Вы тут

Дапамажыце «адкасіць», або Размеркаванне як… рэаліці-шоу


Напэўна, галоўнае пытанне, якое хвалюе многіх навучэнцаў і студэнтаў старшых курсаў, — адпрацоўка. Цяпер Брацтва арганізатараў студэнцкага самакіравання (БАСС) рэалізуе праграму пад назвай «Размеркаванне: сумленна і пра ўсё», адной з мэт якой з'яўляецца своеасаблівы «лікбез» менавіта для студэнтаў старшых курсаў. Мы паразмаўлялі з кіраўніком праграмы, намеснікам старшыні БАСС Янай Усціненкай і даведаліся, што больш за ўсё непакоіць сённяшніх выпускнікоў.

—Адразу заўважу, што нядаўні сход быў толькі першым у шэрагу сустрэч, што плануецца правесці ў найбліжэйшыя паўгода. Мы хацелі расказаць пра сябе, пра свой праект, знайсці аднадумцаў і, вядома, адказаць на пытанні. Мэтавай аўдыторыяй былі студэнты старшых курсаў ВНУ і ССНУ, а таксама выпускнікі, якія хочуць пераразмеркавацца ці пайсці вучыцца ў магістратуру.

—А ў чым заключаецца сутнасць праекта?

—На працягу апошняга года мы кансультавалі выпускнікоў па пытаннях размеркавання. Іх колькасць павялічвалася, некаторыя прасілі дапамагчы з афармленнем заявы, прайсці ўвесь працэс размеркавання разам з імі і гэтак далей… Валанцёраў-кансультантаў у нас усяго чатыры, і часу на індывідуальны падыход (да якога мы імкнёмся) не хапае. Таму вырашылі зрабіць нешта большае за звычайны кансультацыйны цэнтр.

Сёлета мы плануем арганізаваць шэраг тэматычных мерапрыемстваў у абласных гарадах, падрыхтаваць валанцёраў па тэме размеркавання, скласці даведнік з найбольш папулярнымі пытаннямі і адказамі на іх. Хочам правесці конкурс у фармаце рэаліці-шоу, дзе кожны зможа расказаць гісторыю свайго размеркавання, а пераможцы атрымаюць каштоўныя прызы.

Падсумую: мы не кажам, што размеркаванне — гэта добра ці дрэнна. Мы хочам зрабіць гэтую з'яву менш балючай для студэнтаў.

—Якія пытанні студэнтаў самыя распаўсюджаныя?

—На першым месцы, безумоўна, «як мне «адкасіць»?» Аўтараў такіх пытанняў мы запрашаем на індывідуальную размову. Разам з імі чытаем палажэнне і глядзім, ці можна атрымаць пэўныя льготы. Калі іх няма, шукаем найлепшае рашэнне сярод варыянтаў, прапанаваных навучальнай установай і вынікамі пошуку месца працы самім выпускніком.

Падрыхтаванымі цытатамі з нарматыўных дакументаў мы адказваем прыкладна на 30 працэнтаў пытанняў. Астатнія 70 працэнтаў — індывідуальны разгляд. Звычайна за кожным такім пытаннем стаіць цэлая гісторыя. Напрыклад: «Я паступаю ў магістратуру ў Германію, як быць з адпрацоўкай?», «У мяне ў дыпломе будзе напісана «выкладчык англійскай мовы», ці магу я працаваць педагогам дадатковай адукацыі?», «Магу я пераразмеркавацца і працаваць на палову стаўкі?». Нягледзячы на тое, што дакументаў не так шмат, прыходзіцца браць ва ўлік самыя розныя нюансы, што датычацца канкрэтных людзей. Але дапамагаем мы кожнаму.
29-12

29-12

 Нягледзячы на невялікую колькасць удзельнікаў, пытанняў было шмат.

 

—Вы згадалі пра конкурс у фармаце рэаліці-шоу. Што ён будзе з сябе ўяўляць?

—Сутнасць у тым, што мы прапануем удзельнікам, якія запоўняць заяўку, на працягу ўсяго конкурсу (ад лютага і да пачатку мая) весці блог пра тое, што яны робяць, каб найбольш удала размеркавацца. Фота і відэа будуць толькі вітацца. Такім чынам у нас атрымаецца сапраўднае шоу, якое, спадзяюся, зацікавіць многіх. А спецыяльнае народнае журы вызначыць найлепшых.

—Ці задаволеныя асабіста вы вынікамі першага мерапрыемства?

—Я ніколі не бываю задаволеная на 100 працэнтаў. Мяне радуе цікавасць да праблемы, ужо зараз яшчэ чатыры чалавекі пакінулі заяўкі на ўдзел у праекце ў якасці валанцёраў. Планаў шмат, будзем спадзявацца, што яны спраўдзяцца.

Яраслаў ЛЫСКАВЕЦ.

Фота Ірыны КАРПЕНКІ.

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Захаваць. Нельга знесці

Захаваць. Нельга знесці

Знакі прыпынку нарэшце расстаўлены.

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Стральцам на гэтым тыдні не трэба пераацэньваць сваіх магчымасцяў.