Вы тут

Гідраэнергетыка на Нёмане: «за» і «супраць»


Калі ствараецца аб'ект, што звязаны з выкарыстаннем прыродных рэсурсаў, то заўсёды прысутнічаюць «за» і «супраць». Не з'яўляецца выключэннем, зразумела, і гідраэнергетыка. Так, мы атрымліваем даволі танную па сабекошце электраэнергію, што вельмі важна ў нашых умовах з пункту гледжання скарачэння залежнасці ад імпартных паставак прыроднага газу. Але ёсць і іншыя аргументы, якія таксама неабходна ўлічваць, прымаючы рашэнне аб будаўніцтве ГЭС.

Сваё меркаванне пра развіццё гідраэнергетыкі на Нёмане з пункту гледжання воднага турызму выказвае намеснік старшыні грамадскага аб'яднання «Рэспубліканскі турысцка-спартыўны саюз» Сяргей КАЛЯДА.

— Калі праводзіліся грамадскія слуханні па пытаннях будаўніцтва Гродзенскай ГЭС, то абяцалі, што гэта не парушыць умовы суднаходства. Гаварылася, што разам з гідраэлектрастанцыяй пабудуюць шлюз для пропуску суднаў. Я бачыў зробленыя з дапамогай камп'ютарнай графікі макеты, як гэта павінна было выглядаць. Акрамя таго, прадугледжвалася будаўніцтва рыбапрапускнога збудавання, каб рыба, якая стагоддзямі мігрыравала па Нёмане, не мела перашкоды ў выглядзе ГЭС. Як гэта здарылася, напрыклад, з нашай рэчкай Ласасянкай. Гэтая назва не выпадковая, бо сюды заходзіў на нераст ласось. Аднак гэтай рыбы ў Ласасянцы ўжо няма: ёй перагарадзіла міграцыйны шлях Каўнаская ГЭС.

— А што ў гэтым плане маем пасля будаўніцтва Гродзенскай ГЭС?

— На жаль, ні суднаходнага шлюза, ні рыбапрапускнога збудавання, пра якія ішла гаворка на грамадскіх слуханнях, «на выхадзе» не аказалася: на іх сэканомілі. У выніку плаціна падняла б'еф Нёмана на 7 метраў і на адлегласці каля 40 кіламетраў мы раку, па сутнасці, страцілі — атрымалі вадасховішча. Практычна ўжо не існуе ракі Свіслач — большая яе частка цяпер таксама ўяўляе сабой вадасховішча. Тое ж самае здарылася з ніжняй часткай яшчэ аднаго прытока Нёмана — Котры. Вельмі прыгожы ўчастак гэтай ракі, так бы мовіць, загадаў доўга жыць.

— Што гэта азначае з пункту гледжання вопытнага турыста-водніка? Карысць ці шкоду?

— Гэта, сапраўды, вельмі важнае пытанне, паколькі шмат водных маршрутаў праходзіла менавіта па Нёмане і яго прытоках. Безумоўна, па вадасховішчы можна бесперашкодна плаваць на лодцы ці іншым плаўсродку ў абодвух кірунках. Аднак для турыста-водніка... Адна справа плыць па цячэнні, калі можна і адпачыць, паклаўшы вёслы. І іншая — па вадасховішчы, калі асабліва і не адпачнеш, бо тады будзеш стаяць на месцы. Не дадае падарожніку, вядома, станоўчых эмоцый і наяўнасць на маршруце плаціны. Мусіш прычальваць і метраў 300-400 пераносіць плаўсродак па беразе. Ахвотных да такога «экстрыму» няшмат, таму колькасць турыстаў-воднікаў, па нашых ацэнках, са з'яўленнем плаціны рэзка скарацілася. Бо як адбываецца ў турызме? Вось я праплыў, атрымаў уражанні і потым параю гэты маршрут сваім знаёмым. Так зробіць практычна кожны, хто быў у гэтай групе. Цяпер жа, у сувязі з перашкодай (плацінай), адбываецца наадварот.

— Якім можа быць уплыў гідраэнергетыкі на выкарыстанне турыстычнага патэнцыялу Аўгустоўскага канала?

— Перспектыў далейшага развіцця воднага турызму, на маю думку, не будзе, калі пабудуюць другую ГЭС — Нямноўскую. Плануецца, што яна будзе больш магутнай у параўнан-ні з Гродзенскай (адпаведна 20 і 17 МВт). Плаціна падыме б'еф Нёмана на 9 метраў, даўжыня вадасховішча дойдзе да Гродна, а то і далей. І ці пралічваліся наступствы змены гідралогіі ракі, у прыватнасці ўплыў на гістарычную частку горада — на пагоркі, дзе стаяць Каложская царква, Новы і Стары замкі? Няхай нават на адзін метр падымецца вада ў гэтым раёне — і мы атрымаем рэальную пагрозу для гэтых славутых аб'ектаў нашай спадчыны. Узнікне небяспека і для мастоў, дзе апоры пралічваліся пад існуючую гідралогію.

