Вы тут

Кватэра са знакам «уласнасці»


Ужо ў другой палове лета наступнага года за непрыватызаванае жыллё неабходна будзе плаціць дадаткова.

У адпаведнасці з Указам №563 «Аб некаторых пытаннях прававога рэгулявання жыллёвых адносін» пасля 1 ліпеня 2016 года непрыватызаванае жыллё ў нашай краіне будзе пераведзена ў разрад камерцыйнага. Каб ліквідаваць прычыны, якія перашкаджаюць насельніцтву рэалізаваць сваё права на прыватызацыю жылля, быў прыняты Указ №524 «Аб прыватызацыі жылых памяшканняў дзяржаўнага жыллёвага фонду». Падчас анлайн-канферэнцыі на сайце БЕЛТА намеснік міністра жыллёва-камунальнай гаспадаркі Беларусі Анатоль Шагун, намеснік старшыні Дзяржаўнага камітэта па маёмасці Вячаслаў Абрамаў і іншыя спецыялісты пракаментавалі асобныя палажэнні гэтага дакумента.

Апошняя хваля

Адразу Анатоль Шагун адзначыў, што па стане на пачатак мінулага года ў краіне ўвесь жыллёвы фонд налічваў 4 млн 94 тысячы 631 кватэру. З яго каля 365 тысяч кватэр, што складае амаль 9%, заселены па дагаворах найму дзяржаўнага жыллёвага фонду. Такім чынам, прыкладна 91% жылля сёння ў краіне — гэта прыватная ўласнасць, а каля 9% — дзяржаўная. За 2014 год канчатковай інфармацыі пакуль няма. Разам з тым намеснік міністра падкрэсліў, што ў сувязі з прыняццем рашэння аб завяршэнні прыватызацыі жылфонду да 1 ліпеня 2016 года, у краіне значна актывізаваўся працэс прыватызацыі тых кватэр, якія па якіх-небудзь прычынах людзі на працягу больш як 20 гадоў так і не прыватызавалі.

Куды звяртацца і з чым?

Працэдура прыватызацыі сёння цалкам адпрацавана, лічыць кансультант упраўлення жыллёвай гаспадаркі Мінжылкамунгаса Канстанцін Кулікоў. Дакументы, якія неабходна падаць жыхару, вызначаны пунктам 1.1.9 Указа №200 аб пераліку адміністрацыйных працэдур. Ажыццяўляць прыватызацыю ўпаўнаважаны орган дзяржкіравання, у аператыўным кіраванні якога і знаходзіцца жылое памяшканне. У розных месцах гэта па-рознаму. У раёнах гэта можа быць і ўпраўленне жыллёвай палітыкі райвыканкама, і ўпраўленне ЖКГ выканкама. У любым выпадку гэта балансатрымальнікі. Бывае і так, калі жылое памяшканне знаходзіцца ў бязвыплатным карыстанні. Калі гэта акцыянернае таварыства, то прыватызацыю ажыццяўляе дзяржорган, які непасрэдна займаўся акцыянаваннем.

Даведацца, у чыім падпарадкаванні знаходзіцца жыллё, можна ў той арганізацыі, на рахунак якой паступаюць камунальныя паслугі. Пасля гэтага падаецца заява. Гэта звычайна робіцца па прынцыпе аднаго акна. Пры гэтым да заявы неабходна прыкладаць копіі дакументаў усіх паўналетніх членаў сям'і, якія маюць права карыстання жылым памяшканнем.

Калі ў грамадзян ёсць чэкі «Жыллё», то яны даюць іх з выпіскай са спецыяльнага чэкавага рахунку. Калі ёсць ільготы, то падаюцца арыгіналы адпаведных дакументаў (на агляд) і іх копіі. Гэта датычыцца інвалідаў і ветэранаў Вялікай Айчыннай вайны, ліквідатараў аварыі на ЧАЭС, а таксама інвалідаў з дзяцінства, якія мелі права на жыллёвыя льготы, г. зн. якія нарадзіліся да 1 ліпеня 1992 года.

