Вы тут

Анастасія Малашкевіч: «У адрозненне ад многіх, у мяне ёсць голас»


 Яе многія ставяць у адзін шэраг з такімі артыстамі, як Адэль і Ганна Нятрэбка, бо па сваіх вакальных здольнасцях яна ім дакладна не саступае. Анастасія Малашкевіч вядомая як салістка кавер-бэнда «Кураж», з'яўляецца таксама педагогам па вакале ў гуртоў «Тяни-Толкай» і «Cherry Lаdy», пры гэтым паспявае займацца з дзецьмі ў цэнтры творчасці «Светач», вучыцца ў кансерваторыі па класе опернага мастацтва і выступаць на розных пляцоўках. Летась Анастасія ўжо другі раз запар стала фіналісткай нацыянальнага адбору на конкурс «Еўрабачанне 2015» і паказала выдатны вынік. Але ці задаволена яна ўласным выступленнем, як ставіцца да эпатажу на сцэне і якія штрыхі дадала б ва ўласны вобраз? Мы распыталі пра гэта ў артысткі падчас сустрэчы.

29-18

—У фінале адбору на «Еўрабачанне» вы сталі другой, пасля чаго пісалі ў сацыяльных сетках «Мне вельмі радасна, бо для мяне гэты вынік — перамога»…

—Той факт, што я аказалася на другім месцы, выклікаў у мяне шок: я не разлічвала на такі вынік, таму высокія адзнакі журы расцэньваю для сябе як перамогу. У адрозненне ад іншых удзельнікаў, у мяне не было магутнай піяр-кампаніі… Я атрымала стымул, каб у наступны раз зрабіць усё яшчэ больш прафесійна.

—Вы супрацоўнічаеце з прадзюсарскім цэнтрам Паўла Клышэўскага. Калі адбылося ваша знаёмства?

—Некалькі гадоў таму я ўдзельнічала ў конкурсе NEW OPEN, дзе Павел быў у складзе журы. Я выйграла той праект, і тады мы пазнаёміліся. Ён запрасіў мяне выкладаць вакал у гурце «Cherry Lаdy» і з таго часу пачалося наша шчыльнае супрацоўніцтва.

—Якая ў вас мэта ў музыцы?

—Стаць папулярнай. Пісаць якасны музычны матэрыял. Пачаць рабіць гэта нарэшце самастойна. Сёння не хапае часу на творчасць, а напрацовак ляжыць ужо безліч. Хочацца даказаць — сабе ў першую чаргу і тым, хто побач, — што я вартая высокіх пазіцый у музычным бізнесе і магу ўзяць розныя ўзнагароды. Вось толькі хочацца ўсяго і адразу.

—Да навучання ў кансерваторыі вы скончылі музычнае вучылішча імя М.Глінкі. Шлях у музыку быў мэтанакіраваным выбарам?

—Спяваць мне падабалася заўсёды. Але, напрыклад, у музычнай школе я не навучалася, а ў вучылішча трапіла выпадкова — проста праз тое, што там прымалі дакументы раней, чым на гістарычным факультэце, куды я збіралася паступаць. Прычым на гістарычны я магла ісці нават без іспытаў, бо ў мяне быў добры атэстат, выдатна здадзенае тэсціраванне і абласная алімпіяда за плячыма. Усяго толькі і трэба было — занесці дакументы. Але, падлічыўшы ўсе свае балы, я падумала, што і ў музычнае вучылішча магу прайсці, калі здам экзамен па спецыялізацыі на станоўчую адзнаку. Безумоўна, займалася з рэпетытарам сальфеджыа і брала ўрокі на фартэпіяна. Здала іспыт на «дзявятку» і паступіла. Цяпер магу запэўніць: калі ў вас ёсць голас, мазгі і жаданне працаваць над сабой, то музычная школа зусім не абавязковая… Але і добры голас яшчэ не гарантыя поспеху.

29-19

Я дагэтуль займаюся самаадукацыяй, бо ў нас, на жаль, не даюць таго ўзроўню, што патрэбны артысту, які хоча дасягнуць сусветных пазіцый. Хаця кансерваторыя — «крутая» школа. Я буду заўсёды ўдзячная свайму выкладчыку прафесару Людміле Колас, і пасля заканчэння кансерваторыі працягну хадзіць да яе на заняткі. Бо мне важна падтрымліваць форму. Наогул так, як оперны вакал, нішто іншае не развівае галасавы апарат. Таму, калі ты здольны спраўляцца з нагрузкамі оперных партый, то зможаш спяваць усё.

—Пра тую ж Ганну Нятрэбку даводзіцца чуць, што яна дазваляе сабе часам такія паводзіны на сцэне, якія выклікаюць здзіўленне ў публікі. Вы станоўча ставіцеся да такога кшталту імправізацыі ў творчасці?