29-33

Акрамя таго, трэба мець на ўвазе, што ў сувязі з пад'ёмам вады зменіцца сітуацыя са сцёкамі на палях фільтрацыі гарадскіх ачышчальных збудаванняў. Цяпер пасля фільтрацыі яны трапляюць у Нёман і, дзякуючы цячэнню, рака паступова сама сябе ачышчае, што немагчыма ў вадасховішчы, у якое ператворыцца гэты ўчастак Нёмана пасля будаўніцтва ГЭС. Ці не атрымаем мы ў выніку, так бы мовіць, памыйную яму, дзе будуць збірацца сцёкі з палёў фільтрацыі?

Дарэчы, негатыўны ўплыў на навакольнае асяроддзе можна ўбачыць на вопыце міні-ГЭС «Нямнова», якая пабудавана на Аўгустоўскім канале. У засушлівы перыяд даводзіцца збіраць ваду, а потым яе выпускаць. Гэтая пульсацыя вядзе да падмывання берагоў, падзення дрэў. Такую дэградацыю мы бачым, праводзячы ў гэтым раёне турыстычныя сплавы. Да таго ж, няма і эканамічнай выгады. Водных рэсурсаў не хапае на дзве турбіны, і адзін з генератараў ужо дэмантавалі.

Калі прымуць рашэнне аб будаўніцтве Нямноўскай ГЭС, то, верагодна, будзе зноў гаварыцца пра шлюзы для суднаходства, рыбапрапускныя збудаванні. Але, можа, трэба спачатку выканаць тое, што абяцалі па Гродзенскай ГЭС?

— Хтосьці скажа, што пытанне воднага турызму тычыцца невялікай групы насельніцтва ў параўнан-
ні з той колькасцю людзей, якая карыстаецца энергіяй, выпрацаванай гідраэлектрастанцыяй...

— Аднак усім вядома, што цяпер будуецца АЭС у Астраўцы, дзе два энергаблокі будуць вырабляць каля 2,4 тысячы МВт электраэнергіі. Аб'ёмы ў параўнанні з заяўленай магутнасцю Гродзенскай і Нямноўскай станцый проста несупастаўныя. Каб дзякуючы гідраэнергетыцы дасягнуць такой жа магутнасці, як на Беларускай АЭС, трэба пабудаваць больш за 100 ГЭС накшталт Гродзенскай. Тады наколькі мэтазгодныя затраты на будаўніцтва ГЭС, улічваючы рэальныя пагрозы жывёльнаму і расліннаму свету, праблемы для воднага турызму? Альбо, можа, атрымаем большую выгаду, калі гэтыя сродкі будуць накіраваны на цеплавую рэабілітацыю жылых будынкаў, і гэтым пазбегнем вялізных страт энергарэсурсаў? У свой час, дарэчы, такое меркаванне выказвалася на ўзроўні кіраўніцтва вобласці.

Ды і водныя падарожжы цяпер з'яўляюцца не проста аматарскім захапленнем, а паступова выходзяць на ўзровень турыстычнага бізнесу. У прыватнасці, дзяржава выдаткавала вялізныя сродкі на аднаўленне беларускай часткі Аўгустоўскага канала і ўжо шмат зроблена па арганізацыі воднага маршруту з Польшчы да нас і далей, па Нёмане, у Літву. Ёсць неабходныя плаўсродкі, ствараецца належная інфраструктура. Арганізаваны паслугі лоцманскай праводкі па Нёмане. Ідзе работа па размяшчэнні на берагах навігацыйнага абсталявання. Рыхтуецца праект паглыблення дна ракі. Прычым сэнс тут не толькі ў прыемных уражаннях ад убачанага прыроднага хараства, цікавага адпачынку, але і ў той эканамічнай выгадзе, якую можа атрымаць рэгіён, сустракаючы і абслугоўваючы турыстаў.

Барыс ПРАКОПЧЫК

Каментарый на тэму

«Наваколлю Нямноўская ГЭС не нашкодзіць»

Аляксандр Андрэеў, начальнік упраўлення дзяржаўнай экалагічнай экспертызы Міністэрства прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя:

— Для нашай краіны ГЭС — вельмі важныя аб'екты з пункту гледжання ўзнаўляльных крыніц энергіі. Нягледзячы на тое, што Беларусь раўнінная краіна і патэнцыял рэк у яе абмежаваны, будаўніцтва ГЭС, хоць і невялікай магутнасці, мэтазгоднае.

Гідраэнергетыка, як узнаўляльная крыніца энергіі, — адна з альтэрнатыў атаму. Па-першае, ГЭС мае асаблівасць — змяншаць ці, наадварот, павялічваць магутнасць рухавікоў, калі гэта неабходна, што складана рабіць на АЭС. Ды і пасля ўвядзення гідраэнергетычнага аб'екта ў эксплуатацыю амаль не выкарыстоўваюцца іншыя рэсурсы, акрамя самой вады. Атамная энергетыка ў гэтым плане больш затратная — для дзейнасці АЭС неабходна паліва, якое трэба закупляць, а потым адпрацаванае ўтылізаваць...

