Вы тут

Фельдмаршалы ў Чырвонай гасцёўні


або Стары гадзіннік зноў ідзе...

Той момант, калі гаспадары сядзібы, маёнтка ці нават палаца прыязджаюць з далёкіх краін і наведваюць свае спрадвечныя ўладанні, заўжды асаблівы. Праўда, не заўсёды такую сустрэчу можна ўбачыць наяве. Так і на гэты раз: былыя ўладары гомельскага палаца Румянцавых і Паскевічаў вярнуліся на сваю вотчыну ў выглядзе… партрэтаў. Пётр Румянцаў-Задунайскі і Іван Паскевіч цяпер загадкава пазіраюць са сцяны Чырвонай гасцёўні і быццам ацэньваюць тыя змены, што за час іх адсутнасці адбыліся ў пакоях палаца…

Абодва гэтыя ўладальнікі былі фельдмаршаламі, таму іх партрэты калісьці зрабілі ў выглядзе гравюр, яны тыражыраваліся і былі досыць папулярнымі. Выява Пятра Румянцава-Задунайскага была выканана майстрам Аляксандрам Осіпавым і аддрукавана на паперы ў 1803 годзе. Гравюру Івана Паскевіча зрабілі ў 1855 годзе ў Лейпцыгу ў выдавецтве E. Schafer. Можна толькі ўявіць, наколькі папулярнымі былі вайскоўцы ў тыя часы, раз іх партрэты з'яўляліся прадметам масавай цікавасці.

Дырэктар музея Гомельскага палацава-паркавага ансамбля Аксана ТОРАПАВА адзначыла, што партрэты, як і некаторыя іншыя цікавыя экспанаты, былі набыты ў мінулым годзе. Яшчэ адзін экспанат з гэтай нядаўна папоўненай калекцыі яна лічыць надзвычай рэдкім — памятны медаль «У гонар пяцідзесяці гадоў выдатных вайсковых заслуг» з прыжыццёвым барэльефным партрэтам Івана Паскевіча. Ён быў адчаканены ў 1850 годзе па мадэлі галоўнага мастака Варшаўскага манетнага двара Яна Мінгеймера. Дарэчы, гэты майстар з'яўляецца таксама аўтарам медаля ў гонар уступлення ў шлюб яго сына — Фёдара Паскевіча і Ірыны Варанцовай-Дашковай, які таксама ёсць у музеі.

Адметна і тое, што ўзбагаціліся летась і інтэр'еры палаца. Тут з'явіліся новыя прадметы мэблі, якія дапамагаюць стварыць атмасферу мінулых часоў. Калекцыянер аныткварыяту Сяргей Пуцілін падарыў музею пару шыкоўных крэслаў з пазалочанай разьбой і чырвонай аксамітнай абіўкай, а таксама крэсла-бержэр. Прыстаўны стол-кансоль з каменнай стальніцай таксама атрыманы ў дар ад гэтага калекцыянера.

Асаблівай увагі заслугоўвае ўнікальная калекцыя гадзіннікаў, што ёсць у музеі. Яна таксама займела каштоўнае папаўненне. У палацы з'явіўся старажытны гадзіннік у выглядзе порціка з драўлянымі вітымі калонамі. Папоўнілі экспазіцыю і два пазалочаныя бронзавыя камінныя гадзіннікі з фігурамі крылатых хлопчыкаў з лірамі.

Ніна ШЧАРБАЧЭВІЧ.

Выбар рэдакцыі

Рэгіёны

Наперадзе — лета! Ці гатовыя тэрыторыі дзіцячага адпачынку прыняць гасцей?

Наперадзе — лета! Ці гатовыя тэрыторыі дзіцячага адпачынку прыняць гасцей?

Вучэбны год завяршаецца для 1,1 мільёна беларускіх школьнікаў, з іх 107,8 тысячы заканчваюць 9-я класы і 57,5 тысячы — 11-я.

Грамадства

У чым пайсці на выпускны баль?

У чым пайсці на выпускны баль?

 Паглядзім, што раяць стылісты і што рэальна набыць у нашых шыротах, пажадана не ўганяючы бацькоў у даўгі.

Спорт

Які наш спорт сёння?

Які наш спорт сёння?

«З кожным днём сітуацыя ў свеце мяняецца так, што ў вялікай ступені гэта закранае і спорт».