Анатоль Шагун удакладняе, што вялікая частка непрыватызаванага жылля знаходзіцца ва ўласнасці мясцовых выканаўчых органаў. Таму самы просты шлях — прыйсці ў мясцовы выканкам і на стэндзе «Адно акно» паглядзець, якія патрэбны дакументы і куды звяртацца. Там усё выкладзена. Калі жылфонд належыць нейкай арганізацыі рэспубліканскай формы ўласнасці, то трэба звяртацца ў гэтую арганізацыю. Потым заяву павінны разгледзець у месячны тэрмін.

29-34

Што не прыватызуюць

У адпаведнасці з артыкулам 135 Жыллёвага кодэкса Беларусі не падлягаюць прыватызацыі жылыя памяшканні сацыяльнага карыстання, службовыя кватэры, пакоі ў інтэрнатах, аб'екты спецыяльнага службовага жыллёвага фонду, спецыяльныя жылыя памяшканні, жылыя памяшканні камерцыйнага выкарыстання і іншыя, пералічаныя ў гэтым артыкуле. Нельга прыватызаваць жыллё ў дамах, якія знаходзяцца ў стадыі рэканструкцыі і капітальнага рамонту. А вось па кватэрах, якія не прыдатныя для пражывання па санітарных і тэхнічных патрабаваннях і падлягаюць зносу, апошняя акалічнасць не з'яўляецца падставай для адмовы ў яе прыватызацыі. Галоўнае, каб такая кватэра дзяржаўнага жыллёвага фонду была прадастаўлена жыхару па бестэрміновым дагаворы найму.

Колькі плаціць

Вячаслаў Абрамаў паведаміў, што артыкулам 141 дзейнага Жыллёвага кодэкса прадугледжана, што кошт аб'екта прыватызацыі вызначаецца з улікам яго спажывецкіх якасцяў у цэнах, якія дзейнічаюць на дзень падачы заявы аб прыватызацыі. Як развіццё гэтай нормы была прынята Пастанова Савета Міністраў Беларусі № 421 «Аб зацвярджэнні палажэння аб вызначэнні кошту аб'ектаў прыватызацыі». Таму цана прыватызацыі вызначаецца шляхам множання сапраўднага кошту такога памяшкання на каэфіцыенты яго спажывецкіх якасцяў. А вось калі ацэначны кошт прыватызацыі жылога памяшкання па гэтым алгарытме будзе на 30% і больш перавышаць вызначаны ў тым жа парадку ацэначны кошт двух або больш аналагічных жылых памяшканняў тыпавых спажывецкіх якасцяў (па годзе ўводу ў эксплуатацыю, тэрытарыяльнай прыналежнасці), то камісія па прыватызацыі можа звярнуцца да атэставанага ацэншчыка па вызначэнне рыначнага кошту такога памяшкання. У выніку ў дагавор прыватызацыі і ў рашэнне камісіі аб прыватызацыі будзе ўключацца кошт, які лічыцца найменшым — альбо рыначны, альбо ацэначны.

Замежнікам — без абмежаванняў

У нашых гарадах шмат грамадзян Расіі і іншых замежных дзяржаў, якія атрымалі жыллё ў спадчыну. А ці маюць яны сёння права на прыватызацыю такіх кватэр?

На гэты конт Анатоль Шагун паведаміў, што парадак і ўмовы прыватызацыі жылых памяшканняў дзяржаўнага жыллёвага фонду вызначаны раздзелам 23 Жыллёвага кодэкса Беларусі, у адпаведнасці з якім суб'ектамі прыватызацыі жылых памяшканняў з'яўляюцца грамадзяне. Такім чынам, беларускае заканадаўства не мае абмежаванняў для замежных грамадзян, асоб без грамадзянства, а таксама грамадзян, якія маюць пасведчанне на права жыхарства, па прыватызацыі жылля, прадастаўленага ім па дагаворах найму жылых памяшканняў дзяржаўнага жыллёвага фонду ў бестэрміновае карыстанне. Гэта датычыцца і магчымасці прыватызацыі ў растэрміноўку.

Пра налічэнне чэкаў «Жыллё» трэба забыць

Налічэнне чэкаў «Жыллё» жыхарам краіны працягвалася з 1 ліпеня 1992 да 1 ліпеня 1999 года. Аб спыненні налічэння чэкаў «Жыллё» было абвешчана ў сродках масавай інфармацыі больш чым за год. Такім чынам, усе грамадзяне Беларусі мелі роўную магчымасць на працягу сямі гадоў налічыць жыллёвыя квоты, лічыць Анатоль Шагун.

