Беларускі хлопчык Уладзіслаў Хандогій віртуозна перамог на ХV Міжнародным тэлевізійным конкурсе юных музыкантаў «Шчаўкунок»: ён атрымаў золата і прыз глядацкіх сімпатый. У найбліжэйшы час маладога таленавітага піяніста можна будзе пачуць у Беларускай дзяржаўнай філармоніі ў Мінску. Сёння ён выступіць тут у рамках праграмы «Таленты Беларусі і Расіі».
«Шчаўкунок» сёння з'яўляецца адным з самых папулярных дзіцячых тэлевізійных конкурсаў акадэмічнай музыкі. Прычым не толькі ў Расіі: у ім спаборнічалі ў розных намінацыях 48 удзельнікаў з усяго свету. Хандогій быў адзіным прадстаўніком Беларусі.
Нашаму пераможцу ўсяго 13 гадоў. Ён з'яўляецца навучэнцам Рэспубліканскай гімназіі-каледжа пры Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі. Яго педагог — Ірына Семяняка.
Уладзіслаў расказаў, што па будных днях пакуль музыкай займаецца не надта шмат, праз загружанасць у школе: усяго тры ці чатыры гадзіны штодня. Ды і жыхары суседніх кватэр не вельмі задаволеныя тым, што ім пастаянна даводзіцца слухаць музіцыраванні таленавітага суседа.
У будучым хлопчык марыць стаць прафесійным, вядомым у свеце піяністам. Аднак быць зоркай нялёгка, упэўнены ён. Давядзецца ездзіць на шмат розных канцэртаў, а гэта значыць, пастаянна мяняць праграмы, працаваць па дзесяць гадзін штодня — цэлымі днямі і нават начамі, лічыць хлопчык.
Педагог маладога пераможцы Ірына Семяняка ў адным з інтэрв'ю адзначыла, што скарыць сэрцы членаў журы і публікі толькі ўзроўнем складанасці выконваемай праграмы цяпер вельмі цяжка. На яе думку, лепш узяць пэўны твор, на які хапае сіл, і сыграць яго так, як ніхто іншы не можа... Чым больш яскрава ў чалавеку выражана яго індывідуальнасць, лічыць Ірына Семяняка, тым больш складана звонку ў яе нешта дадаць. Аднак паляпшаць трэба, упэўнена яна.
У тым, што іграе Хандогій, сапраўды чуецца індывідуальнасць. Творы ў яго выкананні атрымліваюцца і даволі рытмічнымі, смелымі, але і па-юначы мяккімі. У гэтым і перавага яго музыкі: у ёй чуецца максімалізм, запал, але і пяшчота маладой чыстай душы.
У фінале конкурсу Хандогій выконваў канцэрт Сэн-Санса разам з сімфанічным аркестрам Маскоўскай філармоніі і проста пакарыў усіх: і прафесійнае журы, і тэлегледачоў канала «Культура». Прыз пераможцу ўручаў галоўны дырыжор Камернага аркестра Філадэльфіі Ігнат Салжаніцын.
Уладзіслаў, вядома, рады, што вікторыя яму ўсміхнулася. Аднак для яго галоўнае не прызы, а магчымасць выступаць на вялікіх канцэртных пляцоўках. І запрашэнні на новыя канцэрты яму ўжо пачалі паступаць.
Такога поспеху на гэтым міжнародным музычным конкурсе беларускія музыкі раней яшчэ не дасягалі. Таму, здаецца, самы час завітаць, нарэшце, у філармонію ў Мінску і паслухаць адоранага юнака.
Акрамя Хандогія, на вялікай сцэне выступіць маладая выканаўца з Расіі — уладальніца Гран-пры міжнароднага фестывалю-конкурсу «Крыштальная ліра» Ганна Якаўлева (сапрана). Нашу краіну прадставіць таксама стыпендыят Спецыяльнага фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па падтрымцы таленавітых дзяцей і моладзі скрыпач Філіп Змушка. Спецыяльным госцем праграмы стане прэзідэнт Міжнароднага дабрачыннага фонду, народны артыст Расіі Юрый Розум. Лірычнага настрою вечару дадасць паэтэса Анастасія Лебедзева.
Ніна ШЧАРБАЧЭВІЧ.
Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.
Амаль тысяча дзвесце чалавек сабраліся, каб вырашаць найважнейшыя пытанні развіцця краіны.
Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.