Думаю, што насельніцтва Гродзеншчыны ўбачыла карысць ад будаўніцтва Гродзенскай ГЭС. І не толькі дзякуючы недарагой узнаўляльнай электраэнергіі, але і з пункту гледжання рэкрэацыі. Вадасховішча, створанае ўздоўж рэчышча ракі, — выдатнае месца для адпачынку мясцовых жыхароў.

Натуральна, што ў выніку любой дзейнасці з'яўляюцца пэўныя негатыўныя наступствы. Але тут трэба параўноўваць ступені ўздзеяння на навакольнае асяроддзе ад розных крыніц. Так, напрыклад, пры размяшчэнні ў якасці альтэрнатывы Нямноўскай ГЭС цеплавой электрастанцыі аналагічнай магутнасці выкіды забруджвальных рэчываў у атмасферу будуць нашмат значнымі.

Асноўнае пытанне, якое хвалявала эколагаў, — затапленне і падтапленне тэрыторый. Вынікі экалагічнай экспертызы паказалі, што для прадухілення ці зніжэння магчымых уздзеянняў на кампаненты навакольнага асяроддзя неабходна правесці шэраг мерапрыемстваў: берагаўмацавальныя работы, перабудову камунікацый і збудаванняў, якія трапляюць у зону затаплення і падтаплення, будаўніцтва ахоўных дамбаў і помпавых станцый, а таксама перанос ліній электраперадач і каналізацыйнага калектара і г.д.

Магчымасць свабоднай міграцыі рыбы і наяўнасць водных шляхоў зносін — таксама немалаважныя пытанні, якія пакуль не вырашаны на Гродзенскай ГЭС. У праектнай дакументацыі як Гродзенскай, так і Нямноўскай ГЭС прадугледжана будаўніцтва водападводных і водаадводных каналаў і суднаходных шлюзаў, якія адначасова будуць і рыбапрапускнымі збудаваннямі. Міністэрствам гэтыя пытанні былі пастаўлены перад праекціроўшчыкамі. І наступным этапам рэалізацыі праекта павінна стаць будаўніцтва гэтых аб'ектаў. Але пакуль на Каўнаскай ГЭС, якая стварыла перашкоду для міграцыі рыб з Балтыкі, не будуць пабудаваны рыбаправодныя збудаванні, сітуацыя не зменіцца нават пры наяўнасці падобных аб'ектаў у Беларусі. Таму сэнсу ў гэтым будаўніцтве пакуль я не бачу.

Увогуле, вынікі дзяржаўнай экалагічнай экспертызы Міністэрства прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя, праведзенай у 2010 годзе, паказалі, што для паляпшэння сітуацыі пры будаўніцтве ГЭС неабходна ўвасобіць у жыццё шэраг мерапрыемстваў. У прыватнасці, перасадку ахоўваемых раслін, мерапрыемствы па ахове рэдкіх відаў водных і каляводных раслін, максімальным захаванні месцаў гнездавання ахоўваемых відаў птушак, прадухіленні заглейвання вадасховішча, арганізацыі маніторынгу створанага гідратэхнічнага аб'екта ў якасці элемента кантролю за станам навакольнага асяроддзя з улікам магчымага трансмежнага ўздзеяння Нямноўскай ГЭС і інш.

Усе нашы рэкамендацыі былі выкананы. З нашай высновай, што будаўніцтва Нямноўскай ГЭС не зробіць сур'ёзнай шкоды навакольнаму асяроддзю, у тым ліку і ў трансгранічным кантэксце, пагадзіўся і літоўскі бок.

Вераніка Коласава.

Выбар рэдакцыі

Адукацыя

Наталля Карчэўская: Культуры патрэбны прыток новых людзей

Наталля Карчэўская: Культуры патрэбны прыток новых людзей

Рэктар БДУКМ — пра падрыхтоўку прафесійных кадраў для ўстаноў культуры.

Грамадства

Батанічны сад — месца, напоўненае спакоем і прыгажосцю

Батанічны сад — месца, напоўненае спакоем і прыгажосцю

Прагуляліся па квітнеючым Цэнтральным батанічным садзе: расказваем аб уражаннях

Грамадства

Ці забяспечваецца ахова грамадскага парадку на Мінскім моры?

Ці забяспечваецца ахова грамадскага парадку на Мінскім моры?

Пра гэта даведаліся карэспандэнты «Звязды».

Гандаль

Кандытарскія вырабы — брэнд беларускай харчовай прамысловасці

Кандытарскія вырабы — брэнд беларускай харчовай прамысловасці

Напярэдадні Міжнароднага сімпозіума кандытараў эксперты расказалі аб планах і перспектывах кандытарскай галіны.