—Я таксама люблю разбураць рамкі, як у вакальным плане, так і ў паводзінах не супраць эпатажу. Нават нягледзячы на тое, што я дзяўчына не худая, якіх так любяць у нашым шоу-бізнесе. Але ў адрозненне ад многіх, у мяне ёсць голас. Я навучаюся ў кансерваторыі, і, калі ў пэўны момант пагаліла сабе паўгалавы і набіла татуіроўку, мая прафесар была здзіўлена. Так што я здольная шакіраваць людзей. Але я за тое, каб ва ўсім была вытрымана мера.

—Змаглі б вы выбіраць паміж оперным мастацтвам і эстрадай?

—Даводзіцца выбіраць. Я не нацэлілася на оперную сцэну, хаця разумею, што мела для гэтага шанцы і магла б працаваць выключна на тое, каб трапіць у тэатр. Але тады трэба было б ездзіць на розныя оперныя конкурсы ўжо даўным-даўно. А я вось пяць гадоў ганяюся «за двума зайцамі»… У пазамінулым годзе рыхтавалася да адбору на «Еўрабачанне». Цяпер збіраюся адбірацца на «Славянскі базар» і «Новую хвалю».

—Голас — гэта дар ці інструмент, якім вы навучыліся ўпраўляць, працуючы над сабой?

—Голас у мяне заўсёды быў. Але, параўноўваючы тое, што я мела ў 17 гадоў, і які дыяпазон ёсць цяпер, бачу вялікую розніцу. І, паверце, я шмат гадзін правяла за працай, каб дамагчыся гэтага. Не адзін год патраціла, жадаючы зрабіць з сябе добрую вакалістку нават з тэхнічнага пункту гледжання.

—Улічваючы, што на сцэне вы не супраць пахуліганіць, ці ёсць месца такой праяве вашага характару ў звычайным жыцці?

—Я ў жыцці такая ж, як і на сцэне. Люблю жартаваць з роднымі і сябрамі. У мяне кожнае выступленне пачынаецца з вясёлага стэндапа. Нават мае студэнты нярэдка пакутуюць ад майго пачуцця гумару… Мама расказвае, што да дзіцячага садка я была ціхім дзіцем, нашы суседзі пэўны час нават не здагадваліся пра маё існаванне. А пазней як пачала «весяліцца»! Спявала, танцавала. Перад сном любіла слухаць «Пінк Флойд», а прачынацца — пад «Модэрн Токінг», і ў бацькоў заўсёды прасіла ўключыць мне «Морду токам». Быў у маім жыцці і этап падраных джынсаў, перафарбоўвання валасоў у сіні колер. Потым пачалі з'яўляцца татуіроўкі. Словам, я была нефармалкай.

—У вас ёсць нейкія мары, якія засталіся нерэалізаванымі з дзяцінства?

—Я мала адпачываю, а хочацца больш вандраваць. Я вырасла ў Крыме, у Алушце. Мы пераехалі, калі вучылася недзе ў восьмым класе, таму мне вельмі не хапае ў Беларусі мора і сонца, якімі заўсёды зараджалася…

Жыццё артыста — гэта пастаянныя гастролі, пераезды, праца на карпаратывах у святы. Вас прываблівае такая перспектыва?

—Я ўжо сёння добра разумею, што гэта такое. І не думаю, што нешта зменіцца ў параўнанні з тым, як я жыву зараз. Калі я скончу кансерваторыю, то вызваліцца першая палова дня і змагу свой час траціць на нешта іншае — рэпетыцыі, харэаграфію… А святы праводзіць на працы — мне ўжо не прывыкаць. Напрыклад, апошнія пяць гадоў на зімовыя святы дома мяне не бывае.

—Не баіцеся, захапіўшыся кар'ерай, упусціць нешта ў іншых сферах жыцця?

—Мне гэта не пагражае, бо ўжо не адзін год сумяшчаю сцэну і асабістае жыццё. Мой малады чалавек не артыст, але таксама чалавек творчы, таму заўсёды мяне разумее і падтрымлівае. У нас ёсць каханне, давер, павага — і ўсё атрымліваецца.

Алена ДРАПКО.

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Гісторыя ваеннага братэрства

Гісторыя ваеннага братэрства

«Нармандыя», што стала Нёманскай.

Рэлігія

200 гадоў пад заступніцтвам Пятра і Паўла

200 гадоў пад заступніцтвам Пятра і Паўла

Гомельскі кафедральны Свята-Петра-Паўласкі сабор — адзін з самых велічных праваслаўных храмаў Беларусі, адзін з нямногіх помнікаў архітэктуры зрэлага класіцызму, які захаваўся да нашых дзён.