Вы тут

Перамог — рэкламуй!


Падведзены вынікі конкурсу «Лепшыя тавары Рэспублікі Беларусь» за 2014 год. Лаўрэатамі конкурсу прызнаны 253 тавары, якія выпускаюцца 145 арганізацыямі рэспублікі.

Так, у намінацыі «Харчовыя тавары» лепшымі сталі 166 найменняў прадукцыі 79 айчынных прадпрыемстваў. У намінацыі «Прадукцыя вытворча-тэхнічнага прызначэння» вызначаны 52 тавары-пераможцы 41 прадпрыемства, і «Прамысловыя тавары для насельніцтва і вырабы народных промыслаў» – 29 тавараў, што выпускаюцца 21 арганізацыяй.

Звання лаўрэата конкурсу ў намінацыі «Паслугі насельніцтву» ўдастоены ВРУП «Брэстаблгаз», РУП «Гомельэнерга», ТАА «Выдавецкі дом «Вячэрні Гомель-Медыя», РУП «Нацыянальны аэрапорт Мінск», КДУП «Мінскі метрапалітэн», ЗАТ «Белзамежбуд».

Статус «Навінка года», заснаваны з мэтай стымулявання выпуску новых відаў прадукцыі, паляпшэння яе характарыстык і ўласцівасцяў, прымянення сучасных тэхналогій і матэрыялаў, прысуджаны 18 таварам рознага прызначэння.

– Многія прадпрыемствы рэспублікі з году ў год удзельнічаюць у конкурсе і перамагаюць ў ім, стабільна забяспечваючы высокі ўзровень якасці прадукцыі, пашыраючы яе асартымент, удасканальваючы спажывецкія ўласцівасці, ужываючы сучасныя віды ўпакоўкі, – падкрэслілі ў прэс-службе Дзяржстандарта. – У ліку такіх прадпрыемстваў ААТ «Савушкін прадукт», ААТ «Маларыцкі кансервава-агароднінасушыльны камбінат», ААТ «Малочны Свет», Ваўкавыскае ААТ «Беллакт», СП ААТ «Спартак», СААТ «Камунарка», ААТ «Барысаўскі мясакамбінат», ААТ «Бабуліна крынка» – кіруючая кампанія холдынгу «Магілёўская малочная кампанія» «Бабуліна крынка», СТАА «Белвест», ЧП «Сан Марка», ТАА «Завод аўтамабільных прычэпаў і кузаваў «МАЗ-Купава» ды інш.

Як адзначылі ў прэс-службе Дзяржстандарта, асаблівую ўвагу спажыўцы надаюць прадуктам здаровага харчавання, і айчынныя вытворцы ўлічваюць гэтую тэндэнцыю. Дарэчы, у ліку пераможцаў рэспубліканскага конкурсу ёсць адразу некалькі тавараў гэтай лініі – сухія снеданні (філіял ААТ «Берасцейскі пекар» Ганцавіцкі хлебазавод, ААТ «Лідскія харчовыя канцэнтраты»), біянапітак (ААТ «Бярозаўскі сыраробны камбінат»), смятана з харчовым валакном (ААТ «Малочны Свет») і інш.

У конкурсным руху за лепшыя тавары актыўна ўдзельнічаюць арганізацыі малога і сярэдняга бізнесу, якія прапануюць канкурэнтаздольную, у тым ліку імпартазамяшчальную, прадукцыю.

Арганізацыям, тавары якіх удастоены звання лаўрэата, будуць уручаны дыпломы і дадзена права размяшчэння лагатыпа конкурсу на таварах і іх упакоўцы, а таксама ў дакументацыі і рэкламных матэрыялах.