Яшчэ на працягу наступных сямі гадоў (з 1 ліпеня 1999 года па 1 студзеня 2006-га) у адпаведнасці з артыкулам 11 Закона аб прыватызацыі грамадзяне мелі права выкарыстоўваць на прыватызацыю жылых памяшканняў не толькі свае, але і набытыя па дагаворах куплі-продажу ў іншых асоб чэкі «Жыллё». Гэта таксама ў шмат разоў зніжала кошт прыватызацыі жылля. Так было раней. Цяпер кошт жылых памяшканняў для мэты прыватызацыі вызначаецца ў цэнах, якія дзейнічаюць на дзень падачы заявы аб прыватызацыі, за вылікам кошту іх зносу. Аднаўленне налічэння чэкаў «Жыллё» заканадаўствам не прадугледжана.

Сацыяльная кватэра статус не зменіць

Ці атрымаюць права на прыватызацыю жыхары сацыяльнага жылля? Канстанцін Кулікоў паведамляе, што такіх пытанняў паступае вельмі шмат. Звяртаюцца не толькі сіроты, але і інваліды, і ветэраны, і маламаёмныя, якія мелі права на атрыманне сацыяльнага жылля. Ёсць норма Жыллёвага кодэкса, артыкул 135, згодна з якім сацыяльнае жыллё — гэта жыллё, якое даецца ў валоданне пажыццёва, але яно не можа прыватызавацца. У самім дагаворы найму памяшкання сацыяльнага карыстання напісана, што яно не павінна дзяліцца, абменьвацца, дарыцца і прыватызавацца. Разам з тым у такіх карыстальнікаў узнікае асцярога, што іх жыллё можа стаць арэндным. Спадар Кулікоў запэўніў, што такое памяшканне арэндным не стане, яно застанецца сацыяльным жыллём.

Для тых, хто не паспее — плюс плата за карыстанне

Што будзе з жылымі памяшканнямі дзяржаўнага жыллёвага фонду, якія грамадзяне не паспеюць альбо не змогуць прыватызаваць да 1 ліпеня?

Тады ўжо з 1 ліпеня 2016 года жылыя памяшканні дзяржаўнага жылога фонду, якія па нейкіх прычынах не былі прыватызаваны, трапяць у разрад кватэр камерцыйнага карыстання, паведаміў намеснік міністра. За іх карыстанне будзе спаганяцца пэўная плата. Яна будзе вызначацца аблвыканкамамі і Мінскім гарвыканкамам шляхам увядзення паніжальнага каэфіцыента да той стаўкі, па якой бярэцца плата за карыстанне новым пабудаваным арэндным жыллём. Паніжальны каэфіцыент для абласцей будзе складаць 0,1, ці 10% ад стаўкі за карыстанне новым арэндным жыллём, для Мінска — 0,2, (20%). Людзі, якія не прыватызавалі жыллё, змогуць і далей пражываць у гэтых памяшканнях, але будуць уносіць плату за іх выкарыстанне. Ёсць механізмы, якія дазваляюць частку такіх памяшканняў перавесці ў разрад сацыяльнага жылля, за якое не прыйдзецца плаціць. Вядома, што заяву на адпаведны перавод зможа напісаць абмежаваная колькасць асоб, у першую чаргу гэта тыя, хто мае нізкі даход і лічыцца найменш сацыяльна абароненым. Нагадаю, што да грамадзян, якія маюць права на атрыманне жылых памяшканняў сацыяльнага карыстання, аднесены, у прыватнасці, пенсіянеры і асобы, якія дасягнулі пенсіённага ўзросту; грамадзяне, жылыя памяшканні якіх (у тым ліку якія належаць ім па праве ўласнасці) з-за надзвычайных сітуацый прыроднага і тэхнагеннага характару сталі непрыдатнымі для пражывання, і іншыя.

Сяргей КУРКАЧ.

 

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Захаваць. Нельга знесці

Захаваць. Нельга знесці

Знакі прыпынку нарэшце расстаўлены.

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Стральцам на гэтым тыдні не трэба пераацэньваць сваіх магчымасцяў.