсць Казачнік, які надзяліў герояў паўнамоцтвамі... Але мы не можам зруйнаваць казку. І не ў нашых сілах разгадаць асноўны сюжэт. Яго тут не ведае ніхто, так што не засмучайся. А цяпер наконт сэнсу — твайго існавання ў прыватнасці. Тут больш складана. Ты мусіш сам знайсці сэнс або вынайсці яго на пустым месцы. Запаўняй сваё жыццё, як ведаеш і чым ведаеш. Дапоўні казку ўласнай сюжэтнай лініяй! Тут табе ніхто не дапаможа, і пытайся толькі самога сябе: а што я рабіў? Ці не марнаваў часу? Ці спазнаў новае? І — галоўнае! — ці быў я шчыры? Ну што, анёл, уцяміў?

— Аё-яёй! — Ніко паціснуў крыламі як плячыма. — Усё няпроста! Казка, выходзіць, гэта не дзіцячыя забаўкі!

На ганку, перш чым развітацца, Баба Яга дадала:

— І яшчэ. Памятай: ты можаш сустрэць Казачніка. Ён бачыць усіх нас наскрозь. Шчырасць, сумленнасць — гэта асноўнае. Ляці, мой анёле, ляці!

Югася Каляда

Выбар рэдакцыі

Грамадства

У чым пайсці на выпускны баль?

У чым пайсці на выпускны баль?

 Паглядзім, што раяць стылісты і што рэальна набыць у нашых шыротах, пажадана не ўганяючы бацькоў у даўгі.

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Для Цяльцоў гэты тыдзень будзе напоўнены справамі і клопатамі, звязанымі са сваякамі ці дзецьмі. 

Спорт

Які наш спорт сёння?

Які наш спорт сёння?

«З кожным днём сітуацыя ў свеце мяняецца так, што ў вялікай ступені гэта закранае і спорт».