Вы тут

Сякера пад лаваю ды зух з хеўраю


Штотыдзень у эфіры тэлеканала «Беларусь 3» гульня «Размаўляем па-беларуску». Для таго, каб стаць яе ўдзельнікамі, неабходна зайсці на сайт http://tvrgomel.by або http://3belarus.by і праз банер «Размаўляем па-беларуску» запоўніць заяўку на каманду з трох чалавек. Папярэдне ж праверыць сваё веданне роднай мовы можна з дапамогай «Звязды». Ці ведалі вы, што:

Зух — бойкі, удалы чалавек; хват.

А праз плячо паўзверх кажуха

Ідзе раменны пас, бы ў зуха.

(Я.Колас, «Новая зямля»).

Гумно — будыніна для складвання і абмалоту збожжа.

У гумно і ў хлеў праводзіць сцежкі, —

Не хоча мець удзень замешкі...

(там жа).

Хе́ўра — група людзей, якія аб'ядналіся для разбою; банда.

На Украіне пан Патоцкі,

Пан з Канёва родам,

З сваёй хеўрай гаспадарыць

Над бедным народам.

(Я.Купала «Бандароўна»).

Вэ́люм — кавалак тонкай празрыстай тканіны; частка жаночага шлюбнага ўбору. «Нявеста была як нявеста: у беласнежным вэлюме. З вянком і букецікам белых красак», — чытаем у Міхася Лынькова.

Ляда́шчы — кволы, хілы, нядужы, слабы.

К таму часу ў Берастэчка

К дружыне казачай

Прыблукаўся пан Патоцкі

З хеўраю лядачай.

(Я.Купала, там жа).

Кута́с — упрыгажэнне з нітак, звязанае пучком. Звычайна з кутасамі маглі быць пояс, шапка.

Ні бэ ні мэ ні кукарэку — зусім нічога не ведаць. Яшчэ беларусы кажуць: ні ў зуб нагой, ні вуха ні рыла. Рускі аналаг — «ни бельмеса».

Знайсці сякеру пад лаваю — казаць пра тое, што ўсім даўно вядома. Беларускі сінонім — здзівіць свет, вынайсці веласіпед. Рускі — «открыть Америку». Раней у беларускай вёсцы быў звычай: прыйшоў з сякераю дадому — не кідай абы-дзе, а ўторкні ў шчыліну паміж лавай і сцяной. Прачнуўся раніцай — а сякеры няма. Дзе шукаць? Зразумела, толькі пад лавай...

Чарговыя выпускі тэлевіктарыны глядзіце ў эфіры «Беларусь 3» кожную суботу ў 11.10—11.25.

Ірына АСТАШКЕВІЧ.

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Гісторыя ваеннага братэрства

Гісторыя ваеннага братэрства

«Нармандыя», што стала Нёманскай.

Рэлігія

200 гадоў пад заступніцтвам Пятра і Паўла

200 гадоў пад заступніцтвам Пятра і Паўла

Гомельскі кафедральны Свята-Петра-Паўласкі сабор — адзін з самых велічных праваслаўных храмаў Беларусі, адзін з нямногіх помнікаў архітэктуры зрэлага класіцызму, які захаваўся да нашых дзён.