– Конкурс накіраваны на тое, каб выдзеліць тую прадукцыю, якая можа быць вызначана лепшай. Гэта прадукцыя, якая павінна валодаць пэўнымі спажывецкімі характарыстыкамі, бясспрэчна, быць якаснай, вядомай, а таксама шырока выкарыстоўваемай у нашай краіне і за яе межамі. Адметнай асаблівасцю гэтага конкурсу з’яўляецца тое, што падводзячы вынікі, акрамя спажывецкіх характарыстык, экспертная камісія ўвагу надае і таму, як выпускалася прадукцыя, ацэньвае стабільнасць вытворчасці, –адзначыла дырэктар Беларускага дзяржаўнага інстытута стандартызацыі і сертыфікацыі (БелДІСС) Ірына АСМОЛА. 

Даведка.

Рэспубліканскі конкурс «Лепшыя тавары Рэспублікі Беларусь» праводзіцца штогод, пачынаючы з 2002 года, па сумеснай ініцыятыве Дзяржстандарту, абласных выканаўчых камітэтаў і Мінгарвыканкама. Ён накіраваны на інфармаванне насельніцтва і арганізацый аб якаснай айчыннай прадукцыі і паслугах у інтарэсах іх прасоўвання на ўнутраным і знешнім рынках; садзейнічанне забеспячэнню спажывецкага рынку рэспублікі высакаякаснымі і канкурэнтаздольнымі айчыннымі таварамі; выяўленне новых, больш дасканалых відаў прадукцыі, з палепшанымі характарыстыкамі, што выпускаюцца з прымяненнем прагрэсіўных тэхналогій.

Удзельнічаць у конкурсе могуць юрыдычныя асобы незалежна ад формаў уласнасці і індывідуальныя прадпрымальнікі, зарэгістраваныя ва ўстаноўленым парадку ў Рэспубліцы Беларусь.

Конкурс праводзіцца ў два этапы.

На першым этапе абласнымі конкурснымі камісіямі вызначаюцца тавары-фіналісты, і ў іх ліку – тавары, якія прэтэндуюць на прысуджэнне статусу «Навінка года», для наступнага прадстаўлення звестак у сакратарыят Рэспубліканскай конкурснай камісіі.

Ацэнка заяўленых тавараў ажыццяўляецца ў адпаведнасці з усталяванай методыкай. Так, эксперты конкурсу, акрамя спажывецкіх характарыстык прадукцыі, ацэньваюць яе па цэлым блоку паказчыкаў, якія тычацца працэсу вытворчасці і ўжывальных тэхналогій, якія выкарыстоўваюцца сыравіны і матэрыялы, захавання нарматыўных патрабаванняў у галіне бяспекі і якасці, а таксама экалогіі і энергазберажэння. Улічваецца і сацыяльная значнасць тавару-прэтэндэнта, рынкі яго збыту і маркетынгава-рэкламнае суправаджэнне. Такія крытэрыі дазваляюць усебакова ацаніць заяўленую прадукцыю.

На другім этапе на аснове прадстаўленых матэрыялаў рэспубліканскай конкурснай камісіяй падводзяцца канчатковыя вынікі конкурсу па прысуджэнні таварам звання лаўрэата і статусу «Навінка года».

Звесткі аб таварах-лаўрэатах і іх вытворцах размяшчаюцца на сайце Дзяржстандарту (www.gosstandart.gov.by) і ў штогадовым ілюстраваным каталогу «Лепшыя тавары Рэспублікі Беларусь», які рассылаецца ў прадстаўніцтвы нашай краіны за мяжой.

Дар’я ШОЦІК

Выбар рэдакцыі

Грамадства

У чым пайсці на выпускны баль?

У чым пайсці на выпускны баль?

 Паглядзім, што раяць стылісты і што рэальна набыць у нашых шыротах, пажадана не ўганяючы бацькоў у даўгі.

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Для Цяльцоў гэты тыдзень будзе напоўнены справамі і клопатамі, звязанымі са сваякамі ці дзецьмі. 

Спорт

Які наш спорт сёння?

Які наш спорт сёння?

«З кожным днём сітуацыя ў свеце мяняецца так, што ў вялікай ступені гэта закранае і спорт».