Вы тут

Падручнік па гісторыі з многімі невядомымі


 

АНТ пагартае старонкі Першай сусветнай

1 лютага бярэ старт новы тэлевізійны праект — шматсерыйны дакументальна-пастановачны фільм «Першая сусветная», аўтары якога раскрыюць для гледачоў малавядомыя, забытыя або нават наўмысна скажоныя факты з гісторыі вайны, 100-годдзе пачатку якой увесь свет адзначаў летась.

30-2

У свой час гэту вайну нездарма называлі Вялікай, бо па маштабах яна не мела роўных у гісторыі. У ваенны канфлікт тады была ўцягнута 38 дзяржаў з 55, або 87% насельніцтва планеты, а людскія страты ўражвалі страшнымі лічбамі: больш як 10 мільёнаў забітых і 20 мільёнаў параненых і скалечаных... З другога ж боку, менавіта ў часы Першай сусветнай вайны самымі рознымі людзьмі, ад камандуючых арміяй і простых салдат да мірных грамадзян, былі здзейснены бяспрыкладныя подзвігі, а таксама за чатыры гады з’явілася і была запатэнтавана 200 адметных вынаходак, сярод якіх, напрыклад, парашут, фрэнч, аспірын у таблетках, процівагаз, супрацьслупняковая сываратка і шмат чаго яшчэ. Пра гэтыя ўзоры гераізму, баявыя аперацыі, лёсы асобных людзей і вынаходствы, якія змянілі ход гісторыі, і пастараліся з максімальнай дакладнасцю расказаць аўтары праекта.

Першы фільм цыкла распавядзе пра асобную і адметную касту вайскоўцаў — тых, кім сучаснікі захапляліся і ставілі ў прыклад мужнасці і сілы духу, чые імёны ў пасляваенны час не сыходзілі са старонак газет і часопісаў, і каго пазней савецкія гісторыкі, як і іншых удзельнікаў «імперыялістычнай вайны», не лічылі героямі. Усё гэта — пра авіятараў, якія на момант пачатку вайны былі без перабольшання, на вагу золата: у Германіі налічвалася каля 500 ваенных лётчыкаў-прафесіяналаў, у Расійскай імперыі — усяго крыху больш за 200. Між тым менавіта ў Расіі з’явіўся першы ў свеце шматматорны бамбардзіроўшчык «Ілья Мурамец», падобнага якому не было ні ў адной арміі свету! Адкуль узяліся перадумовы для гэтай тэхнічнай рэвалюцыі і хто з ураджэнцаў Беларусі воляй розных абставін апынуўся ў складзе Імператарскага ваенна-паветранага флоту? Пасля доўгіх пошукаў у архівах і цэлых гістарычных расследаванняў стваральнікі фільма «Авіятары» Таццяна Сухоцкая і Дзяніс Скварцоў нібыта знайшлі адказ на гэтыя і многія іншыя пытанні.

У наступную нядзелю цыкл працягне фільм «Ваеннапалонныя», які даследуе беспрэцэдэнтную падзею: паводле паказанняў аднаго з былых аўстра-венгерскіх палонных, рускі скульптар змог устанавіць 12-метровы помнік палеглым падчас вайны суайчыннікам, прычым сродкі на гэта выдаткавала нібыта ваеннае міністэрства варожай дзяржавы! Праўда гэта ці адзін са шматлікіх міфаў, аўтары высветлілі з дапамогай нашчадкаў удзельнікаў тых падзей, ваенных гісторыкаў, супрацоўнікаў музеяў з розных краін свету.

Здымкі ў 12 краінах свету, пошукі архіваў 40 розных гарадоў, адкрыццё наноў імёнаў 10 герояў-беларусаў, пра якіх доўгі час амаль ніхто нічога не ведаў... Усяго ў праект «Першая сусветная» ўвайшлі 10 39-хвілінных фільмаў, якія гледачы ўбачаць у эфіры АНТ узімку і вясной гэтага года.

Вікторыя ЦЕЛЯШУК

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Захаваць. Нельга знесці

Захаваць. Нельга знесці

Знакі прыпынку нарэшце расстаўлены.

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Стральцам на гэтым тыдні не трэба пераацэньваць сваіх магчымасцяў.