Новы фармат стасункаў Аляксандра Лукашэнкі з журналістамі апраўдаў сябе адкрытасцю і інфарматыўнасцю. Такую агульную думку можна пачуць ад тых нашых калег, што бралі ўдзел у мерапрыемстве. Нягледзячы на няпростую сітуацыю ў эканоміцы краіны, праблемныя моманты ў нашых суседзяў, наогул у свеце, кіраўнік беларускай дзяржавы змог быць максімальна адкрытым і аб'ектыўным. Аб адкрытасці мерапрыемства сведчыць і колькасць запрошаных журналістаў, і геаграфія сродкаў масавай інфармацыі, якія яны прадстаўлялі. Вось якія ўражанні можна было пачуць пасля завяршэння гутаркі.
Алесь Бадак, пісьменнік, галоўны рэдактар часопіса «Полымя»:
— Прэзідэнт некалькі разоў падкрэсліваў, што гэта не традыцыйная прэс-канферэнцыя, а адкрыты дыялог: кожны, хто хацеў задаць пытанне, задаў, а некаторыя — адразу некалькі. Фармат пытанне-адказ часам перарастаў у размову, падчас якой закраналіся вельмі важныя праблемы. Сапраўды, гутарка была шчырая, адкрытая, і гэта быў дыялог.
Улічваючы, што сёння палітычная сітуацыя ў свеце вельмі складаная, у тым ліку калі мець на ўвазе нашых бліжэйшых суседзяў, а да ўсяго ў палітычным плане гэты год для нашай краіны вельмі адказны, сустрэча, тым больш у форме адкрытага дыялогу, была вельмі важнай і своечасовай. Шмат хто з маіх знаёмых пасля пытаўся, як было выседзець больш як сем гадзін. Справа ў тым, што гэты час праляцеў так хутка, быццам прайшло ўсяго пару гадзін.
Вадзім Гігін, палітолаг, публіцыст, галоўны рэдактар часопіса «Беларуская думка»:
— Магчыма гэта банальна, але прэс-канферэнцыя пераўзышла ўсе чаканні. Былі пабіты рэкорды і па колькасці ўдзельнікаў, і па працягласці самой прэс-канферэнцыі. Уразіла сама атмасфера адкрытасці, шчырасці, якая захоўвалася на працягу ўсяго мерапрыемства. Фармат адкрытага дыялогу, у рамках якога праходзіла сустрэча, — гэта не проста назва, а новая форма размовы і дыскусіі. Журналісты прадстаўлялі не толькі свае сродкі масавай інфармацыі, але і ўсё грамадства, як беларускае, так і сусветнае. А Прэзідэнт у канцы нават спытаў, ці ўсе задалі свае пытанні. Апошнія былі, дарэчы, самыя розныя: цікавіліся, напрыклад, хто піша прамовы для кіраўніка краіны, дзе Прэзідэнт трымае свае грошы...
Дар'я Харкова, рэдактар студыі тэлебачання прадстаўніцтва МТРК «Мір» у Беларусі:
— Для нашай тэлерадыёкампаніі самымі важнымі былі пытанні інтэграцыйных аб'яднанняў на постсавецкай прасторы. — Пра будучыню ЕАЭС у Аляксандра Лукашэнкі пыталіся некалькі разоў. Ён падрабязна расказаў пра ўсё. Украінскія падзеі таксама былі ў ліку першых тэм. Наш канал называецца «Мір», і, вядома, важна, што менавіта за мір ва Украіне выступае кіраўнік дзяржавы. Асабліва хачу падкрэсліць, што гледачы МТРК «Мір» ведаюць Прэзідэнта Беларусі як адкрытага чалавека, заўсёды цікавяцца, як ён адказвае на простыя пытанні. Напрыклад, многім гледачам было цікава пачуць, што кіраўнік дзяржавы не сам піша тэксты сваіх выступленняў, але старанна вычытвае іх, і даведацца, як Прэзідэнт траціць свой заробак. Цікавых тэм у час адкрытага дыялогу гучала нямала.
Вітольд Песціс, рэктар Гродзенскага аграрнага ўніверсітэта, доктар сельскагаспадарчых навук, кіраўнік Гродзенскай абласной арганізацыі РГА «Белая Русь»:
— Я вельмі ўважліва слухаў словы Прэзідэнта. Для мяне важным было абсалютна ўсё, і я магу сказаць, што ў краіне, напэўна, не засталося ніводнага чалавека, які б не атрымаў адказу на свае пытанні. Ужо далёка не першы раз дыялог кіраўніка дзяржавы з грамадскасцю быў адкрытым, простым і даступным кожнаму. Я б сказаў яшчэ — усёабдымным, бо былі дадзены адказы на мноства пытанняў літаральна з усіх сфер нашага жыцця, жыцця краіны. Мяне асабліва цікавілі пытанні, звязаныя з развіццём аграрнага сектара, экспарту-імпарту прадукцыі, цэн на прадукты харчавання, знешніх сувязяў. Прэзідэнт не проста выказваў думкі па тым ці іншым пытанні, ён умее выкрываць прычыны і паказваць вынік. Я цалкам згодзен з ім. Вядома, гэта складана, але нам неабходна захоўваць усе наладжаныя раней эканамічныя кантакты і нават у спрэчных выпадках шукаць кампрамісы, прымаць узважаныя, спакойныя, граматныя рашэнні.
Інна ПУСТАВІТ, загадчыца арганізацыйна-метадычнага аддзела 10-й гарадской клінічнай бальніцы г. Мінска:
— Наша бальніца пастаянна атрымлівае новае дыягнастычнае абсталяванне. У 2014 годзе быў праведзены капітальны рамонт і рэканструкцыя аддзялення анестэзіялогіі і рэанімацыі, хірургічнага аперацыйнага блока, цэнтральнага стэрылізацыйнага аддзялення. На гэта выдаткавана 154,6 млрд рублёў. Летась у бальніцы таксама замянілі вокны і добраўпарадкавалі тэрыторыю на 76,3 млрд рублёў. Па ўсім відаць, што дзяржава дбае аб паляпшэнні аховы здароўя сваіх грамадзян і мадэрнізацыі ўстаноў аховы здароўя.
Інтэрв'ю з алімпійскім чэмпіёнам па фехтаванні.
Прафесійна, аператыўна, па-добраму.